1. «O Come, Emmanuel»
Знакамітая адвэнтавая мелодыя «Прыйдзі, прыйдзі, Эмануэль, з няволі вызваль Ізраэль» у выкананні дуэта амерыканскіх музыкантаў The Piano Guys ужо сабрала ў youtube больш за сем тысяч праглядаў.
Праект The Piano Guys быў створаны ў ЗША і сваю папулярнасць здабыў толькі дзякуючы інтэрнэту. Менавіта ў youtube музыканты выклалі сваё першае выступленне — кавер-версію песні «What makes you beautiful» гурта One Direction.
«Інтэрнэт зрабіў нас сёння тымі, хто мы ёсць, — прызнаўся ў інтэрв’ю нямецкай газеце “Lampertheimer Zeitung” адзін з удзельнікаў калектыва Джон Шміт. — Мы апынуліся ў патрэбным месцы ў патрэбны час. Фэйсбук і Youtube тады былі яшчэ новымі, але выкарыстоўваючы іх, мы ў адзін момант сталі вядомымі ва ўсім свеце».
Нягледзячы на тое, што дэбютны дыск The Piano Guys выйшаў толькі ў 2013 годзе, у рэпертуары музыкаў ужо больш за 100 песень.
Сярод відэаролікаў знакамітых музыкантаў — здымкі на Кітайскай сцяне, у афрыканскай пустыні, а таксама перад выявай Хрыста ў Рыа-дэ-Жанейра.
«Яшчэ б мы вельмі хацелі запісаць відэа ў рымскім Калізеі», — прызнаецца музыка. — Усё, што з намі здараецца, гэта самы сапраўдны цуд. Тое, як мы сталі знакамітымі — гэта проста неверагодна. Мы можам напісаць пра гэта кнігу!»
2. «Gloria, in Exelsis Deo»
Знакамітая калядка карыстаецца сапраўдным попытам у шматлікіх гуртоў і ў прыватнасці акапэла-выканаўцаў.
Адна з найлепшых версій гэтай песні запісана тым жа гуртом The Piano Guys разам з вакалістамі Пітэрам Холенсам і Дэвідам Архілетам. Прадстаўленая кампазіцыя ўяўляе сабой калядны мюзікл пра Божае Нараджэнне.
Куды больш акадэмічна вырашылі дзейнічаць выканаўцы з гурта Home Free.
Запісваючы відэа ў святыні, асноўны акцэнт яны зрабілі на сваіх галасах, забыўшыся пры гэтым на простыя правілы, якія веруючы хрысціянін заўважае адразу — адзін з салістаў гурта сядзіць у святыні ў каўбойскай шапцы…
Нягледзячы на тое, што ўдзельнікі калектыва нібыта і сядзяць на касцёльных лаўках, нічога не сведчыць аб сутнасці спеву. Складваецца ўражанне, што выканаўцы атрымліваюць задавальненне толькі ад свайго голасу.
У адрозненні ад The Piano Guys гэтае выступленне абмежаванае ў сваёй форме, а ўдзельнікі Home Free выкарысталі святыню толькі як дэкарацыю для запісу песні…
Кампраміснай версіяй паміж Home Free і The Piano Guys можна назваць кавер-версію гэтай песні яшчэ аднаго акапэла-гурта Pentatonix.
Удзельнікі калектыву запісалі песню шматгалоссем на фоне каляднай ёлкі. Асноўны акцэнт гэтага акапэла-калектыва таксама зроблены на галасах, аднак у іншай аранжыроўцы і ў адрознай ад Home Free галасавой падачы.
3. «O Holy Night»
Песню «O Holy Night», якую ў XIX стагоддзі напісаў француз Пласід Капа, у розныя часы выконвалі Энрыка Каруза, Крысціна Агілера, Мэрайа Кэры, Эла Фіцджэральд, Аўрыл Лавін, Марыя Калан, Селін Дыён, Уітні Х’юстан і шэраг іншых — у агульнай колькасці больш за 100 выканаўцаў.
Асаблівай называюць гэту песню і ў выкананні амерыканца Джошуа Гробана.
«У маім калядным альбоме “Nоёl” сабраныя песні з усяго свету. Дыск быў запісаны як прыемны падарунак для фанатаў, і той факт, што ён стаў нумарам адзін CD года, “узарваў” мой мозг», — казаў Гробан. Альбом стаў адным з лідараў па колькасці праведзеных радкоў у чарце Billboard.
4. «Mary, did you know»
«Ці ведала ты, Марыя, што тваё Дзіця
Аднойчы пойдзе па вадзе?
Ці ведала ты, Марыя, што тваё Дзіця
Прынясе выратаванне?»
Вакалісты гурта Pentatonix, гэтаксама як і ўдзельнікі гурта Home Free, выйшлі з аднаго і таго ж амерыканскага песеннага талент-шоу «The Sing-Off».
Pentatonix выйграў трэці сезон гэтага шоу і запісаў кантракт з гуказапісваючай фірмай Sony. У склад калектыва ўваходзіць пяць чалавек, якія выконваюць поп, дабстэп, электра, рэгі, хіп-хоп і інш.
Запісаная гуртом кампазіцыя «Mary, Did you know?» дайшла да 26-й старонкі Billboard Hot Top 100. Калядны альбом гурта «That's Chrismas to me» стаў самым папулярным святочным альбомам ад гурта за апошнія 50 гадоў.
5. «What Child is This»
Амерыканская скрыпачка і танцорка Ліндсі Стырлінг здабыла прыхільнасць публікі дзякуючы ўдзелу ў пятым сезоне праекта «Амерыка мае таленты». Сёння яе афіцыйны youtube-канал набраў больш за 5, 5 мільёнаў падпісчыкаў.
Сярод магчымых аўтараў мелодыі англійскай калядкі What Child is This гісторыкі музыкі называюць караля Англіі Генрыха VIII. Словы гімна напісаны ў XVII стагоддзі Вільямам Дзіксам, які напісаў іх пасля перанесенай хваробы і духоўнага навяртання да Бога.
Падрыхтаваў Ілья Лапато