Пошук


Адвэнт (лац. adventus — прыйсце) — адмысловы перыяд у літургічным годзе Касцёла (Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (далей — ККК), 524).

У сувязі з тым, што Адвэнт падводзіць нас да святкавання адной з цэнтральных гадавых таямніцаў — Божага Нараджэння, то многія людзі атаясамліваюць яго з Вялікім постам як аналагічным перыядам, які папярэднічае найважнейшай гадавой урачыстасці — Вялікадню.

Пост не для посту

На першы погляд, здаецца, усё проста: Вялікі пост існуе для таго, каб падрыхтавацца да святаў Пасхі, а Адвэнт існуе для таго, каб падрыхтавацца да святаў Божага Нараджэння.

Але такі спосаб мыслення няправільны і вельмі небяспечны, бо моцна акцэнтуе знешнюю форму і яшчэ больш адводзіць ад найважнейшага. Бо пост не для посту, і святкаванне не для святкавання, і ўспамін вялікіх падзей не для ўспаміну.

Усе пабожныя практыкі і святкаванні — гэта сродкі, якія маюць сэнс толькі тады, калі яны змяняюць жыццё чалавека на лепшае не толькі тут і цяпер, але і на цэлую вечнасць.

Узгаданая вышэй схема мыслення вядзе да ўспрымання хрысціянства як нейкага фальклору. Яна разглядае посныя практыкі як сродак у падрыхтоўцы да мэты — святкавання (перажывання нейкіх святочных мерапрыемстваў). Тады можа ўзнікнуць лагічнае пытанне: а, можа, посныя практыкі ўвогуле не абавязковыя, каб падрыхтаваца да свята?

Гэтае пытанне змушае да пошуку глыбейшага сэнсу ў тым, да чаго заклікае Касцёл. Асабліва гэта актуальна падчас Адвэнту, які пад ціскам сучаснай спажывецкай культуры фактычна ператвараецца ў час знешняй падрыхтоўкі бліскучых відовішчаў, дэкарацый і застолляў на Каляды.

Пра Адвэнт у літургічным годзе

Вельмі добра сэнс Адвэнту раскрывае літургія гэтага перыяду (гл. «Агульныя нормы літургічнага года і календара», 1969 г.; ККК, 1093–1095). Яна дзеліць яго на дзве няроўныя часткі.

Першая займае 2\3 часу (каля 3 тыдняў) і канцэнтруецца на таямніцы другога прыйсця Хрыста. Другая частка (апошні тыдзень: 17–24 снежня) – гэта ўспамін падрыхтоўкі выбранага народа да першага прыйсця Божага Сына. З гэтага вынікае, што мэта Адвэнту — нагадаць нам пра рэальнасць і непазбежнасць другога прыйсця Хрыста ў гэты свет (гл. Ап 22, 17; Мц 25, 31.32.46). Яшчэ больш важная неабходнасць быць падрыхтаваным да сустрэчы з Ім у любы момант (гл. Мц 13, 37; Рым 8, 19-23).

Ад нашай гатоўнасці да сустрэчы з Божым Сынам, калі Ён паўторна прыйдзе, залежыць наша збаўленне (гл. Ян 12, 49). А гатоўнасць заключаецца ў імкненні да святасці. Бо радасць збаўлення атрымаюць толькі тыя, хто стаў на шлях выпраўлення свайго грэшнага жыцця, каб жыць паводе Божага Закону, які выражаецца перадусім у рэалізацыі запаведзі любові (гл. 23, 22; Гал 6, 2).

Разуменне рэальнага сэнсу і ролі Адвэнту абумоўлівае адпаведныя практыкі. Бо калі Адвэнт — гэта не тэорыя, не фальклор, не сентыментальны пабожны звычай, то яго варта ўспрымаць як заклік Касцёла, каб адумацца, выправіцца, перамяніцца да лепшага.

Гэта ўсё дзеля таго, каб не змарнаваць надыходзячую вечнасць, а пачаць дзейнічаць, каб быць падрыхтаваным да сустрэчы са Збавіцелем (гл. Езд 8, 21; Мц 5, 20).

Адвэнт — не перыяд пакуты і смутку

Заўважым, што бачанне падрыхтоўкі да другога прыйсця Хрыста хрысціянамі і бязбожнікамі дыяметральна разыходзіцца. Для тых, хто не жадае ведаць Бога, канец гэтага свету — катастрофа. Для тых, хто пазнаў Любячага Бога, прыйсце Хрыста — гэта жаданы момант надыходу паўнаты сапраўднага шчасця.

Таму Касцёл гэты перыяд чування, малітвы і пакаяння называе «радасным чаканнем». Гэта не посны перыяд пакуты, смутку ці разважання пра нашу грэшнасць.

У Адвэнце мы закліканыя адмовіцца ад граху і аднавіцца ў любові, бо нас чакае шчасце. Бо Бог надыходзіць, каб прынесці паўнату шчасця. Таму з радасцю бярэмся за ўсе аскетычныя практыкі, каб вызваліцца ад усяго, што нам яшчэ перашкаджае быць чыстымі, вольнымі, па-сапраўднаму любячымі.

Такое хрысціянскае разуменне Адвэнту моцна разыходзіцца з плыткасцю свецкай прапаганды. Можа, таму з-за гэтай плыткасці ў некаторых краінах, дзе аслаб хрысціянскі дух, святы Мікалай ператварыўся ў казачнага персанажа — Санта-Клаўса ці Дзеда Мароза.

Можа, таму Божае Нараджэнне замяняецца больш зразумелым для язычнікаў святкаваннем новага календара — Новым годам ці Калядамі. Можа, таму для не разумеючых сваю веру хрысціянаў Адвэнт ператварыўся ў час падрыхтоўкі да святаў, а перастаў быць часам праверкі асабістай гатоўнасці да радаснай сустрэчы другога прыйсця Збавіцеля (гл. 7, 17–20).

Радасць Адвэнту — не проста весялосць, а радасць чування

Касцёл у Кодэксе кананічнага права (ККП) спецыяльна не называе Адвэнт постам (ККП, кан. 1249–1251). Бо гэты час мае іншае значэнне, хоць вельмі падобны ў практычным аскетычным вымярэнні (больш інтэнсіўная праца над сабой, устрыманне ад шумных святочных мерапрыемстваў, посныя практыкі, рэкалекцыі, больш часу на роздум, малітву, перамену жыцця).

Касцёл у гэты час не абавязвае нас да посных практык, падобных да вялікапосных (гл. ККП, кан. 1250), але нагадвае пра асабістую неабходнасць перамены жыцця ( 9, 28–29; 6, 16–18; Ам 8, 11).

Радасць Адвэнту — гэта не проста весялосць з падрыхтоўкі да святаў, а перадусім радасць вызвалення, чування, гатоўнасці да рэальнага і чаканага другога прыйсця любімага і любячага Збавіцеля (Іс 58, 3-10; Мал 3, 19-20; Флп 4, 13; Кал 1, 24).

Абноўлена 01.12.2018 13:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця