Пошук

07.11.2018 12:35   Тэкст: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by
Фота Паліны Маісеевай

Кожны веруючы католік з дзяцінства ведае, што месяц лістапад — гэта не проста чарговы месяц у календары. Гэта час асаблівага роздуму, памяці пра нашых памерлых і малітвы за іх.

Пачынаючы з урачыстасці Усіх Святых, праз успамін усіх памерлых вернікаў ажно да свята св. апостала Андрэя мы штодня ўспамінаем у малітвах спачылых: і асабіста, і падчас літургічнай малітвы ў касцёле з чытаннем імёнаў памерлых, што з’яўляецца адным з найважнейшых элементаў лістападаўскай духоўнай атмасферы.

Аднак, гледзячы на гэта вачыма розуму, мы час ад часу задаемся пытаннем: чаму неабходна маліцца за памерлых? Ці можа нашая малітва дапамагчы ім? Ці можа яна што-небудзь змяніць?..

Прасцей за ўсё было б сказаць, што «так заўсёды было», і часткова гэта было б праўдзіва, аднак гэта не той адказ, які спадзяецца атрымаць сучасны чалавек. Каб атрымаць адказ на гэтыя пытанні, належыць зазірнуць у глыбіню стагоддзяў, пабачыць тое, што было перад намі. Чаму на працягу вельмі доўгага часу, тысячагоддзяў, практычна ўсе культуры, створаныя чалавекам, заўсёды мелі рэлігійныя абрады, спалучаныя з пахаваннем і памерлымі?

Фота Віктара Ведзеня

Першыя ў гісторыі чалавецтва пахаванні, якія ведае гістарычная навука — гэта пахаванні неандэртальцаў, якія адносяцца да мусцьерскага культурнага перыяду. У 1908 годзе швейцарац Отта Гаузер зрабіў каля пасёлка Мусцье ў даліне ракі Везер (Паўднёвая Францыя) неспадзяванае, дзіўнае і цікавае адкрыццё: ён знайшоў магілу неандэртальскага юнака, які жыў некалькі дзясяткаў тысяч гадоў таму. У неглыбокай магіле ляжаў яго шкілет у той паставе, у якой быў пахаваны: на правым баку, правая рука пад галавой, ногі сагнутыя. Каля нябожчыка ляжалі крамянёвыя прылады і некалькі абпаленых звярыных костак: яны былі «дадзены» памерламу на дарогу ў вечнасць.

Пасля гэтай знаходкі, якая пераканала многіх у тым, што чалавечае спачуванне і павага да мёртвага ўзыходзяць у гісторыі чалавецтва да самых старажытных часоў, быў зроблены цэлы шэраг іншых падобных адкрыццяў.

Найбольш вядомым з іх, мабыць, з’яўляецца адкрыццё археолагам Аляксеем Акладнікавым у 1938 г. магілы неандэртальскага хлопчыка эпохі Мусцье ў гроце Цешык-Таш (Узбекістан). Ягоныя косці ляжалі ў невялікім паглыбленні. Ля чэрапа былі ўтыркнуты ў зямлю рогі сібірскага казла, прычым яны ўтваралі вакол чэрапа хлопчыка нейкае падабенства агароджы.

На фота: адно з пахаванняў неандэртальцаў
На фота: адно з пахаванняў неандэртальцаў

Недалёка ад магілы былі сляды невялікага вогнішча, якое гарэла вельмі кароткі час. Магчыма, гэта быў рытуальны агонь, які меў дачыненне да пахавання. Характэрная асаблівасць знойдзеных неандэртальскіх касцей — аднолькавае іх размяшчэнне (галавой на ўсход ці на захад, а не на поўдзень ці поўнач), прычым усюды: у Заходняй Еўропе, у Крыме, у Палестыне. Гэта сведчыць аб тым, што выпадковым гэта быць не магло, і паказвае на асаблівае стаўленне людзей той эпохі да мёртвых, а таксама да смерці. Гэта стала перадумовай для прыняцця тэорыі існавання ў неандэртальцаў нейкага агульнага рэлігійнага культу.

«Істотна адно, — пісаў Аляксей Акладнікаў, — неандэрталец ужо пераканаўся, што той, мёртвы, не проста „спіць“, што ў адносінах да яго патрэбны асаблівы клопат, якасна іншы, чым у адносінах да жывога чалавека. Ён не проста пакідаў мерцвяка на паверхні зямлі ў той паставе, у якой яго сустрэла смерць, а надаваў яму, пакуль яшчэ не здранцвела цела, пэўную, строга вытрыманую паставу; клаў яго не як давялося, а ў пэўным кірунку: галавой на ўсход ці на захад; нарэшце, змяшчаў яго ў яму і засыпаў зямлёй.

Адсюль вынікае, што ў тых людзей ужо паўсталі нейкія ідэі пра якасна іншую форму існавання памерлых пасля смерці, г.зн. першыя ідэі пра „жыццё пасля смерці“».

Калі казаць пра хрысціянскую традыцыю малітвы за памерлых, належыць дакрануцца да гістарычных каранёў, якія дасягаюць трэцяга стагоддзя да нараджэння Хрыста. У Другой кнізе Макабэяў (гэтага перыяду) мы чытаем, як Юда Макабэй склаў ахвяру перапрашэння, каб тыя, хто быў забіты, былі вызваленыя ад граху (2 Мак 12, 45). Засноўваючыся менавіта на гэтай старазапаветнай традыцыі, першасны Касцёл ушаноўваў памяць памерлых і імкнуўся ім дапамагчы, у прыватнасці, здзяйсняючы ў іх інтэнцыі Эўхарыстычную Ахвяру і просячы ў Пана Бога магчымасці для іх дасягнуць благаслаўлёнага бачання Яго.

Славуты касцёльны пісьменнік Тэртуліян (160–240) пісаў: «У дзень памяці іх [смерці] мы складаем за нашых памерлых ахвяру». У іншым месцы ён узгадвае жанчыну, якая малілася за свайго мужа нябожчыка, каб прасіць для яго «прахалоды» — адпачынку. Акрамя таго, святы Ян Залатавусны заклікаў да такой малітвы: «Павінны несці ім [памерлым] дапамогу і памятаць пра іх. Калі сыны Ёва былі ачышчаны ахвяраю іх бацькі, чаму мы сумняваемся, што нашы ахвяры за памерлых прыносяць ім суцяшэнне?

Не саромейцеся несці дапамогу тым, хто адышоў, і ахвяраваць за іх свае малітвы».

На выяве: св. Ян Залатавусны

Кажучы пра малітву за памерлых, варта ўзгадаць і пра сотні захаваных ранніх хрысціянскіх надмагілляў, на якіх напісаны малітвы за памерлых. Адна з іх выдатна адлюстроўвае веру нашых продкаў: «Няхай кожны з братоў, хто разумее гэта, памоліцца за Абэрцыя».

Таксама ў сваіх афіцыйных дакументах Касцёл заўсёды падкрэсліваў важнасць малітвы за памерлых. Другі Ліёнскі Сабор кажа, што Касцёл заўсёды ўшаноўваў памерлых і прапанаваў дапамагаць ім праз малітву. Пра тое ж самае кажа Святы Айцец Інакенцій IV у сваім лісце да кардынала легата на Кіпры ў 1254 г., Сабор у Фларэнцыі ў 1439 г. і Трыдэнцкі Сабор, які рашуча заяўляе: «Калі хто кажа, што ахвяра святой Імшы не павiнна складацца ў ахвяру за памерлых, няхай будзе адлучаны».

Можна сапраўды прывесці шмат прыкладаў таго, як святыя Айцы Касцёла заахвочвалі маліцца за памерлых. Можна цытаваць дакументы Касцёла, хоць яны не ў поўнай меры адказваюць нам на пытанне, чаму мы молімся за памерлых. Але яны ўказваюць на важную праўду: хрысціяне з самага пачатку адчувалі, што такая малітва вельмі важная і неабходная. Магчыма, менавіта таму яна была ўключана ў так званыя ўчынкі міласэрнасці для душы.

Навошта ж мы молімся за памерлых? Каб зразумець гэта, варта пачаць з таго, што належыць маліцца толькі за памерлых, якія знаходзяцца ў чыстцы.

Асуджаным у пекле ўжо нішто не можа дапамагчы. Што такое чысцец? Хто ідзе ў яго? Мы павінны зыходзіць з таго, што кожны грэх мае два наступствы: правіну і пакаранне. Правіна — гэта так званы стан варожасці з Богам, страта асвячальнай ласкі. Пакаранне ж вынікае з прынцыпу справядлівасці, які кажа, што за дабро павінна быць узнагарода, а за зло — пакаранне. Гэта прынцып, угрунтаваны на так званым натуральным законе, які Бог уклаў у сэрцы ўсіх людзей.

Што датычыцца правіны, яна прабачаецца падчас споведзі. Ачышчаны чалавек вяртаецца ў стан ласкі і сяброўства з Богам.

Аднак мы павінны памятаць, што прызнанне свайго граху і вызнанне яго перад святаром у сакрамэнце паяднання не адмяняе «аўтаматычна» пакарання за грэх, які ўсё яшчэ абцяжарвае нас.

Што такое пакаранне? Розныя нашыя няўдачы, хваробы, непрыемныя падзеі, фізічныя і духоўныя пакуты. Гэта не Божая помста: гэта — наступства таго зла, якое праз нас увайшло ў свет і ў нашае жыццё. Калі хтосьці ў жыцці не змог прыняць пакаранне, выправіць наступствы зла ў сабе, ён павінен будзе зрабіць гэта пасля смерці. Гэта той стан, які мы і называем чыстцам.

Хто ж ідзе ў чысцец? Тыя, хто памірае ў стане ласкі (гэта значыць свабодныя ад правіны), але не змог выправіць у жыцці наступствы ўчыненага зла.

Толькі ў гэты момант мы прыходзім да адказу на пытанне, пастаўленае на пачатку.

Нашая малітва за памерлых, а асабліва малітва Касцёла, скарачае час знаходжання ў чыстцы і дапамагае нашым памерлым.

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць: «Заступніцтва за іншых з часоў Абрагама ўласціва сэрцу, якое жыве ў згодзе з Божай міласэрнасцю. У часы Касцёла заступніцкая малітва хрысціянаў спалучана з заступніцтвам Хрыста: яна з’яўляецца выразам супольнасці святых» (ККК 2635).

Заступніцтва мае асаблівую сілу, як сказаў пра гэта сам Езус Хрыстус: «Калі двое з вас на зямлі згодна прасілі б аб чым-небудзь, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах» (пар. Мц 18, 19). Як можна заўважыць у гэтых словах, эфектыўнасць малітвы залежыць таксама ад удзелу ў гэтай малітве іншага чалавека, братоў у веры, якія моляцца разам з намі. Разважаючы ў малітве аб праблемах іншага чалавека, нават памерлага, мы выказваем выраз любові да яго, і гэта дар, які дасягае самога Бога.

Абноўлена 07.11.2018 21:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.