Пошук

02.12.2018 13:18   бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by

«Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму» (Мк 1, 3).

Гэтымі словамі Касцёл заклікае сваіх вернікаў на пачатку новага літургічнага года. Гэтым заклікам у свой час звярнуўся святы Ян Хрысціцель да выбранага народа перад прыйсцем Езуса Хрыста.

Са старонак Святога Пісання мы ведаем, як адрэагавалі на яго заклік людзі: адны шукалі Нованароджанага, каб аддаць Яму пашану, другія яшчэ да Яго нараджэння зачынілі свае дамы на прыняцце Яго і Яго Маці Марыі, а яшчэ былі і такія, хто хацеў забіць Дзіцятка Езуса, лічачы, што Той з’яўляецца пагрозай іх зямному валадарству.

Адвэнт — гэта наш час, каб сабраць вобраз Божага Дзіцяці ў адно

Дарагі чытач! Мы нашчадкі тых, хто прыняў Езуса ў свае сэрцы і дамы. За гэта мы ўдзячныя Богу і нашым продкам, бо дзякуючы ім мы з’яўляемся дзецьмі Божымі, належым да Божай сям’і.

Таму Касцёл штогод дае нам падчас Адвэнту магчымасць прыгледзецца да нашага жыцця і ў чуванні падрыхтавацца да свята Нараджэння Хрыста.

Перш за ўсё мы павінны зразумець, што наша адвэнтавае чаканне не можа быць пасіўным і характарызавацца абыякавасцю, духоўнай лянотай, згодай на кампраміс са злом. Такое стаўленне сведчыла б пра неразуменне сутнасці Адвэнту.

Тое, што сумленне мяне не мучае, не азначае, што я бязгрэшны.

Адной з прыгожых традыцый Адвэнту, якая дапамагае хрысціянам падрыхтавацца да святаў Божага Нараджэння, з’яўляецца раратняя святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, у якой з вялікай ахвотай прымаюць удзел дзеці.

Яны раніцай ідуць у касцёл, беручы з сабой ліхтары, каб асвяціць начны змрок. Гэтая прыгожая сімволіка нагадвае пра неабходнасць збірання добрых учынкаў, якія дапамогуць асвятліць змрок граху ў нашай душы, паказаць Хрысту дарогу да людскіх сэрцаў.

Пасля раратняй Імшы ёсць практыка раздаваць дзецям кавалкі мазаікі, якая збіраецца ў пазл з выявай Божага Нараджэння, каб тым самым заахвоціць іх да ўдзелу ў раратніх Імшах і пакінуць прыгожы падарунак на свята ў выглядзе абраза.

Мы ведаем, што, каб сабраць мазаіку, кожную частку трэба змясціць у прызначанае для яе месца.

У гэтым вельмі дарэчы інструкцыя або выява гатовай мазаікі. Той, хто прымае ўдзел у раратняй Імшы нерэгулярна, не зможа атрымаць асалоду ад усёй мазаікі, нават калі дамалюе адсутныя часткі ад рукі.

Дарагія! Адвэнт — гэта наш час, каб сабраць вобраз Божага Дзіцяці ў адно. Ён дапамагае нам прыгледзецца да кожнай карцінкі, бо яна дае нам зразумець, чаму ў маім жыцці ёсць «прабелы», чаму часамі я складаю свой «пазл», «крадучы» патрэбныя элементы з жыцця іншага чалавека.

Бог нас стварыў па сваім падабенстве, і мы ні ў чым не маем недастачы, а калі мы, ці нашыя блізкія заўважаюць «недасканаласць» нашага «пазла», то гэта азначае, што мы страцілі з гарызонту наш «арыгінал».

Споведзь на пачатку Адвэнту дае магчымасць паскладаць «мазаіку», шукаючы згубленыя і вяртаючы скрадзеныя часткі, праз малітву навяртання і шчыры жаль за грахі, а таксама праз добры ўчынак наблізіць Божае Дзіцятка іншым.

Умілаваныя браты і сёстры! Адвэнт дае нам выдатны шанс на аднаўленне нашага малітоўнага жыцця, на адкрыццё яго прыгажосці і досвед яго моцы.

Адчыніце перад Езусам дзверы вашага сэрца, дазвольце Яму ўвайсці ў яго і здзейсніць там цуд унутранай змены. Запалім жа нашыя сэрцы падчас сёлетняга Адвэнту ласкай ад Пана і з гэтым святлом пойдзем туды, дзе пануе цемра, каб цеплынёй любові да Бога сагрэць чалавечае сэрца, скаванае льдом грахоўнасці, каб наступіла вясна для душы.

Заахвочваю вас, дарагія, майстраваць і адвэнтавыя вянкі. Упершыню такі вянок зрабіў пратэстанцкі пастар з Германіі Джон Віхэрн падчас Адвэнту ў 1839 годзе.

Яго робяць з зялёных яловых ці хвойных галінак у форме круга, на якім размяшчаюць чатыры свечкі, кожную з якіх запальваюць у новы тыдзень Адвэнту. Запальванне свечак азначае чуванне і гатоўнасць да прыходу Хрыста.

Святло свечак у вянку азначае надзею, а яго зеляніна — працяг жыцця. Форма круга сімвалізуе вечнасць, якая не мае пачатку і канца. Адвэнтавы вянок — гэта сімвал Божага люду, які чакае ў радасці і любові прыходу Збаўцы ў свет.

Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце Яму сцежкі да вашага сэрца ўжо на пачатку Адвэнту.

Абноўлена 02.12.2018 13:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.