Пошук

30.10.2018 20:07   Тэкст: Мікола Гракаў / Catholic.by

Зло — заўсёды зло, які б прывабны ці, можа, нават жартаўлівы выгляд яно ні прымала.

«У Велікодную нядзелю 1928 г. да малітоўных дамоў <…> павольна пад’ехала некалькі грузавых машын.

На машынах было шмат маладых людзей, апранутых у яркія блазнерскія касцюмы: адны ўяўлялі сабою д’яблаў з хвастамі з анучаў, іншыя — белых анёлаў з крыламі, а адзін штукар, апрануты ў чорны рызман, увасабляў шатана з рогамі. Былі таксама пераапранутыя ў праваслаўных святароў у поўным аблачэнні, а некаторыя былі ў адзенні манахаў і манашак, у даўгіх чорных сукенках. Усе яны гучна крычалі, вырабляліся і скакалі; барты грузавікоў былі апушчаны і абабіты чырвонай тканінай.

Машыны паволі ехалі па горадзе ў суправаджэнні вялікага натоўпу камсамольцаў, хлопцаў і дзяўчат, ужо ў звычайным адзенні. Усе яны гучна рагаталі, выкрыкваючы антырэлігійныя лозунгі: „Бога няма! „Рэлігія — опіюм для народа!“ „Далоў Бога!“ <…> Машыны спыніліся, і частка шалёнага натоўпу уварвалася на падворак малітоўнага дома з гучнымі крыкамі: „Баптысты! Хопіць маліцца! Выходзь на дыспут! Бога няма!“ Але ніхто не выходзіў, быў толькі чуваць спеў пасхальнага гімну: „Ён жывы! Ён жывы! Ён смерць перамог!“»

Так баптысцкі пастар, пісьменнік і паэт Георгій Вінс па ўспамінах сваёй матулі апісвае правядзенне «бязбожнай пасхі», якую 90 гадоў таму зладзілі ў савецкім Благавешчанску маладыя камсамольцы.

Ачмураная атэістычнай прапагандай моладзь здзекавалася з рэлігійных пачуццяў вернікаў, ідучы ў авангардзе развязанай сіламі зла вайны з верай у Бога, якая неўзабаве прывяла да вялікага тэрору — фізічнага знішчэння дзясяткаў тысяч вернікаў, перадусім духавенства, на тэрыторыі ўсёй вялізнай савецкай дзяржавы.

Баль сатаны, які распачынаўся як «вясёлая», бяскрыўдная на першы погляд забава, ператварыўся ў крывавую оргію нянавісці і смерці.

Зло заўжды імкнецца маніпуляваць чалавекам. Перадусім маладым, які яшчэ толькі шукае свой шлях у жыцці і яшчэ не мае вопыту. Каб захапіць маладога чалавека, зло набывае прывабны, вясёлы выгляд, абяцае лёгкасць, прыемнасць, задавальненне.

Але тое, што на першы погляд здаецца бяскрыўднай забавай, жартам, «кайфам» — пачварны маскарад на хэлоўін, першая цыгарэта, першы кілішак, першая «доза» — насамрэч становіцца першым крокам да страты жыццёва важных арыенціраў, да блукання ў цемры, што доўжыцца бессэнсоўна пражытымі гадамі і сканчваецца заўчаснай смерцю. Без веры. Без надзеі. Без любові. Без сапраўднай радасці і шчасця.

Старажытныя кельты, ад якіх паходзіць традыцыя святкавання хэлоўіна, укладалі ў яго зусім іншае значэнне.

Пра гэта сведчыць сама назва гэтага свята, што ў наш час глабалізацыі набывае, як кажуць, «вірусную папулярнасць» ва ўсім свеце. Дык вось, слова хэлоўін, як сцвярджае найбольш аўтарытэтны Оксфардскі слоўнік англійскай мовы, паходзіць ад скарочанай англійскай фразы All-Hallows-Even  — «вечар усіх святых». Дык пры чым тут пачварныя, дэманічныя вобразы, пустыя гарбузы са свечкай усярэдзіне?..

Вядома, хтосьці на ўсёй гэтай дэманічнай атрыбутыцы зарабляе някепскія грошы. Той, хто займаецца такім сумніўным бізнэсам, сапраўды павінен лічыць, што «грошы не пахнуць». Але за грошы не купіш шчасця. Не купіш веры і надзеі. Не купіш сяброўства і любові. Не купіш нават добрай памяці пра сябе ў наступных пакаленнях. Нават калі апалагеты зла з усіх сілаў імкнуцца рэабілітаваць злыдняў, святкуючы юбілеі злачынных арганізацый, накшталт сумнавядомага камсамола.

Але ж памяць людская захавала, як тыя актывісты-бязбожнікі, што называлі сябе «камсамольцамі», скідалі крыжы і званы са святыняў, як секлі абразы і фігуры святых, як апаганьвалі святыя, намоленыя пакаленнямі іхніх продкаў месцы, як, выпіўшы «для смеласці», падпальвалі зачыненыя атэістычнымі ўладамі цэрквы і касцёлы…

Памятаюць людзі і пра тое, які канец напаткаў усіх гэтых «змагароў з Богам», якія не паспелі пакаяцца і навярнуцца.

Таму перш, чым неразважліва пераймаць чужую дурноту і дапамагаць узбагачацца гандлярам смерцю пад выглядам шатанскіх строяў і тытунёва-алкагольна-наркатычнага дурману, варта задумацца, а навошта гэта ўсё і да чаго яно можа давесці. Чалавек, нават малады, калі ён ужо набыў і яшчэ не страціў здольнасці карыстацца ўласным розумам, зробіць правільную выснову.

Сучасны юнак або дзяўчына — гэта не той, хто пераймае любы «модны трэнд», большасць з якіх — проста бліскучая рэкламная прынада-блешня на вудачцы несумленных гандляроў, мэта якіх — падмануць і зарабіць. Сапраўды сучасны юнак або дзяўчына мае добрую мэту ў жыцці, для дасягнення якой не баіцца вучыцца і працаваць, які сапраўды ўмее карыстацца інтэрнэтам, а не тоне ў багне прыхаванай рэкламы і сацыяльных сетак, які не жадае, каб хтосьці ім маніпуляваў і навязваў яму, ёй стыль паводзінаў.

Сучасны малады чалавек, які жадае быць незалежным і прымаць адказныя самастойныя рашэнні, пастараецца не трапіць у пастку аматараў лёгкай нажывы і ідэолагаў таталітарызму.

Таму ён не будзе святкаваць хэлоўін, пераапрануўшыся ў пачвару і намазаўшы сабе твар чорна-белымі фарбамі. Ён не будзе адзначаць стагоддзе камсамолу, які адыграў вельмі непрывабную, а нават злачынную ролю ў гісторыі нашага народа. Нездарма самы галоўны савецкі сімвал — чырвоная зорка — сатанісцкі па сваёй сутнасці.

Сучасны юнак або дзяўчына, якія ведаюць, хто яны, і жадаюць пражыць на зямлі прыгожае і шчаслівае жыццё, не дадуць уцягнуць сябе ў баль сатаны, які з новым імпэтам будзе зноў шалець у гэтыя дні навокал, імкнучыся засмактаць у свой д’ябальскі, смяротна небяспечны вір новыя ахвяры. Замест гэтага ён, яна разам з іншымі вернікамі ўзгадае ў гэтыя святыя дні сваіх продкаў — тых, хто перадаў ім дар жыцця і скарб веры: тыя найбольшыя для чалавека багацці, якія імкнуліся і імкнуцца знішчыць сатана і яго паслугачы.

І замест таго, каб страшыць выпадковых мінакоў свечкаю ў гарбузе, ён, яна прыбярэ магілы сваіх продкаў, запаліць на іх зніч і ў ціхай малітве падзякуе Богу за дар жыцця, за веру, надзею і любоў, а таксама папросіць для сябе і для сваіх блізкіх сапраўднага шчасця, якое можа даць толькі бясконца любячы Тата — Бог, і ніколі — той, хто з Ім змагаецца.

***

Меркаванні, выказаныя ў аўтарскіх матэрыялах, не з'яўляюцца афіцыйным вучэннем Касцёла і могуць не адлюстроўваць пазіцыі ККББ па закранутых пытаннях.

Абноўлена 02.11.2018 09:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.