Пошук

07.10.2014 13:52  

Многія з нас на пытанне, як і калі з’явіўся Ружанец, адказалі б без вагання, што ён быў уведзены ў ХІІ ст. святым Дамінікам, які з яго дапамогаю навяртаў ерэтыкоў. Гэтае перакананне мае за сабою доўгую і моцна замацаваную традыцыю. Аднак гісторыкі звяртаюць увагу на тое, што Ружанец, напэўна, не ўзнік з аднаго жадання волі і не мае толькі аднаго стваральніка.

Звернемся да самага пачатку, да таго часу, калі ўзнік яго складовы элемент – малітва «Вітай, Марыя». Як вядома, першая частка кожнай «Вітай, Марыя» складзена са слоў, змешчаных у Евангеллі паводле Лукі. Уласна кажучы, размова ідзе пра два розныя фрагменты: спачатку мы паўтараем словы анёла Габрыэля (пар. Лк 1, 28), а потым адразу — словы св. Альжбеты (пар. Лк 1, 42). Абедзве фразы былі звернуты да Марыі, адбылося гэта па Божым натхненні і з’яўляецца часткаю аб’яўлення вялікай праўды веры, што «Слова сталася целам і пасялілася між намі» (гл. Ян 1, 14). Арханёл гаворыць Панне Марыі, якая павінна была зачаць Хрыста, а св. Альжбета вымаўляе словы праслаўлення Дзеве Марыі, якая ўжо Яго зачала. Гэтыя словы не з’яўляюцца тварэннем чалавечай мудрасці і пабожнасці, хоць яны былі запомненыя людзьмі і запісаныя на старонках Евангелля рукой чалавека; за імі стаіць сам Дух Божы, які асабіста злучыў прывітанне Марыі з праслаўленнем Плоду Яе ўлоння. Аднак натхнёныя словы арханёла і св. Альжбеты, якія атачаюць таямніцу ўцелаўлення, не стаяць у Евангеллі побач. Хтосьці павінен быў іх адтуль узяць, аб’яднаць і зрабіць адною малітваю. Як гэта адбылося?

Слова «ружанец» утворана ад лацінскага слова rosarium, што азначае вянок з ружаў. Назва паходзіць з Сярэднявечча. Адгаворванне ружанцовай малітвы параўноўвалі з ахвяраваннем Марыі вянка са 150 ружаў. Іншыя назвы: «марыйны Псалтыр», «прывітанні».

Гэта аб’яднанне здзейсніў Касцёл у сваёй літургіі. Спачатку так адбылося на Усходзе. Першая вядомая нам форма сфармаванай такім чынам малітвы «Вітай, Марыя» паходзіць з найстаражытнейшых грэкамоўных літургій. Па меншай меры з ІV ст. Касцёл на Усходзе паўтараў разам словы анёла і Альжбеты. Адтуль гэты звычай прыкладна каля VII ст. перайшоў у рымскую літургію (і ўвогуле ў заходнюю літургію). Першым пісьмовым помнікам, дзе з’явілася «Вітай, Марыя», быў імшальны фармуляр на свята Звеставання. Сёння «Вітай, Марыя» вельмі рэдка ў каго асацыіруецца з літургіяй, г.зн. з публічнаю малітваю Касцёла. Тым больш варта ўсвядоміць, якім вялікім быў уплыў літургіі на з’яўленне гэтай «прыватнай» малітвы.

Пастаянная малітва

Малітва «Вітай, Марыя» абавязана сваім з’яўленнем як Святому Пісанню, так і касцёльнай традыцыі. Распаўсюджванне «Анёльскага прывітання» адбылося ў выніку пабожнасці людзей, якім малітва была патрэбная, як паветра. Мы ведаем, што на працягу першых стагоддзяў у хрысціянстве трываў інтэнсіўны пошук спосабу «няспыннай малітвы», таму што людзі хацелі як мага лепей выканаць наказ Пана Езуса: «Нястомна маліцеся» (1 Тэс). З гэтаю мэтаю выбіралася нейкая кароткая малітоўная формула, якая потым не толькі захоўвалася ў памяці, але і няспынна паўтаралася ў думках і ўголас.

Сярод любімых малітоўных формулаў, прызначаных для паўтору, на першым месцы апынулася «Вітай, Марыя». Менавіта да яе выкарыстання заахвочвала літургія, якая з’яўлялася настаўніцаю і прыкладам малітвы. Заахвочванне аказалася плённым. Напэўна, ужо ў ІХ ст. (з таго часу паходзіць найстаражытнейшае, вядомае нам сведчанне) замацоўваецца звычай паўтарэння «Вітай, Марыя» як прыватнай малітвы. Гэтая практыка квітнела ў ХІ–ХІІ стст. – яе папулярызавалі бэнэдыктыны і цыстэрцыянцы, але хапае таксама сведчанняў пра свецкіх людзей, якія таксама лічылі сваім абавязкам штодзённа чытаць «Вітай, Марыя», нават па некалькі дзясяткаў разоў. Маліліся на каленях, стоячы або ўпаўшы крыжам, у касцёле, у келлі або ў пакоі, але заўсёды гэтымі рэкамендаванымі літургіяй словамі анёла і Альжбеты. Цікава, што насуперак распаўсюджанаму сёння перакананню гэта не была малітва для людзей простых, якая толькі замяняла чытанне псальма. Ёсць шмат паведамленняў, якія ўказваюць на тое, што шматразовае паўтарэнне «Ave Maria» чыталася замест псальмаў з брэвіярыя, апрача іх ці разам з імі. Напрыклад, благаслаўлёная Асцэліна з Буланкура (1120-1195), блізкая сваячка св. Бэрнарда з Клерво, мела звычай штодзённага дэкламавання ўсяго Псалтыра, і больш таго: у пэўныя дні яна чытала трыста «Вітай, Марыя» (у дні марыйных святаў аж тысячу). Аб тым, як гэта пабожная жанчына разумела сваю малітву, сведчаць яе словы: «Што датычыць мяне, я ведаю, што няма ўва мне нічога добрага, за выключэннем таго, што пастаянна маю Яго ў памяці». Такім чынам, зусім не ішла размова аб якім-небудзь бяздумным паўтарэнні слоў: іх вымаўленне проста служыла таму, каб пастаянна мець у памяці Таго, з прычыны Каго арханёл прыйшоў да Панны Марыі, і з прычыны Каго Альжбета благаславіла Сваячку, найсвяцейшую сярод мацярок.

Імя Езуса

Людзі Сярэднявечча добра ведалі, што гэтая марыйная малітва — нібы мяккае покрыва, якім мы агортваем Дзіцятка, нашага Пана. Аднак доўгі час у самой малітве не ўзгадвалася Ягонае імя: малітва заканчвалася словамі «благаслаўлёны плод улоння Твайго». Тэкст пачаў мяняцца ў палове ХІІІ ст., калі Папа (хутчэй за ўсё, Урбан ІV) устанавіў спецыяльны адпуст за далучэнне да традыцыйнай «Вітай, Марыя» імені Езуса. Гэта практыка распаўсюдзілася па ўсім свеце ў ХVІ ст. З таго часу малітва як бы расцягвалася паміж двума імёнамі: Марыя і Езус.

Праз далучэнне найсвяцейшага імені ў тэкст «Вітай, Марыя» адбылося злучэнне гэтай малітвы з усё мацнейшым культам імён Езуса і Марыі. Усё больш усведамлялася, што імя Езуса, выбранае для ўцелаўлёнага Сына Божага, мае ў сабе выключную сілу (адсюль, напрыклад, складанне экзарцызмаў супраць сатаны з выкарыстаннем гэтага імя як найлепшай зброі), а таксама патрабавалася асаблівая пашана (адзін з Папаў выдаў распараджэнне, каб пры ўзгадванні імені Езуса падчас усіх святых Імшаў людзі схілялі галовы; гэты звычай у літургіі яшчэ нядаўна быў абавязковым). Гэты вялікі культ пакінуў свой след таксама ў малітве «Вітай, Марыя». З таго часу мы можам у прынцыпе гаварыць аб стварэнні нашай «Вітай, Марыя», хоць у пазнейшы час, у ХV ст., да яе яшчэ будзе далучана ў канцы некалькі словаў лірычнай просьбы аб заступніцтве Маці Божай: «цяпер і ў хвіліну смерці нашай».

Перад тым, як узнік Ружанец

Для таго, каб узнік Ружанец, неабходны былі тры падзеі, а дакладней — працэсы: вынаходніцтва вяночка для адлічвання малітваў, спалучэнне «Вітай, Марыя» з «Ойча наш» (і з «Веру ў Бога»), а таксама наладжванне сувязі паміж вуснай малітвай і разважаннем таямніцаў. Усё гэта адбылося ў Сярэднявеччы, але ў розныя перыяды. Такім чынам, Ружанец як метад малітвы нараджаўся вельмі павольна, хаця з часам стаў найбольш папулярным метадам.

Святы Дамінік (каля 1170–1221 гг.)

Святы Дамінік, якога лічаць творцам ружанцовай малітвы, паходзіў з Іспаніі, быў заснавальнікам Ордэна Братоў Прапаведнікаў. Каля 1206 г. распачаў навяртанне катараў у паўднёвай Францыі. Хадзіў з вёскі ў вёску, прапаведаваў Евангелле. Згодна з паданнем, калі ён горача маліўся аб навяртанні ерэтыкоў, яму аб’явілася Божая Маці, якая сказала: «Хачу, каб ты ведаў, што ў такой барацьбе таранам заўсёды застаецца анёльскі Псалтыр, які з’яўляецца краевугольным каменем Новага Запавету. Таму, калі хочаш здабыць гэтыя скамянелыя душы і заваяваць іх для Бога, абвяшчай мой Псалтыр». З таго часу св. Дамінік горача заахвочваў да Ружанца.

Раней за ўсё з’явіўся вяночак. Першыя шнуры для адлічвання малітваў служылі, праўду кажучы, хутчэй для адгаворвання «Малітвы Панскай», але паступова — таксама для «Вітай, Марыя». Малітвы лічылі, бо прымаўся звычай адгаворваць іх 50 альбо 150 разоў. Чаму менавіта столькі? Імкнуліся захаваць падабенства да Псалтыра, які складаецца са 150 псальмаў, падзеленых на 3 кнігі, па 50 кожная. Гэта было звязана таксама з практыкай пакаяння: замест прызначаных спаведнікам псальмаў можна было адгаварыць столькі ж «Ойча наш» ці «Вітай, Марыя». Такім чынам амаль адначасова ў XI–XIII стст. узнік звычай адлічваць «Вітай, Марыя», а таксама прылада для гэтага — вяночак. Сёння гэта звычайныя элементы нашага Ружанца. Такі першаўзор Ружанца мог ведаць і прапагандаваць св. Дамінік.

Такім жа важным было ўсталяванне сувязі паміж «Вітай, Марыя» і «Ойча наш». Зразумела, «Малітва Панская» з’яўляецца незаменным узорам кожнай хрысціянскай малітвы (урэшце, сам Пан навучыў ёй нас). Таму адгаворванне «Ойча наш» заўсёды звязана з «Вітай, Марыя», як гэта, напрыклад, патрабавалася капітулам дамініканаў ад 1266 г., які сведчыць пра незвычайнае вылучэнне малітвы «Вітай, Марыя». Хутчэй за ўсё, лічылася, што да малітвы, якой навучыў Хрыстус, неабходна далучаць малітву, якая кажа пра Яго самога. Абедзве малітвы (у сукупнасці) складаюць своеасаблівае «рэзюмэ» веры.

У Сярэднявеччы не выкарыстоўвалі катэхізіс, але праўды веры вывучалі па малітоўных формулах — літургічных ці прыватных. Неабходна пра гэта памятаць пры разважанні над тым фактам, што ў гэты час (XII–XIV cтст.) шматлікія сіноды, саборы і манаскія статуты пачалі патрабаваць ведання і штодзённага адгаворвання разам «Вітай, Марыя», «Ойча наш» і «Веру ў Бога». Адзін з сінодаў у XIV ст. нават акрэслівае практыкаванне гэтых трох малітваў як «навучанне веры». Менавіта такім чынам узнікалі нашыя штодзённыя пацеры, якія з’яўляюцца адначасова і своеасаблівым «рэзюмэ» веры, і прыпамінаннем яе галоўных праўдаў.

Ружанцовыя таямніцы

Паасобныя часткі Ружанца на працягу некалькіх стагоддзяў паступова нараджаліся ў малітве Касцёла і з часам пачалі складаць пэўную абмежаваную цэласнасць. Бясспрэчна, кожная вышэйзгаданая дзея — фармаванне тэксту «Вітай, Марыя», практыка яго паўтарэння, адлічванне малітваў на пацерках і звязванне «Вітай, Марыя» з «Ойча наш» — мела значэнне для ўзнікнення нашага Ружанца. Вырашальнае значэнне, аднак, меў факт дадання разважанняў акрэсленых таямніцаў.

Медытацыя аб жыцці Пана Езуса з’яўляецца, зразумела, нязменным элементам хрысціянскай духоўнасці, і Ружанец нічога тут не змяняў. Шмат раней перад яго ўзнікненнем хрысціяне разважалі над рознымі падзеямі, апісанымі ў Святым Пісанні і захаванымі згодна з традыцыяй. Ужо ў XIV ст. іх пачалі далучаць да паўтарэння вуснай малітвы. Аднак Ружанец у вядомым нам сёння выглядзе з’явіўся ў XV ст. дзякуючы наступным падзеям.

На пачатку XV ст. у кляштары картузаў у Трэвіжы адзін з манахаў, Дамінік з Прус (раней вучыўся ў Кракаве), да кожнай са 150 «Вітай, Марыя» пасля слова «Езус» пачаў дадаваць кароткі сказ, які нагадваў пра розныя эпізоды з жыцця Хрыста і Яго Маці (напрыклад: «якога Ты, Пані, з Духа Святога пачала», «якога святы Ян ахрысціў у Ярдане і назваў Баранкам Божым», «які на гары Табор перамяніўся на вачах у апосталаў»). Праўда, гэтыя «клаўзулы» з картузскага Ружанца Благаслаўлёнай Марыі не замацаваліся ў паўсюдным Ружанцы, які сёння практыкуецца, але пакінулі на ім свой адбітак: сёння мы таксама звязваем паасобныя дзясяткі з акрэсленай таямніцай, г. зн. з падзеяй з жыцця Езуса і Марыі, якая патрабуе ад нас медытатыўнага «захавання ў сэрцы».

Верагодна, што і перапляценне «Ойча наш» з «Вітай, Марыя», і падзел Ружанца на вядомыя нам тры часткі таямніцаў — радасная, балесная і хвалебная, — быў уведзены французскім дамініканінам, бл. Аланам дэ ла Рашэ ў другой палове XV ст. «Новая» малітва хутка пачала распаўсюджвацца дзякуючы ружанцовым брацтвам, якія засноўвалі дамінікане. Вялікае значэнне мела таксама вынаходніцтва друку, які значна ўплываў на фармаванне ў канцы гэтага ж стагоддзя стандартнага пераліку пятнаццаці таямніцаў (што былі выбраны са значна большага збору, які ўжываўся раней). Такім чынам, дамінікане здзейснілі вялікую справу — учынілі з гэтай малітвы духоўныя практыкаванні, папулярныя сярод свецкіх людзей. З гэтага часу Ружанец хутка стаў нечым большым, чым проста пабожная практыка манаскай эліты — ён увайшоў у народ.

Папы і Ружанец

З тых часоў Ружанец ужо амаль не змяняўся. Гэтая малітва, якая нарадзілася ва ўлонні Касцёла, дастаткова хутка атрымала ўхваленне наступных Папаў. Першым гэта зрабіў Леў X у 1520 г. Праз некаторы час, напярэдадні Рэфармацыі, быў заўважаны правідчы характар узнікнення гэтай малітвы. Ружанец стаў «зброяй» абароны каталіцкай веры ад ерасі. А калі ў 1571 г. хрысціянскі флот затрымаў пад Лепанто ісламскія сілы, св. Пій V прыняў рашэнне ўвесці ў літургічны год асобнае свята ў гонар Ружанца. Так з’явілася кастрычніцкае свята Ружанца, адзначанае спецыяльным фармулярам у Імшале. Такім чынам Ружанец, які ў пэўным сэнсе вылучыўся з літургіі, цяпер знайшоў у ёй ганаровае месца.

Зразумела, на гэтым гісторыя Ружанца не завяршаецца. Яна будзе працягвацца да той пары, пакуль гэтая малітва, да якой шмат разоў горача заклікалі Папы, будзе гучаць у Касцёле. Аднак можна сказаць, што мы — сведкі чарговага важнага этапа гэтай гісторыі, якім, безумоўна, з’яўляецца прапанова Святога Айца Яна Паўла ІІ дадаць да існуючага ўжо Ружанца яшчэ адну частку: таямніцы святла аб публічным жыцці Пана Езуса. Мы назіралі, як на хвалях стагоддзяў складаліся чарговыя пласты нашага Ружанца, а цяпер, як гэта ўжо не раз адбывалася, разам з папскім прадпісаннем на нашых вачах ствараецца чарговы пласт: без аніякай рэвалюцыі, у духу пераемнасці ружанцовай традыцыі наш Ружанец набыў новае ззянне, ззянне свету.

Ружанцовыя таварыствы

  • Ружанцовае брацтва: першае з іх заснавана дамініканінам Аланам дэ ла Рошэ ў 1470 г. у Дуэ (Францыя).
  • Вечны Ружанец (Няспынны Ружанец): быў заснаваны ў сярэдзіне XVII ст. у Італіі дамініканамі а. Пятроніем Марціні (Балоння) і св. Цімафеем Рыччы (Фларэнцыя).
  • Жывы Ружанец: заснаваны ў 1826 г. у Францыі Паўлінай Марыяй Жарыко.
  • Круцыята Сямейнага Ружанца: заснавана дамініканамі ў 1939 г. у Бельгіі.
  • Ружанец Шляху Пакаяння і Малітвы аб супакоі ў свеце: малітоўная супольнасць, заснаваная ў 1949 г. у Аўстрыі францішканінам а. Пятром Паўлічкам.
  • Дваровыя Ружанцовыя Дзіцячыя Колы: заснавала М. Бучэк у 1997 г. на хвалі «Радыё Марыя».


Павел Мілцарэк
«Różaniec», № 1 за 2003 г.

Пераклад з польскай Іны Ламака

Надрукавана ў часопісе «Ave Maria» № 8-9 (111-112) 2004 г.

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця