Пошук

11.02.2019 11:40   Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by
Фота кс. Юрый Марціновіч

Ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда, калі адзначаецца Сусветны дзень хворых, біскуп Юзаф Станеўскі дзеліцца сваімі думкамі і пачуццямі адносна сэнсу хваробы і цярпення.

Дарагія браты і сёстры!

Наша надзея ў імені Пана, які стварыў неба і зямлю. Мы верым ва ўскрасеннне Сына Божага Езуса Хрыста. Ён уваскрос і жыве сярод нас. Яго прысутнасць мы адчуваем кожны дзень і да Яго кожны дзень імкнемся, набліжаемся.

Жыццё і смерць кладу перад табою, кажа Бог. Без Вялікай пятніцы не было б нядзельнага ранку Уваскрасення. А пятніца Езуса — гэта цярпенне і смерць. Мы дзякуем Яму за Крыж і раны Ягоныя. Мы прагнем наследаваць Хрыста, бо інакш не атрымаем вечнай узнагароды.

Аднак калі чалавек бачыць цярпенне і хваробу побач, то задаецца адвечным пытаннем: цікава, хто зграшыў: ён ці бацькі яго; за што Бог яго пакараў?

Хворыя пілігрымы ў Люрдзе. Фота The Telegraph

Вядома, што шмат зла і цярпення ў свеце з’яўляюцца вынікам граху чалавека, аднак існуе і цярпенне без граху, нявіннае. На гэта ёсць доказы. Паслухайце Евангелле паводле Яна:

Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння. Вучні спыталіся ў Яго, кажучы: «Раббі, хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сляпым? Езус адказаў: «Ні ён не зграшыў, ні бацькі ягоныя, але сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя» (Ян 9, 1–4).

Такім чынам, па словах Езуса, выяўленне прычыны цярпення не з’яўляецца першачарговай мэтай. Сутнасць цярпення — «каб выявіліся праз яго справы Божыя».

Езус аздараўляе хворую жанчыну. pastorpaul-cco.blogspot.com

Таму, дарагія, каб знайсці адказ на пастаўленае намі пытанне аб сэнсе і прычыне цярпення чалавека, Бог адсылае нас да цярпення, мукі і смерці Езуса, Божага Сына. Як разважае на гэтую тэму Поль Кладэль: «Бог замест таго, каб знішчыць цярпенне з зямлі, сам цярпеў. Ён не прыйшоў, каб вытлумачыць цярпенне; Бог прыйшоў, каб цярпенне напоўніць сваёю прысутнасцю. Такім чынам, зло і цярпенне — гэта драма не толькі чалавека, але і Бога».

Падчас войнаў і пераследу часта задаюць пытанне: дзе быў Бог? Святы Ян Павел II аднойчы адказаў на такога кшталту пытанне так: «Езус быў з церпячымі і паміраючымі, Ён іх ніколі не пакідаў».

Маці Божая Люрдская. Фота CNA

Браты і сёстры! Штогод мы молімся за хворых і церпячых 11 лютага, ва ўспамін Маці Божай з Люрда.

Больш за тое, мы самі «вышукваем» у сябе і іншых хваробы, каб магчы прыступіць да сакрамэнту намашчэння хворых. Здзяйсняем пілігрымкі да святых месцаў і просім Бога аб цудзе. Шукаем вінаватых у нашых хваробах, зазіраем у мінулае, каб знайсці тлумачэнне.

Пан жа кажа нам, што гэта ўсё для таго, «каб выявіліся справы Божыя».

Сёння ўсё больш састарэлых людзей, пакінутых і забытых сваімі роднымі. Датычыцца гэта і хворых дзяцей. З'яўляюцца хоспісы, без якіх немагчыма пераадолець цяжкі шлях хваробы. Найбольшай бядой у гэтым становішчы з’яўляецца пытанне чалавека: дзе Бог? Бог жа нам адказвае, як заўсёды: «Я з церпячым. А дзе ты?»

Фота кс. Юрый Марціновіч

Цярпенне і хваробу можа пераадолець толькі любоў. Яна надае ўсяму сэнс і дапамагае пераадольваць усе пакуты.

Драма чалавека не ў тым, што ён церпіць, а ў тым, што ён самотны ў цярпенні.

Вядома, што не кожны можа трываць разам з церпячым, не кожнаму гэта па сілах. Аднак нельга пакідаць у такі час чалавека аднаго.

У нашай краіне вельмі актыўна развіваецца валанцёрства. Гэта — «жывыя лекі» ад на многіх захворванняў і праблем. Жывыя, бо гэта — далоні і сэрца чалавека, які ахвяруе свой час і любоў іншаму без чакання ўдзячнасці (хоць яна заўсёды прысутнічае з боку патрабуючага). Гэта прысутнасць з чалавекам, які думае, што застаўся сам-насам з бядой.

Ілюстрацыйнае фота. novychas.by

Ці ведалі вы, што можна наведаць хворага проста так, каб пагаварыць з ім, каб падзяліцца цеплынёй свай далоні? А ранняй вясной наведаць старэнькага дзядулю або бабулю, каб зрабіць яснейшым іх дзень памытымі шыбамі ў акне?

Жадаю ўсім вам не хварэць на бяздушнасць.

Абноўлена 11.02.2019 11:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа