Пошук

06.11.2018 18:03   Тэкст: Мікола Гракаў / Catholic.by

Фота Віталія Палінеўскага

Беларусь — адзіная ў свеце краіна, дзе 7 лістапада з’яўляецца выходным днём у гонар… Кастрычніцкай рэвалюцыі. У той жа час сотні тысяч беларусаў 1 і 2 лістапада ўшаноўваюць сваіх памерлых продкаў, але гэтае вялікае свята з’яўляецца працоўным днём.

Той, хто нарадзіўся і жыў пры Савецкім Саюзе, наўрад ці хацеў бы зноў вярнуцца ў тыя часы. Не хацеў бы зноў апынуцца за «жалезнаю заслонаю», адкуль просты чалавек не меў магчымасці выехаць за мяжу, нават да сваіх родных. Не хацеў бы зноў цяжка працаваць за «працадні» ў калгасе або на заводзе за мізэрныя грошы, за якія ў пустых крамах можна было штосьці набыць, толькі выстаяўшы шмат гадзін у даўжэзнай чарзе, якую спачатку займалі і толькі потым пыталіся: «А што даюць?»

Набыццё аўтамабіля або звычайнай пральнай машыны ці каляровага тэлевізара для многіх сем’яў у савецкія часы заставалася нездзяйсняльнай марай. Пры гэтым любое нараканне і незадаволенасць сурова каралася як страшэннае злачынства, што называлася «антысавеччынай».

Але для веруючага чалавека ўсе гэтыя матэрыяльныя невыгоды савецкай сістэмы — нішто ў параўнанні з тым пераследам і ганеннямі на веру, якія вялі «будаўнікі камунізму».

Савецкія ўлады выкарыстоўвалі багаты арсенал сродкаў для змагання з верай у Бога: ад фізічнага знішчэння духавенства і разбурэння святыняў і да маральных здзекаў з вернікаў у школе і на працы.

За свае рэлігійныя погляды чалавек мог не толькі «вылецець» з інстытута або з працы, але і трапіць у псіхіятрычны шпіталь.

Зразумела, што ў такіх умовах не магло нават ісці гаворкі пра тое, каб рэлігійныя святы былі выходнымі днямі. Больш за тое: у савецкія часы ў дні вялікіх хрысціянскіх урачыстасцяў каля цэркваў і касцёлаў дзяжурылі камсамольцы, якія не пускалі ў святыні дзяцей і моладзь. Бязлітаснае змаганне з вераю ў Бога, якое вялося ў Савецкім Саюзе, мела на мэце прымусіць людзей забыцца пра сваю чалавечую годнасць і сваё вышэйшае чалавечае пакліканне — пакліканне да любові ў духу сапраўдных, а не па-д'ябальску перакручаных свабоды, роўнасці і братэрства.

Савецкая прапаганда навязвала насельніцтву вялізнай краіны бесчалавечную ідэалогію, паводле якой у імя нейкіх незразумелых інтарэсаў «класавай барацьбы» прыносілася ў ахвяру жыццё і шчасце мільёнаў жывых людзей.

Парэшткі ахвяраў савецкага тэрору ў Курапатах

Дзеля гэтага савецкая ўлада не толькі непасрэдна змагалася з рэлігіяй, але мэтанакіравана знішчала здаровыя традыцыі і стагоддзямі непарушныя каштоўнасці народаў, што апынуліся ў сапраўднай турме, імя якой было Савецкі Саюз.

У гарадах былі створаныя такія ўмовы, пры якіх бацькі практычна не ўдзельнічалі ў выхаванні сваіх дзяцей. Савецкія дзіцячыя садкі і школы, піянерыя і камсамол сталі прыладамі «замбіравання» маладога пакалення, сцірання індывідуальнасці і ператварэння людзей у паслухмяныя «вінцікі» сістэмы, якая проста знішчала няскораных.

На вёсцы бальшавіцкім нелюдзям было цяжэй разарваць жыватворчую сувязь пакаленняў і прымусіць людзей адмовіцца ад традыцый і каштоўнасцяў сваіх продкаў. Таму савецкая дзяржава проста вырашыла… пазбавіцца ад сялянства як класу. З гэтаю мэтай напачатку былі «раскулачаны» ўсе заможныя сяляне, ліквідаваныя ўсе моцныя прыватныя гаспадаркі, а створаныя з вясковай беднаты калгасы дзесяцігоддзямі знішчалі на вёсцы гаспадарлівасць, руплівасць і ініцыятыву, без якіх праца на зямлі не дае добрых плёнаў. У выніку прыйшоў час, калі нават само слова «калхознік» набыло наогул абразлівае значэнне!

Выхаваныя камсамолам і савецкай ідэалогіяй маральныя выраджэнцы кпілі і здзекваліся з працавітых вяскоўцаў, з іх простага выгляду і «простай» беларускай мовы.

Ствараючы «новага чалавека», чый адрас — «не дом і не вуліца, а чый адрас — Савецкі Саюз», савецкія ідэолагі сцвярджалі, што «наступнае пакаленне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізме». І калі іх утапічны «камунізм» — гэта і ёсць той маральны і гаспадарчы крызіс, які да сённяшняга дня мучыць нашае грамадства, выходзіць, што прынамсі ў гэтым яны не схлусілі, хоць уся савецкая ідэалогія была збудаваная на махровай хлусні і жорсткім, крывавым прымусе.

Карл Гронхаген. «Ад свабоды да катаванняў»

На жаль, пра ўсе гэтыя нялюдскія жахі, якія былі неад’емнай часткай савецкай таталітарнай сістэмы, часам нават не падазрае сучасная беларуская моладзь, свядома ці несвядома ўведзеная ў зман хлуслівымі падручнікамі па гісторыі і тэлевізійнай прапагандай. Праекты, наскрозь прасякнутыя «настальгіяй па СССР», з дапамогай жыццярадасных агітацыйных вобразаў і прыгожых спеваў савецкай пары ствараюць ружовую карцінку чагосьці светлага і прывабнага.

Многія даверлівыя юнакі і дзяўчаты купляюцца на гэтую пустую ідэалагічную рэкламу і без ценю сумнення карыстаюцца сімваламі, пад якімі злачынная савецкая ўлада знішчыла мільёны сваіх жа грамадзянаў — магчыма, нават іх дзядоў-прадзедаў. А між тым атрыбутыка савецкіх часоў часам падносіцца як быццам нейкае там «патрыятычнае выхаванне»! Дзіўны ж «патрыятызм» у некаторых сучасных ідэолагаў…

Кадр з фільма «Варшаўская бітва 1920 года»

Класавая барацьба і чырвоны тэрор, змаганне з рэлігіяй і знішчэнне мільёнаў бязвінных людзей у Савецкім Саюзе стала наступствам так званай «Кастрычніцкай рэвалюцыі», а насамрэч — звычайнага дзяржаўнага перавароту ў аслабленай Першай сусветнай вайной былой Расійскай імперыі.

У выніку таго перавароту, сігналам для якога стаў стрэл п’яных матросаў-дэзерціраў з крэйсера «Аўрора», да ўлады прыйшлі «бальшавікі»: прыхільнікі ўзброенай класавай барацьбы, якія адразу ж развязалі ў краіне жахлівую грамадзянскую вайну і знішчальны чырвоны тэрор.

Ахвяры гэтай братазабойчай мясарубкі, і сёння не ўшанаваныя належным чынам, спачываюць на месцах масавых расправаў у Курапатах і ў сотнях іншых месцаў нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны.

Дык што ж гэта за свята такое — гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі? Што яна дала нашаму народу, акрамя ахвяраў, пакутаў і незагоеных да сёння ранаў?! Кастрычніцкі пераварот падзяліў людзей, падзяліў сем’і, падзяліў братоў і сясцёр аднаго народа на «сваіх» і «чужых», і да гэтага часу Беларусь як незалежная дзяржава не пераадолела гэтых балючых, пакутлівых падзелаў.

Толькі памяць, ачышчаная прызнаннем памылак і шчырым пакаяннем, можа дапамагчы нам нарэшце паяднацца. Памяць пра нашых слаўных продкаў, пра нашыя святыні, пра гераічнае і пакутнае мінулае нашага працавітага і міралюбнага народа.

Першы крок да ачышчэння памяці — гэта рашучае адмаўленне ад святкавання гадавіны крывавага перавароту, які адбыўся ў Расіі 7 лістапада, а па старым стылі — 25 кастрычніка 1917 года.

Замест гэтага дня, які для абсалютнай большасці беларусаў сёння ўжо ні з чым не звязаны, варта зрабіць вольнымі ад працы дні 1 і 2 лістапада, калі сотні тысяч нашых суайчыннікаў ушаноўваюць сваіх памерлых продкаў, родных і блізкіх, у тым ліку і тых, якія склалі сваё жыццё на алтар служэння Бацькаўшчыне.

Фота Віктара Ведзеня

І гэта будзе рэальным, а не фармальным ушанаваннем памяці тых, хто жыў і працаваў на нашай зямлі, хто перадаў яе нам як бясцэнную святыню, каб і мы пражылі на ёй шчаслівае жыццё, годнае свабодных людзей, якімі былі нашыя слаўныя продкі — дзяды і прадзеды.

***

Меркаванні, выказаныя ў аўтарскіх матэрыялах, не з'яўляюцца афіцыйным вучэннем Касцёла і могуць не адлюстроўваць пазіцыі ККББ па закранутых пытаннях.

Абноўлена 07.11.2018 07:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця