У дзень літургічнага ўспаміну св. Яна Боско, заснавальніка Таварыства св. Францішка Сальскага, або законніцкай супольнасці салезіянаў, знаёмімся з гісторыяй першага на нашых землях касцёла, асвячанага ў гонар гэтага святога сябра моладзі.
Калі чыгункай едзеш з Ліды да Гродна, па дарозе мінаеш маленькую станцыю пад назваю «Курган». На гэтай станцыі цягнік амаль ніколі не спыняецца, а навокал відаць толькі палі і лясы.
Цікава, ці задумаўся хто-небудзь, што гэта за станцыя такая знаходзіцца тут, сярод чыстага поля?..
Калісьці Курган быў адным з фальваркаў Рэчы Паспалітай у складзе Лідскага ваяводства. У самім фальварку было няшмат жыхароў, але навокал былі хутары, на якіх жылі і працавалі людзі. Тут знаходзіўся і двор мясцовай засцянковай шляхты — паноў Жураўскіх.
У 1925 г. сёстры Алена і Марыя Жураўскія ахвяравалі салезіянам, якія займаліся выхаваўчай дзейнасцю ў віленскіх майстэрнях, невялікі маёнтак на Лідчыне. Гэта і быў фальварак Курган і 110 гектараў зямлі пры ім. Зямлю перадалі законнікам на ўмовах часовага карыстання, каб яны мелі з яе даход і такім чынам падтрымлівалі дзейнасці сваіх сабратоў у Вільні.
Толькі ў 1932 г. салезіяне набылі Курган ва ўласнасць. Набыты імі сядзібны дом — твор драўлянага дойлідства, пабудаваны на ўзор тыповых сядзібаў дробнай шляхты на нашых землях, — меў даволі вялікія памеры. Аднак задуму стварыць тут дзіцячы дом для сіротаў не ўдалося рэалізаваць, паколькі фальварак знаходзіўся ў 3,5 км ад чыгуначнай станцыі, у 8 км ад пошты і на такой самай адлегласці ад парафіяльнага касцёла ў Белагрудзе.
Займаючыся тут гаспадарчай дзейнасцю, салезіяне бачылі вялікую патрэбу ў душпастырскай апецы для мясцовага насельніцтва.
У 1933 г. у Кургане быў заснаваны філіяльны дом віленскага кляштара салезіянаў з мэтай весці тут душпастырскую працу.
Першым салезіянінам, які прыбыў на служэнне ў Курган, стаў кс. Ігнацый Васілеўскі SDB. Праз некаторы час да яго далучыліся каад’ютары (законныя браты) Ігнацый Вольны і Ігнацый Янік. Тры Ігнацыя распачынаюць дзейнасць сярод духоўна занядбаных тутэйшых жыхароў. Законныя браты больш займаліся гаспадаркай, а святар пачаў збіраць аўчарню Хрыстовых авечак вакол былога маёнтка Жураўскіх.
1 красавіка 1934 г. папа Пій ХІ абвяшчае Яна Боско святым. З гэтай нагоды настаяцелі салезіянаў вырашылі пабудаваць у яго гонар касцёл, які павінен быў стаць перашй святыняй на тэрыторыі Рэчы Паспалітай з такім тытулам. Месцам будаўніцтва касцёла быў выбраны менавіта Курган.
Мясцовасць была вельмі беднай, таму ў якасці будаўнічага матэрыялу стала дрэва, якога хапала ў навакольных лясах. Яго набылі на сродкі ахвярадаўцаў.
Будаўніцтва доўжылася толькі год, і ўжо 15 кастрычніка 1935 г. у Кургане адбылося ўрачыстае асвячэнне касцёла пад тытулам св. Яна Боско.
Рэктарам новаасвячанага касцёла стаў яго будаўнік кс. Ігнацый Васілеўскі.
Касцёл св. Яна Боско ў Кургане быў творам народнага драўлянага дойлідства. Прамавугольны ў плане будынак святыні меў плоскую алтарную сцяну ззаду і невялічкі ганак-бабінец спераду. Святыня была накрыта двусхільным бляшаным дахам з сярэдніх памераў вежай-сігнатуркай з боку пярэдняга фасаду.
Вежачка была накрыта шатровым дахам з мядзяным крыжам у звянчэнні. На вежы таксама знаходзіўся звон «Ян Боско», які склікаў мясцовых жыхароў на малітву. Сцены касцёла і вежы былі ашаляваныя драўлянымі дошкамі. Па баках алтарнай часткі знаходзіліся дзве сакрыстыі.
Святыня была пастаўлена на высокім каменным падмурку з шырокімі сходамі перад уваходам. Унутры касцёл упрыгожвалі тры алтары, выкананыя ў салезіянскай майстэрні ў Вільні. У галоўным алтары быў размешчаны абраз Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, а ў бакавых — св. Яна Боско і Святой Сям’і.
У 1935 г. у Кургане быў афіцыйна заснаваны законны дом салезіянаў, а справай арганізацыі тут самастойнай парафіі заняўся новы рэктар касцёла кс. Юзаф Буяр SDB, які ў 1940 г. змяніў кс. Ігнацыя Васілеўскага і праз год быў прызначаны пробашчам.
Салезіяне наладжваюць тут паўнацэннае душпастырства, якім ахопліваюць 648 мясцовых жыхароў.
У Кургане праводзіцца пастаянная катэхізацыя дзяцей і дарослых, адбываюцца рэгулярныя Імшы і набажэнствы ў касцёле, заснаваны парафіяльны хор, пры кляштары дзейнічае невялічкая базавая школа для хлопцаў, дзе выкладаюць салезіяне.
Канчатковаму зацвярджэнню парафіі перашкодзіла Другая сусветная вайна і нацысцкая акупацыя.
На месца кс. Буяра ў Курган прыбыў кс. Францішак Цафалка SDB, аднак савецкая ўлада не згадзілася на служэнне салезіянаў і прымусіла іх пакінуць Курган. Выезд адсюль законнікаў стаў пачаткам упадку гэтай мясцовасці. Зямля, якая належала ордэну, сталі ўласнасцю калгаса.
Касцёл пэўны час стаяў зачынены, аднак у 1960 г. бязбожныя савецкія ўлады разабралі на дрэва першую на нашых землях святыню ў гонар св. Яна Боско.
Сёння сярод дрэваў і хмызнякоў відаць толькі каменны падмурак і ганак касцёла. Непадалёк знаходзіцца магіла забітых нацыстамі выхаванцаў, а воддаль ляжаць касцёльныя крыжы з мядзянымі цыбулінамі, якія цудам захаваліся, забытыя ў зарасніках. Салезіянскі дом, былы фальварак Жураўскіх, цяпер цалкам занядбаны і паступова разбураецца.
Гора-будаўнікі «светлай будучыні» без Бога насамрэч нічога не пабудавалі, а толькі разбурылі: нацысты забілі святароў, а камуністы знішчылі ўсё астатняе…
Курган цяпер цяжка знайсці. Аднак, нягледзячы на імкненне злой моцы знішчыць веру і рэлігію на нашай святой зямлі, памяць аб курганскім касцёле да гэтага часу жыве. Жыве таксама і памяць пра законнікаў — духоўных сыноў св. Яна Боско, якія калісьці прыйшлі на лідскую зямлю, каб у салезіянскай харызме сеяць Божае насенне.
Дзякуючы ахвярнай працы салезіянаў Курган стаў яшчэ адной рэліквіяй беларускай зямлі.
Рэліквіяй, якая сведчыць аб тым, як хаўруснікі зла жадалі выдаліць Бога з нашай памяці, аднак з сэрцаў Яго выдаліць не ўдалося. Падмурак першага на нашых землях касцёла св. Яна Боско самотна хаваецца сярод хмызнякоў. Ён выглядае, нібы Хрыстова грабніца, якая чакае цуду ўваскрасення.