Пошук

05.01.2019 08:42   Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by

Ілюстрацыйнае фота. Financial Reporter

«Дазвольце, дарагія, звярнуцца да вас з пажаданнем, якое з’яўляецца адначасова і заданнем: гэта тэма душпастырскага 2019 года ў Касцёле на Беларусі, які праходзіць пад дэвізам „Сям’я — крыніца радасці і надзеі для моладзі“», — піша біскуп Юзаф Станеўскі.

Дарагія браты і сёстры! Вітаю вас у новым 2019 годзе, у які мы запрошаныя Панам Богам.

Напэўна, ужо павешаны новы каляндар і з яго ўжо сарваныя першыя карткі. Дні сталі даўжэйшымі, а сонца ўзыходзіць усё вышэй, нібыта заклікаючы і нас падняцца на ўзровень вышэй у нашым вандраванні штодзённай дарогай Божых запаведзяў.

Таму міжволі мы вяртаемся да пачутых і выказаных святочных пажаданняў, памятаем таксама аб дадзеных абяцаннях нашым бацькам і родным падчас дзялення аплаткай.

Таму дазвольце, дарагія, звярнуцца да вас з пажаданнем, якое з’яўляецца адначасова і заданнем: гэта тэма душпастырскага 2019 года ў Касцёле на Беларусі, які будзе праходзіць пад дэвізам «Сям’я — крыніца радасці і надзеі для моладзі».

Ілюстрацыйнае фота. nlb.by

У гэтых словах дэвіза ёсць і сцвярджэнне, а таму і падзяка нашым сем’ям, але таксама пажаданне: каб нашыя сем’і былі крыніцай радасці і надзей не толькі для моладзі, але і для дзяцей, бацькоў, бабуляў і дзядуляў, а ў выніку каб былі падмуркам для «малой радзімы», якой у Беларусі быў прысвечаны 2018 год, бо Касцёл і краіна — гэта сям’я сем’яў.

Таму разам з вамі хацелася б падзякаваць за бацькоў і родных, за малітоўную памяць пра нашых дзядуляў і бабуляў, дзякаваць проста за родны дом, за гэтую атмасферу любові і згоды, разумення і ўзаемнай дапамогі.

Мы дзякуем і сумуем па доме, у якім любоў — гэта як хлеб штодзённы, які прысутнічае кожны дзень на стале; прабачэнне i неабходнасць разумення — як глыток свежага паветра, які дадае ўнутранай энергіі; праўда, якая дае мір нашаму сэрцу.

Ілюстрацыйнае фота. Shutterstock

Сум аб шчасці і дабрабыце, мары аб багацці і супакоі — ці трэба іх саромецца? Таму Касцёл на Беларусі заклікае і абяцае прыкласці намаганні, каб нашыя мары аб «сям’і як крыніцы радасці і надзей» здзейсніліся ў нашым грамадстве. Мы ведаем, што трэба прыкласці шмат намаганняў, каб гэтыя планы здзейсніліся, але мы павінны разумець, што трэба быць актыўнымі ўдзельнікамі, а не пасіўнымі назіральнікамі. Сёння патрэбна не крытыка, а супрацоўніцтва ўсіх «людзей добрай волі» ў рэалізацыі гэтай мэты.

На чым стаім, мы ведаем, бо чытаем статыстыку і слухаем навіны. Сям’я як крыніца дабра і прытулак чалавека — пахіснулася. Сем’я, у якой муж і жонка спавітыя малітвай благаслаўлення ў святыні і зарэгістраваныя ў ЗАГСе, — малее. Сям’я, у якой тата і мама перадаюць дар новага жыцця згодна з Божым планам, пачынае матэматычныя разлікі — «зарана, замнога, забедна». Сям’я як бяспечнае месца для хворых дзяцей і састарэлых бацькоў замыкаецца ўсё часцей.

Ілюстрацыйнае фота. Krynica.info

Браты і сёстры, любыя бацькі! У гэтым душпастырскім годзе мы будзем мець магчымасць пазнаёміцца з многімі дакументамі, выдадзенымі Касцёлам аб сям’і, шмат будзе і рэлігійных мерапрыемстваў, звязаных з гэтай тэматыкай. Аднак словы застануцца толькі словамі, калі пісанае атрамантам на паперы не ажыццявіцца сэрцам, а пачутае на канферэнцыі ці ў казанні не знойдзе месца ў нашым штодзённым жыцці.

Таму заклікаем вас: не бойцеся быць мудрымі будаўнікамі свайго дома і шчасця, вашай сям’і, не бойцеся будаваць на скале — гэта значыць на Хрысце. Не бойцеся таксама будаваць свой дом у Касцёле і з Касцёлам.

Ілюстрацыйнае фота. katolik.life

Ад імя дзяцей і моладзі прашу вас, дарослыя, зрабіце ўсё, каб нашая беларуская сям’я, малая Радзіма, была моцная Богам, спавітая любоўю, была гарантам справядлівасці і прытулкам грэшнікаў. Ад вас, ад вашага велікадушнага прабачэння сужэнцу, залежыць радасць дзяцей і іх надзея на аднаго Тату і адну Маму.

Сям’я — добрая справа, калі ўсе маюць у ёй сваё месца і спаўняюць сваё пакліканне, на якое кожнага натхняе Пан Бог.

Св. Ян Павел ІІ. kozal.gniezno.pl

Заклікаю ўсіх да малітвы словамі святога Яна Паўла аб сям’і як крыніцы радасці і надзеі для моладзі:

Божа, ад Цябе паходзіць усялякае бацькоўства ў небе і на зямлі. Ойча, Ты з’яўляешся Любоўю і Жыццём, учыні, каб нашая сям’я і кожная чалавечая сям’я на зямлі праз Твайго Сына, Езуса Хрыста, «народжанага з Жанчыны», і праз Духа Святога станавілася сапраўдным прыкладам жыцця і любові для новых пакаленняў. Учыні, каб Твая ласка скіроўвала нашыя думкі і ўчынкі да дабра нашай уласнай сям’і і на карысць усіх сем’яў у свеце. Учыні, каб новае пакаленне знаходзіла ў нашых сем’ях моцную апору для сваёй чалавечнасці і развіцця ў праўдзе і любові. Учыні, каб любоў, узмоцненая ласкаю сакрамэнту сужэнства, была мацнейшая за ўсялякія слабасці і крызісы, праз якія часта праходзяць нашыя сем’і. Урэшце, просім Цябе праз заступніцтва Святой Сям’і з Назарэта, учыні, каб Касцёл сярод усіх народаў на зямлі мог плённа выконваць сваю місію ў сем’ях і праз сем’і. Ты, які з’яўляешся Жыццём, Праўдаю і Любоўю, у еднасці Сына і Духа Святога. Амэн.

(Ян Павел ІІ, Сінод Біскупаў на тэму сям’і, 1980 г.)

Абноўлена 05.01.2019 08:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця