У іх нумары няма выбухаў петард, барадатых жанчын са скрыпкамі і танканогіх балерын, якія вылазілі б з фартэпіяна. Іх сцэнічныя касцюмы — сапраўдныя манаскія хабіты. Ці маюць яны шансы на перамогу?
Супольнасць сясцёр уршулянак мае ўсе перадумовы для таго, каб стаць самай вядомай «спяваючай» супольнасцю манахінь у Еўропе. Пасля трыумфу італьянскай уршулянкі Крысціны Cкучыі на конкурсе «Голас» увагу на сябе звярнулі і ўршулянкі з Мальты.
Шэсць манахінь прайшлі ў фінал нацыянальнага адбору «Еўрабачання», у якім за права прадставіць краіну на конкурсе яны паспаборнічаюць яшчэ з 19 выканаўцамі, трое з якіх раней ужо ездзілі на «Еўрабачанне».
Няўдалая спроба Германіі
У 2013 годзе трапіць на «Еўрабачанне» спрабавалі і тры каталіцкія святары з Германіі. Мужчынскае трыа, якое так і называлася «Святары» (Priester — ням.), на момант адбору ўжо мела свой дыск на лацінскай мове і рэпутацыю майстроў грыгарыянскага харалу.
Іх актыўна абмяркоўвалі ў інтэрнэце і запрашалі на шматлікія ток-шоу. Іх конкурсная песня «Ave Maris Stella» — дуэт з сапраністкай Мойкай Эрдман — была запісана спецыяльна для ўдзелу ў Еўрабачанні.
Аднак спроба аб’яднаць сферу sacrum са сферай шоу-бізнесу тады правалілася. Магчыма, гэта было звязана з не зусім удалым дуэтам: асноўныя акцэнты ў песні рабіліся на спявачцы Эрдман, а не на саміх святарах. Скептыкі ж адзначалі, што святары маглі паплаціцца за свае відэакліпы, у якіх адчуваўся імідж гурта Gregorian, што мае вельмі неадназначную рэакцыю ў афіцыйным Касцёле.
«Гэта ўсё пра дзяцей, гэта не пра нас»
Гурт Ekklesia, у якім спяваюць сёстры ўршулянкі з Мальты, таксама быў створаны спецыяльна для «Еўрабачання». Увогуле сясцёр не 6, а 18. Усе разам яны спяваюць у хоры св. Анёла і ўжо запісалі два дыскі.
Конкурсная песня ўршулянак называецца «We love and let go». Твор прысвечаны пакінутым дзецям у яслях мальтыйскага горада Сліма, якімі ахвяруюцца сёстры ў штодзённай працы.
«Мы робім гэта для Касцёла і для дзяцей, якім дапамагаем», — кажуць пра песню манахіні.
У нумары няма прывычных выбухаў петард, скрыпак і «фішак» з пераапрананнем. Сцэнічныя касцюмы ўршулянак — сапраўдныя манаскія хабіты.
«Мінулай ноччу я пачула стук, я адчыніла дзверы і знайшла карычневую скрыню, у якой ляжала пакінутае дзіця…»
Асноўную партыю выконвае толькі адна з шасці сясцёр — с. Міхаэла Пэрыс.
Крыху нязграбная ў сваіх сцэнічных рухах, але без фальшы ў тым, што робіць. Яе голас пазбаўлены «галасавой гульні», да якой часта прыбягаюць конкурсныя спевакі, каб паказаць багацце голасу, і якая часта залішняя. Слухаючы спеў манахіні, чуецца гісторыя — перад вачыма паўстаюць створаныя ў песні вобразы.
Ці не ад іх адцягваюць звычайна ўвагу выбухі петард, танцоры са скрыпкамі, пераапрананні і балярыны на сцэне, робячы заўважным толькі знешняе, а не ўнутранае?
«Гэта ўсё пра дзяцей, гэта не пра нас», — спяваюць яны, як бы заахвочваючы людзей спыніцца і паслухаць. У нейкім сэнсе ўдзел сясцёр уршулянак у конкурсе — гэта выклік грамадскасці, каб звярнуць яе увагу на праблемы пакінутых дзяцей. «Гэта тыя дзеці героі, гэта ім патрэбна зараз увага, а не нам на гэтай сцэне», — як бы кажуць праз песню манахіні.
Ці зразумее публіка сясцёр?
Дзве з шасці ўршулянак носяць акуляры, чаго на тэлебачанні сёння дзеля лепшай карцінкі прынята пазбягаць. Але карцінку гэта не псуе. Як не псуе яе і адсутнасць «абавязковай» пастаноўкі ад грэчаскага харэографа. Ды й трохі мешкаватыя хабіты, што выбіваюцца з прывычнага ўяўлення пра «касцюм Еўрабачання», не здаюцца лішнімі, калі слухаць песню.
«Гэта ўсё пра дзяцей, гэта не пра нас» — спяваюць уршулянкі ў прыпеве.
У фінальным куплеце аператар бярэ буйным планам па чарзе кожную з уршулянак. Іх твары вылучае напоўненасць і разам з тым шчырасць, якой так бракавала нямецкім святарам, што запісвалі песню з прэтэнзіяй на акадэмічнасць. Заўважна, што манахіні ведаюць, пра што яны спяваюць.
Прыпеў песні ў нечым нагадвае стыль «соул» (кшталту песень «Happy Day» з Вупі Голдберг у фільме «Манахіні, якія ўцякаюць»), у якім партыю саліста распаўсюджвае хор.
Ці зразумее сясцёр публіка? Як адрэагуе грамадства на тую праблему, пра якую спяваюць уршулянкі?
Чым бы ні скончыўся фінал мальтыйскага адбора — нават калі манахіні саступяць больш вопытным артыстам — іх учынак заслугоўвае павагі. Нездарма нават мясцовы арцыбіскуп Павел Крэмон, даведаўшыся пра намер уршулянак прыняць удзел у нацыянальным адборы, падтрымаў сясцёр, даючы наказ кіравацца словамі Папы Францішка: прапаведаваць, несучы ў свет дабро.
І для гэтага зусім неабавязковыя кідкі вобраз, правакуючая прома-прадукцыя і харэограф з Грэцыі. Важная любоў, якой ты можаш падзяліцца з бліжнім. Бо што з мяне, «калі маю ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю» (1Кар 13, 2)?
Ілья Лапато