Каталіцкі святар, эрытрэйскі эмігрант Мусі Зэраі — адзін з сёлетніх прэтэндэнтаў на Нобелеўскую прэмію міру. У спісах букмекераў яго прозвішча займае першы радок, нават апярэджваючы Папу Францішка. Чым жа вядомы гэты святар?
«Людзі паміраюць у моры, бо ніяк не абароненыя»
Апошнія сем месяцаў мабільнік святара Мусі Зэраі звоніць амаль што без перапынку. Большасць званкоў — з лодак у Міжземным моры, якія перавозяць на сваім борце тысячы нелегальных мігрантаў.
Нумар тэлефона гэтага 40-гадовага мужчыны ведае, відаць, кожны жыхар Афрыкі, які хоць раз думаў пра эміграцыю. Яго нумар запісваюць на сваіх далонях бежанцы, сядаючы на баржы, што плывуць у Еўропу.
Калі лодка або баржа трапляюць у шторм і перапоўненае людзьмі судна перакульваецца, нумар Мусі Зэраі — іх апошняя надзея…
Святар звязваецца з італьянскімі ўладамі, каб арганізаваць выратавальную аперацыю. Паводле звестак італьянскай берагавой аховы, дзякуючы своечасовым званкам Зэраі было выратавана не менш як пяць тысяч афрыканскіх мігрантаў.
«Людзі ў роспачы паміраюць у моры, таму што альтэрнатывы баржам проста няма, — распавядае Мусі Зэраі. — Яны ніяк не абароненыя. Для тых, хто бяжыць ад вайны і пераследу, адзіны спосаб выжыць — гэта даверыцца ўладальнікам тых баржаў.
Да таго часу, пакуль гуманітарныя каналы не будуць наладжаны належным чынам і не будзе магчымасці хадайнічаць аб выдзяленні прытулку ў еўрапейскіх краінах — уладальнікі баржаў будуць працягваць зарабляць на нелегальнай транспарціроўцы мігрантаў у Еўропу», — дадае святар.
Мусі Зэраі родам з Эрытрэі. Гэта невялікая афрыканская краіна на мяжы Судана і Эфіопіі.
Будучы святар рос у Эрытрэі ў перыяд яе барацьбы за незалежнасць. Сёння Зэраі з'яўляецца пробашчам у адной з парафій у Ватыкане, а таксама нясе пастырскае служэнне ў Швейцарыі для тысяч эрытрэйскіх католікаў, якія жывуць там.
«Палітыкі размаўляць, размаўляюць, размаўляць… Але зменаў у палітыцы, звязанай з мігрантамі, няма. І таму кожны год мы вымушаныя назіраць адно і тое ж, — даводзіць святар. — Праз некалькі месяцаў пасля карабельных катастроф, якія забіраюць сотні і тысячы жыццяў, пра іх ніхто ўжо не памятае… Немагчыма ўявіць, каб людзі прымалі гэта, нібыта як звычайна, быццам так і трэба. Але гэта не проста катастрофы…»
Першае сведчанне веры дала бабуля
Зэраі нарадзіўся ў 1975 годзе ў Асмэры, сённяшняй сталіцы Эрытрэі. Яго бацька быў інжынерам. Калі хлопчыку было пяць, пры родах памерла яго маці. Праз два гады паліцыя арыштавала яго бацьку, які, збегшы з турмы, трапіў у Італію. Увесь гэты час Зэраі і яго семярых братоў і сясцёр гадавала бабуля, якая, паводле прызнання Зэраі, і дала яму першае сведчанне веры.
Бабуля была веруючай і брала дзяцей з сабой на Імшы. Будучы хлопчыкам, Зэраі шмат часу праводзіў у касцёле. Але не толькі на Імшы: ён гуляў тут у валейбол і футбол, спяваў у хоры.
Святары, якім прысуджалі Нобелеўскую прэмію міру:
1996 — Карлуш Белу (Інданезія), каталіцкі біскуп (сумесна з Жазэ Рамуш-Орта) — «За высілкі па справядлівым і мірным вырашэнні канфлікту ў Паўночным Тыморы»
1984 — Дэсманд Туту (ПАР), англіканскі арцыбіскуп Кейптаўнскі і першы чарнаскуры біскуп у ПАР, «За мужнасці і гераізм, праяўленыя ў барацьбе супраць апартэіду»
1958 — Джордж Пір (Бельгія) на фота, манах дамініканін, «За дапамогу бежанцам»
1930 — Ларс Сёдзерблум (Швецыя), лютэранскі арцыбіскуп Упсалы
1996 — Карлуш Белу (Інданезія), каталіцкі біскуп (сумесна з Жазэ Рамуш-Орта) — «За высілкі па справядлівым і мірным вырашэнні канфлікту ў Паўночным Тыморы»
1984 — Дэсманд Туту (ПАР), англіканскі арцыбіскуп Кейптаўнскі і першы чарнаскуры біскуп у ПАР, «За мужнасці і гераізм, праяўленыя ў барацьбе супраць апартэіду»
1958 — Джордж Пір (Бельгія) на фота, манах дамініканін, «За дапамогу бежанцам»
1930 — Ларс Сёдзерблум (Швецыя), лютэранскі арцыбіскуп Упсалы
Па суботах манахі бралі яго з сабой у магазін, каб купіць прадукты. Рана страціўшы бацькоў, Зэраі бачыў, што святары, пакінуўшы ўсё ў адзін дзень, маглі мець сям’ю братоў, і гэта было чарговым адкрыццём для яго.
Калі юнаку было 14, ён сказаў бабулі, што хоча стаць святаром. Бабуля звярнулася да біскупа, але сваю згоду павінен быў даць і бацька Мусі Зэраі — для гэтага Зэраі адмыслова быў выкліканы бацькам у Рым…
Рым быў зусім не падобны да роднага горада Зэраі. Тут ён мог пайсці куды заўгодна, не асцерагаючыся арышту. Але нетыповая знешнасць звяртала на сябе ўвагу: хлопцу даводзілася выслухоўваць і расісцкія выказванні ў свой адрас…
Падпрацоўваючы гандляром гародніны, юнак дапамагаў аднаму святару-англічаніну ў працы з мігрантамі. Як перакладчык. А ў хуткім часе ён навучыўся вельмі добра разбірацца ў пытаннях атрымання віду на жыхарства для мігрантаў, медыцынскіх карт, пенсій, падаткаў і інш.
Пазней Мусі Зэраі вырашае ўступіць у Кангрэгацыю місіянераў св. Карла (скалабрыніяне) — манахаў, якія дапамагаюць мігрантам.
«Я памятаю яго як чалавека з глыбокай чулліваасцю, выдатнай духоўнасцю і вялікай увагай да іншых — ён не быў абыякавым да чужых людзей», — згадвае Мусі Зэраі адзін са святароў у Рыме.
Праца з бежанцамі прывяла пераканала Мусі Зэраі ў тым, што цяжкасці, з якімі сутыкаюцца мігранты, часцей за ўсё ўзнікаюць праз бюракратыю. Ён пачаў арганізоўваць вулічныя дэманстрацыі ў падтрымку правоў мігрантаў і лабіраваць пытанне дапамогі бежанцам у ЕС.
«Я проста чалавек, які спрабуе нешта зрабіць»
Лампедуза. Італьянскі вулканічны востраў у Міжземным мовы. Прыгожая фаўна, вапна, неўрадлівая глеба і тысячы нелегальных мігрантаў, якія спрабуюць пераправіцца праз Міжземнае мора.
Паводле даных ААН па справах бежанцаў, у 2014 годзе праз Міжземнае мора на розных лодках пераправілася не менш за 218 тысяч мігрантаў. Пры гэтым каля 3 800 патанула падчас крушэння судоў…
У красавіку 2015 года ў 70 мілях ад вострава адбылося крушэнне карабля, на якім знаходзілася ад 700 да 950 нелегальных мігрантаў. У катастрофе выжыла толькі 28 чалавек.
Святара Мусі Зэраі самі мігранты часта называюць выратавальнікам, збаўцам.
«Я не Збаўца свету, — кажа святар. — Збаўца свету — Езус Хрыстус. Я проста чалавек, які спрабуе нешта зрабіць. І калі штосьці атрымліваецца, я цешуся, але стараюся ніколі не забывацца, кім я ёсць».
Падрыхтаваў Ілья Лапато
PS. Хто атрымліваў Нобелеўскую прэмію міру ў апошнія тры гады?
2014 — Малафа Юсуфзай (Пакістан) і Кайлаш Сат’яртхі (Індыя), «За барацьбу супраць прыгнёту дзяцей і моладзі і за правы дзяцей на адукацыю»
2013 — Арганізацыя па забароне хімічнай зброі, «За велізарныя высілкі па ліквідацыі хімічнай зброі»
2012 — Еўрапейскі саюз, «За шэсць дзесяцігоддзяў абароны правоў чалавека ў Еўропе і доўгатэрміновую ролю ў аб’яднанні кантынента»
2013 — Арганізацыя па забароне хімічнай зброі, «За велізарныя высілкі па ліквідацыі хімічнай зброі»
2012 — Еўрапейскі саюз, «За шэсць дзесяцігоддзяў абароны правоў чалавека ў Еўропе і доўгатэрміновую ролю ў аб’яднанні кантынента»