Пошук

21.12.2018 08:42   Тэкст: Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by

«Слова, якое нас збавіла і асвячае, няхай будзе з усімі намі ў жыцці і на нашых вуснах, каб такім чынам наш свет станавіўся больш Божым, чалавечым і прыгожым», — піша ў сваім блогу напярэдадні Божага Нараджэння біскуп Юзаф Станеўскі.

Дарагія браты і сёстры!

Вось і падыходзіць да заканчэння Адвэнт 2018 года, падчас якога мы рабілі простымі нашыя дарогі і раўнялі пагоркі, адкрывалі сэрцы на ласку і дзяліліся дабром — словам, «не сядзелі, склаўшы рукі».

Яшчэ некалькі дзён, і мы пачуем словы з Евангелля паводле Яна: «На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога на пачатку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей» (пар. Ян 1, 1–4).

Мы разумеем, што святы Ян вядзе гаворку пра Слова, якое сталася Целам і пасялілася між намі, — пра нараджэнне Збаўцы нашага Езуса Хрыста.

Фота Віталія Палінеўскага

Слова Божае ажыўляе і накіроўвае, заахвочвае і прабачае, вучыць і настаўляе. Праз сваё слова Бог трапляе ў чалавечае сэрца і наталяе яго сваёю ласкаю.

Праз сваё слова «Няхай станецца» Бог стварыў чалавека «на свой вобраз і падабенства», адарыў здольнасцю выказваць свае думкі, а тым самым весці дыялог з Ім і паміж людзьмі. За гэты дар мы замала дзякуем Богу. Можа, таму, што існуе сярод людзей прымаўка: «язык мой — вораг мой» або «слова не птушка, скажаш — не зловіш»?..

Нашыя адносіны з іншым чалавекам — а гэта і ў сем’ях, і на працы, і проста на вуліцы — адбываюцца звычайна з дапамогаю мовы, словаў. І ў гэтым, здаецца, нічога новага, гэта — звычайны для людзей спосаб камунікацыі.

Аднак, прыслухоўваючыся (не дзеля таго, каб даведацца пра таямніцы або са звычайнай чалавечай цікаўнасці) да гучнай размовы бацькоў і дзяцей, напрыклад, у краме або аўтобусе, здараецца пачуць словы, якія не павінны выходзіць з вуснаў дарослых, а таксама дзяцей. Найчасцей увагу асяроддзя звяртае на сябе моладзь, якая гучна размаўляе між сабой.

Рэч у тым, што выказваюцца яны не ў парыве гневу, калі чалавечыя словы апярэджваюць думкі, а ў штодзённым жыцці. Хтосьці скажа: добра, што яшчэ размаўляюць, а не пішуць адзін да аднаго паведамленні ў сацыяльных сетках або высылаюць гатовыя карцінкі праз Viber або WhatsApp. Згодны і з гэтым.

Фота Віталія Палінеўскага

Але, пачуўшы сённяшнюю размоўную лексіку многіх людзей, хочацца ўзгадаць яшчэ адну знаёмую нам мудрасць жыцця: «Гаворыць тое, што сліна на язык прынясе». Дарэчы, пра гэта нам даўно сказаў натхнёны аўтар у Кнізе Прыпавесцяў: «Плодам сваіх вуснаў чалавек насыціць нутро сваё, засмакуе ежу сваёй мовы. Жыццё і смерць у моцы языка, як хто яго ўжывае, такі і пажытак мае» (пар. Прып 18, 20–21).

Нашыя думкі і мары ажыццяўляюцца праз словы, а яны — нібыта цаглінкі, з якіх мы будуем будучыню, рэальны, бачны свет. Што пасееш, тое і жаць будзеш. Сеем церні, а спадзяемся на духмяную пшаніцу.

Браты і сёстры! Падчас святкавання ўрачыстасці Нараджэння Пана і сустрэчы Новага года мы будзем выказваць пажаданні; прыгожымі словам будзем жадаць нашым родным блізкім усяго найлепшага: шчасця, радасці, дабрабыту. А калі не хопіць нам словаў, скажам: «Няхай споўняцца ўсе твае пажаданні і мары».

Няхай будзе слова вашае «так-так», «не-не». А што звыш гэтага, тое ад злога (пар. Мц 5, 37).

Фота Віталія Палінеўскага

Дарагія браты і сёстры! Слова Божае, якое сталася Целам і ў якое мы паверылі; Слова, якое пасялілася між намі і адарыла нас сваёю любоўю, напоўніла нас надзеяй; Слова, якое нас збавіла і асвячае, няхай будзе з усімі намі ў жыцці і на нашых вуснах, каб такім чынам наш свет станавіўся больш Божым, чалавечым і прыгожым.

Благаслаўлёных святаў і шчаслівага Новага 2019 ад Пана года!

Абноўлена 21.12.2018 13:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця