У многіх нашых сем’ях захаваўся прыгожы звычай урачыста святкаваць дні нараджэння членаў сям’і… Ідзе падрыхтоўка, кветкі, успаміны, пасілак за супольным сталом, замоўлена святая Імша ў касцёле, падарункі. Навошта ўсё гэта? У гэты дзень мы дзякуем Пану Богу за тое, што мы ёсць, за тое, што даў нам жыццё. Гэта прыгожая традыцыя, і так павінна чыніць кожная сям’я. Чаму? Бо гэта ўзмацняе, аб’ядноўвае і ажыўляе нашу сямейную любоў.
Распачаўся Адвэнт. Для нас, хрысціянаў, гэты час асаблівы па дзвюх прычынах. Па-першае, мы рыхтуемся да дня нараджэння Езуса Хрыста, нашага Караля. Па-другое, мы рыхтуемся да сустрэчы з Ім, калі той прыйдзе ў хвале ў канцы часоў.
Езусу найважней тое, каб яго вучні былі гатовыя на спатканне з Ім. Чытанні ў літургіі Адвэнту скіроўваюць нас да двух здарэнняў Старога Запавету:
- да патопу
- да здарэнняў у Садоме і Гаморы.
Хто ўцалеў падчас патопу? Альбо падчас катаклізму ў Садоме і Гаморы?
- справядлівы Ной са сваёй сям’ёй
- справядлівы Лот са сваімі дочкамі.
Справядлівыя! Гэта значыць людзі, якія жывуць па-Божаму. Гэта людзі, якія цалкам даверыліся Богу…
Так было, так ёсць і так будзе. Божыя запаведзі нязменныя. Бог за дабро ўзнагароджвае, а за зло карае. Перад Богам улічваюцца справядлівасць сэрца, любоў, вернасць Божым запаведзям.
Час Адвэнту — гэта час радаснага чакання святаў Божага Нараджэння. Гэта час, калі ўглядаешся ў люстэрка жыцця. Гэта час, калі ўглядаешся ў сябе. Як падрыхтаваць душу да Божага Нараджэння? Як падрыхтаваць душу да спаткання з Хрыстом, які прыйдзе ў хвале ў канцы часоў?
Якая наша любоў да Бога, такое і нашае чаканне прыйсця Хрыста. Будзем уважлівымі! Не дадзім сябе ўвесці ў зман! Свет спакушае, свет гіпнатызуе, а мы павінны быць чуйнымі. Не дазволім сябе абдурыць ні варажбою, ні бляскам ёлкі, ні смачнай ежай, ні бясконцымі серыяламі і фільмамі.
Благаслаўлёная Маці Тэрэза з Калькуты сказала: «Калі б сёння Марыя і Юзаф шукалі прытулку для Езуса, то ці выбралі б мой дом?».
Што трэба зрабіць, каб добра падрыхтавацца да спаткання з Хрыстом?
Узнікае пытанне: каму або чаму прысвячаю свой час? Ці служыць тое, чым жыву штодзень, Богу і збаўленню маёй душы? Безумоўна, таму, што найбольш мне мілае, прысвячаю найбольш часу. Хто ці што знаходзіцца ў цэнтры майго жыцця?
Паглядзім у люстэрка нашага жыцця. Як выглядаюць нашыя штодзённыя сустрэчы з Богам на малітве? Колькі часу прысвячаю малітве, а колькі тэлевізійным праграмам?
Што трэба змяніць у маім жыцці, у маёй сям’і, сужэнстве? Што ў маім жыцці варта ўпарадкаваць, змяніць, выкінуць? Паводле статыстычных даных, 3 гадзіны ў дзень мы глядзім тэлевізар. Больш за 1,5 гадзіны карыстаемся інтэрнэтам. Узнікае пытанне, якое сапраўды непакоіць: чаму ўзровень нашай рэлігійнасці, узровень нашай культуры зніжаецца. Непакоіць і ўзровень ведаў сённяшніх вучняў. Чаму так адбываецца, што з году на год павялічваецца колькасць разводаў? Дзе шукаць прычыны? Прыдумалі сабе мноства заняткаў, і не хапае нам часу для сябе і для Бога.
«Калі б сёння Марыя і Юзаф шукалі прытулку для Езуса, то ці выбралі б мой дом?»
Самай вялікай пагрозай для чалавека ў наш час з’яўляюцца мас-медыя, якія больш служаць свету ці сатане, чым Богу. Вульгарнасць, эротыка, сенсацыя, насілле, грошы, улада — прынады, на якія сатана ловіць сённяшняга чалавека. Прыемнасць, прыемнасць, прыемнасць — і гэта знявольвае чалавека. А ці можа несвабодны чалавек добра падрыхтавацца да прыйсця Езуса Хрыста? Мы з’яўляемся тым, што спажываем.
«Калі б сёння Марыя і Юзаф шукалі прытулку для Езуса, то ці выбралі б мой дом?» Што варта было б змяніць у маім жыцці?
Не будзем хадзіць шляхамі, якія не вядуць да неба. Просім Марыю, Маці нашага Пана, каб суправаджала нас у падрыхтоўцы да сустрэчы з Езусам.
Кс. Максім Бачарнікаў
Пераклад с польскага Валянціны Грамыка