Пошук

29.01.2019 17:44   біскуп Юзаф Станеўскі / Catholic.by

Беларускія ўдзельнікі Сусветных дзён моладзі ўжо вяртаюцца дадому з далёкай Панамы і па дарозе дзеляцца незабыўнымі ўражаннямі, якія ім давялося перажыць на гасціннай панамскай зямлі.

Акрамя таго, пра што мы пісалі на нашым сайце падчас СДМ, шмат што засталося як быццам «за кадрам».

Гэта мноства цікавых сустрэч, размоў, пачуццяў, а таксама культурная і турыстычная праграма, на якую заставалася крыху часу сярод насычанымі духоўнымі падзеямі дзён.

Адным з такіх другарадных, але па-свайму цікавых і важных мерапрыемстваў стала наведванне пілігрымамі Гарадскога прыроднага парку (Parque Natural Metropolitano) — куточка дзікай прыроды, размешчанага непасрэдна ў сталіцы краіны Панама-сіці. У парку можна было пахадзіць пад кронамі экзатычных дрэваў — прадстаўнікоў карэннай фаўны цэнтральнаамерыканскага рэгіёна, па галінах якіх скакчуць невялікія малпачкі — тамарыны, а таксама паслухаць спевы рэдкіх птушак.

Ёсць у панамскай сталіцы і помнікі архітэктуры, пабудаваныя тут перасяленцамі з Еўропы, якія прынеслі мясцоваму насельніцтву святло Евангелля. Упершыню еўрапейцы трапілі сюды на самым пачатку XVI ст. У 1502 г. Хрыстафор Калумб даследаваў усходняе ўзбярэжжа Панамы падчас свайго чацвёртага падарожжа ў Новы свет, а праз 10 гадоў Васко Нуньес дэ Бальбоа перайшоў Панамскі перашыек і стаў першым еўрапейцам, які ўбачыў Ціхі акіян з усходу.

Сённяшняя сталіца Панамы з такой самай назвай была заснавана роўна пяцьсот гадоў таму, у 1519 г.

У мясцовым краязнаўчым музеі беларускія ўдзельнікі СДМ пазнаёміліся таксама з культурай, якая існавала тут да еўрапейцаў, калі тэрыторыю сучаснай Панамы насялялі нешматлікія плямёны індзейцаў куна, чока і гуаямі. На поўдні краіны існавала багатая мясцовая культура з развітымі традыцыямі вырабу металічных прадметаў і керамікі.

Такім чынам, Сусветныя дні моладзі — гэта не толькі непаўторны духоўны досвед, але таксама магчымасць пазнаёміцца з іншымі народамі, іх гісторыяй і культурай, каб навучыцца паважаць адзінства створанай Богам чалавечай сям’і ва ўсёй яе вялікай разнастайнасці.

Абноўлена 29.01.2019 19:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця