Напярэдадні Божага Нараджэння на тэлебачанні ідуць фільмы, праводзяцца ток-шоу, а ў газетах выходзяць артыкулы, дзе актыўна абмяркоўваецца біблейская гісторыя з’яўлення на зямлі Збавіцеля.
У некаторых СМІ інфармацыя падаецца толькі з павярхоўнага пункту гледжання, які прэтэндуе на «навуковасць»; у іншых прысутнічаюць меркаванні тэолагаў і святароў.
Пытанні ад парафіянаў
Такое багацце інфармацыі выклікае мноства меркаванняў і ўзбуджае цікаўнасць, асабліва ў маладых людзей. Многія з іх спрабуюць знайсці адказ на хвалюючыя пытанні ў святара. Задаюць пытанні розныя, аднак аб’ядноўвае іх адно агульнае меркаванне — штучна створаная ўпэўненасць у існаванні нібыта «супрацьстаяння навукі і рэлігіі».
Разважаючы пра навуковыя даследаванні Бібліі, парафіяне просяць прабачэння ў святара за нязручныя пытанні. Ім здаецца, што яны складаныя, і святару цяжка будзе адказаць таму, што ім падаецца «навукаю».
Варта разабрацца: ці не састарэла меркаванне пра тое, што існуе супрацьстаянне навуковай і рэлігійнай думкі? Пра гэта я і вырашыў паразмаўляць з моладдзю.
З гісторыі супрацьстаяння
Ідэя барацьбы паміж навукай і рэлігіяй знаходзіць свае карані ў I ст. н.э. У творы «Юдэйскія старажытнасці» гісторык Юзаф Флавій пісаў, што Езус «здзейсніў дзівосныя дзеі і стаў настаўнікам тых людзей, якія ахвотна ўспрымалі ісціну».
Навука Хрыста стала новай філасофіяй для старажытнага свету; ведамі, да якіх не ўсе людзі былі гатовыя.
На першым Сусветным Саборы ў Нікеі ў 325 г. адбылося канчатковае аддзяленне хрысціянства ад юдаізму. Гэта паслужыла штуршком для стварэння новай, хрысціянскай сістэмы адукацыі. Вялікі ўнёсак у яе развіццё зрабіў Святы Аўгустын ў IV–V ст.
Першыя канфлікты рэлігіі і навукі
У 425 г. была адкрыта школа ў Канстанцінопалі, на базе якой у 855 г. быў створаны Канстанцінопальскі ўніверсітэт (Пандыдактырыён).
У яго мурах будучыя чыноўнікі, дыпламаты, военачальнікі вывучалі граматыку, рыторыку, філасофію, арыфметыку, геаметрыю, музыку і астраномію. Тады і з’явілася першае сур’ёзнае супрацьстаянне паміж навукай і рэлігіяй.
Першую спробу іх прымірэння зрабіў святы Тамаш Аквінскі ў XIII ст. Ён звязаў хрысціянскае веравучэнне з філасофіяй Арыстоцеля.
Эпоха Рэнесансу адзначылася пашырэннем у чалавека кругагляду, навуковымі пошукамі і адкрыццямі. Гэта прывяло да канфлікту паміж рэлігіяй і навукай. Грамадства зноў аказалася негатовым знаходзіць кампраміс.
Новае супрацьстаянне паміж навукай і рэлігіяй пачалося ў канцы XIX ст. Гэта тлумачыцца тым, што большасць навук, вядомых у сучасным свеце, сфармаваліся менавіта ў гэты час.
Канфлікт аказаўся на дзіва ўстойлівым і да гэтага часу выклікае ажыўленыя спрэчкі на тэлебачанні, радыё і ў інтэрнэце.
ХХ стагоддзе і пераломныя моманты
Доўгі час існавала меркаванне, што навука мае справу з фактамі, у той час як рэлігія — з верай. Ці не састарэлі гэтыя суадносіны ў сучасным свеце?
Навуковы свет моцна змяніўся. У пачатку XX ст. у навуцы панавала версія аб міфалагічным Езусе, паводле якой заснавальнік хрысціянства быў не больш чым літаратурны персанаж.
Асабліва моцна яна прапагандавалася ў часы атэізму ў Савецкім Саюзе. Практычна ў кожнай бібліятэцы СССР можна было знайсці літаратуру, у якой прыводзіліся доказы казачнасці Хрыста.
Аднак менавіта XX ст. карэнным чынам змяніла суадносіны навукі і рэлігіі, паказаўшы, што паміж імі няма рэальных супярэчнасцяў. Менавіта дзякуючы навуцы на сучасным этапе гісторыі чалавецтва «літаратурны персанаж» Хрыстус даказаў сваё рэальнае існаванне.
У 1961 г. група італьянскіх археолагаў пад кіраўніцтвам Антоніо Фрова раскапала антычны тэатр, на пліце якога часткова захаваўся надпіс: «Тыберыум ... Понцій Пілат, прэфект Юдэі ... прысвяціў».
Пліта была датавана навукоўцамі I ст. н. э. Так навука знішчыла міф пра тое, што Понцій Пілат, які вынес прысуд Хрысту, — сярэднявечная выдумка.
У 1968 г. у 30 кіламетрах ад згаданага ў Новым Запавеце Капэрнаўма манахі францішкане знайшлі руіны прыватнага дома сярэдзіны I ст. нашай эры.
На сценах яго былі нанесеныя надпісы са згадваннем Есуса і апостала Пятра. Яны сведчылі аб тым, што будынак выкарыстоўваўся для сустрэч першых хрысціянаў. У IV ст. на месцы дома, які шанаваўся хрысціянамі, была пабудавана святыня. Яе фрэскі сведчаць, што раней на гэтым месцы было жыллё апостала Пятра.
Вера і навука сёння
За апошнія 15 гадоў у навуковае абарачэнне ўведзена каля 20 фрагментаў старажытных рукапісаў, напісаных у І ст. пасля нараджэння Хрыста. Такім чынам, сучасная навука ўводзіць у сярэднім адну прааналізаваную крыніцу ў год.
Часам у свядомасць людзей уносяць сумневы пісьмовыя крыніцы, якія згадваюць пра жыццё Хрыста. Большасць крыніц ускосныя і не напісаны самім Езусам. Аднак гэты факт абсалютна нармальны для навукі! Хрыстус не адзіны такі. Большасць крыніц пра знакамітых людзей у гісторыі напісаны не імі самімі, а сведкамі падзей з іх удзелам.
Багатыя ўскосныя даныя ў пісьмовых крыніцах пра Езуса ў хрысціянскіх, юдэа-хрысціянскіх і гнастычных традыцыях былі складзеныя ў кароткі прамежак часу. Факт сведчыць аб тым, што ўсе яны папросту не маглі з'явіцца вакол выдуманай асобы!
Сцвярджаць магчымасць падману ў існаванні Езуса ў той час раўназначна фальсіфікацыі сучаснай навуковай гісторыі і яе метадалогіі даследавання.
Хацелася б звярнуць увагу і яшчэ на адзін навуковы факт. Яшчэ ў пачатку XXІ ст. лічылася, што ў Палесціне часоў Хрыста не было сінагог, у якіх, паводле Евангелля, ён прапаведаваў. Цяпер навукоўцы даказалі, што згаданыя ў Евангеллі сінагогі сапраўды існавалі ў той час.
У 2015 г. ізраільскія археолагі побач са старажытным горадам Канай Галілейскай, дзе адбыўся цуд перамянення вады ў віно, выявілі майстэрню па вырабе рытуальных збаноў.
У адпаведнасці з Евангеллем, Хрыстус, даведаўшыся, што віно скончылася, сказаў узяць «шэсць каменных ваданосаў, якія стаялі паводле звычаю ачышчэння Юдэйскага, умяшчаючы па дзве ці па тры меры». Меры былі роўныя сучасным 39,5 літра. Параметры цалкам супадаюць з памерамі збаноў, знойдзеных археолагамі ў гэтай мясцовасці.
У 2016 г. пачалося даследаванне грабніцы Хрыста ў Ерузалеме. Без сучасных тэхналогій сканавання яно было б немагчымым.
Пасля аналізу святыні навукоўцы прыйшлі да высновы, што грабніца Езуса ў святыні Уваскрасення з’яўляецца той самай пахавальняй, якую ў IV ст. знайшла святая Алена — маці імператара Канстанціна. І зноў навука пацвярджае аўтэнтычнасць пахавання Хрыста.
Кумранскія рукапісы ў Беларусі
Да ліку самых пераканаўчых і значных навуковых адкрыццяў можна аднесці Кумранскія рукапісы. Каля 70 гадоў таму пастухі-бедуіны выявілі ў раёне Мёртвага мора старажытныя кніжныя скруткі-сувоі, якія сталі сапраўднай сенсацыяй для навуковага свету.
У іх ліку — тэксты старазапаветных кніг, біблейскія апокрыфы, літаратура, якая апісвае жыццё юдэйскай секты эсэяў. Дакументы датуюцца III ст. да н. э. – I стагоддзем н. э. Цяпер як найвялікшы набытак Ізраіля яны захоўваюцца ў нацыянальным музеі краіны.
Кумранскія скруткі ўпершыню былі прывезены ў Беларусь і экспанаваліся на выставе «Беларусь і Біблія» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў кастрычніку 2018 г. Навуковая вага рукапісаў бясспрэчна прызнана ўсёй сусветнай супольнасцю.
Каталіцкі Касцёл выступіў як надзейны, кампетэнтны партнёр і ўдзельнік навуковых канферэнцый і круглых сталоў, якія праходзілі ў межах мерапрыемстваў выставы.
Такім чынам, сучасныя навуковыя даследаванні не знаходзяцца ў супярэчанні з рэлігіяй. Доўгі шлях іх прымірэння ў даследаванні гісторыі хрысціянства завяршаецца пацвярджэннем сучаснай навукай апісаных у Бібліі гістарычных падзей.
Нараджэнне Хрыста і Яго жыццё — даказаны і бясспрэчны навуковы факт. Розніца толькі ў тым, што навука мае справу з натуральным, а рэлігія — са звышнатуральным аспектамі адной рэальнасці.