Пошук

30.10.2018 12:12   Падрыхтавала: Кацярына Кімленка / Catholic.by

Як Рым стаў сусветным цэнтрам культуры і мастацтва і якую ролю ў гэтым адыгралі Папы эпохі Адраджэння — у нашым сённяшнім матэрыяле.

Пасля завяршэння Авіньёнскага палону Папаў (1309–1378) і Вялікай Схізмы (1378–1417), калі адразу некалькі прэтэндэнтаў аб’яўлялі сябе сапраўднымі Папамі, Марцін V вярнуўся ў Рым. Гэтая падзея адкрыла новы перыяд — перыяд т.зв. «рэнесанснага папства». Завершыцца ён толькі ў 1527 г. з уступленнем войскаў Карла V, імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі, у Рым.

Адной з асноўных рысаў гэтай эпохі было імкненне Пантыфікаў зрабіць Рым годным называцца сталіцай хрысціянства. Ажыццяўлялася гэтая задача пры дапамозе мастацкіх, архітэктурных, літаратурных шэдэўраў.

У Рыме гуманісты вывучалі розныя аспекты антычнасці, выдавалі тэксты, пісалі пад уплывам класічных узораў уласныя паэмы і п’есы. Паколькі многія старажытныя артэфакты знаходзіліся ў Рыме або яго наваколлі, Папам было наканавана стаць самымі вялікімі калекцыянерамі і захавальнікамі антычнага мастацтва.

Латэранскі палац

Пасля таго, як Мікалай V (1447–1455) пераехаў з Латэранскага палаца ў Ватыканскі, ён і яго наступнікі ініцыявалі ўзвядзенне новай гарадской інфраструктуры і аднаўленне старой.

Гэта было зроблена ў тым ліку для зручнасці пілігрымаў і правядзення розных працэсій. На Рым часоў імперыі глядзелі як на мадэль, дзе розныя пабудовы і творы мастацтва мелі не толькі эстэтычнае, але і грамадска-палітычнае значэнне. Запрашаючы ў Рым лепшых мастакоў і архітэктараў, многія Папы гэтага перыяду лічылі, што велічныя пабудовы дадаткова ўзмоцняць аўтарытэт Касцёла.

Хоць перыяд «рэнесанснага папства» стаў «залатым векам» з пункту гледжання культуры, у гэты час назіраліся і пэўныя перабольшанні і нават злоўжыванні, калі пад выглядам узвышэння аўтарытэту Касцёла адбывалася ўзвялічванне канкрэтных асобаў, што часам вяло да развіцця непатызму, карупцыі, фінансавых праблем. Усё гэта не толькі не павялічвала аўтарытэт Касцёла, а, наадварот, шкодзіла яго паўсюднай місіі.

Сёння некаторыя гісторыкі кажуць, што з усяго перыяду «рэнесанснага папства» толькі пантыфікат Мікалая V па-сапраўднаму станоўча адбіўся на прэстыжы Касцёла.

Папа Мікалай V

Мікалай V увайшоў у гісторыю як «першы Папа-гуманіст» (1447–1455), які ўмацаваў за Рымам права называцца сталіцай хрысціянства. Ён вывучаў грэчаскую мову ў Фларэнцыі і калекцыянаваў манускрыпты, што ставіць яго ў адзін шэраг з іншымі вучонымі-гуманістамі. Мікалай V больш глыбока, чым яго папярэднікі, засвоіў рэнесансную культуру і ўспрыняў гуманістычны спосаб думак.

У 1444 г. Тамазо Парэнтучэллі — будучы Пантыфік Мікалай V — стаў біскупам Балоньі. На Ферара-Фларэнтыйскім саборы ён праводзіў дыскусіі з прадстаўнікамі Армянскай Царквы, коптамі, якавітамі з мэтай пераадолець дактрынальныя адрозненні з Каталіцкім Касцёлам. У цэлым, ён быў вельмі ўдалым перамоўшчыкам і касцёльным дыпламатам.

Пасля таго, як у 1447 г. Мікалай V быў абраны Папам, ён абвясціў 1450 год юбілейным. З гэтай нагоды ў Рым з’ехалася каля 100 тысяч пілігрымаў. Базылікі не закрываліся нават на ноч і пастаянна былі напоўненыя пілігрымамі. Кананізацыя Бэрнардына Сіенскага стала першай у гісторыі Касцёла, якая адбылася падчас юбілейнага года.

Святы Бэрнардын Сіенскі

Папа не лічыў мастацтва пустым, бо, на яго думку, яно таксама сведчыла пра Божую хвалу.

Мікалай V не адрозніваўся ні сквапнасцю, ні непатызмам, чым асабліва выдзяляўся сярод многіх Пантыфікаў гэтага перыяду.

У прыватнасці, ён лічыў, што для непісьменных простых людзей, якім цяжка было зразумець усю глыбіню хрысціянскага веравучэння, было неабходна прадэманстраваць веліч Касцёла, стварыць вобраз, які б умацоўваў іх асабістую веру. На яго думку, калі аўтарытэт Касцёла як Божага Валадарства на зямлі знаходзіў адлюстраванне ў велічных будынках і ўзнёслых помніках, што неслі на сабе адбітак прыгажосці самога Творцы, гэта спрыяла ўмацаванню веры і яе перадачы з пакалення ў пакаленне.

Менавіта Мікалай V сфармуляваў ідэі наконт архітэктурнага выгляду Рыма, якія крок за крокам пасля рэалізавалі яго наступнікі.

На пачатку пантыфікату Мікалая V праблема схізмы была яшчэ не вырашана канчаткова: існаваў антыпапа Фелікс V, які працягваў пагражаць Рыму.

Менавіта Мікалай V канчаткова пераадолеў той балючы падзел і аднавіў мір у Папскай дзяржаве, а таксама прымірыўся з рымскай арыстакратыяй.

Пры гэтым некаторыя яго рашэнні нельга назваць бездакорнымі. Так, у 1452 і 1455 гадах ён выдаў булы, якія адкрывалі магчымасць для партугальскіх каланізатараў на спрэчных тэрыторыях Афрыкі ператвараць людзей у нявольнікаў. Гэтыя дакументы, на жаль, у той час спрыялі далейшаму гандлю людзьмі.

Чым вядомыя іншыя Пантыфікі гэтага перыяду? Сікст ІV — сваімі горадабудаўнічымі праектамі, што ўключалі ў сябе ўзвядзенне новых касцёлаў і мастоў, такіх як, напрыклад, Санта-Марыя-дэль-Попала і Понтэ-Сісто, але, перш за ўсё, яго імя звязана з будаўніцтвам славутай Сікстынскай капэлы.

Роспісы Мікеланджэла ў Сікстынскай капэле

Папа Юлій ІІ даручыў Мікеланджэла распісаць гэтую пабудову. Леў Х з фларэнтыйскага роду Медычы быў апекуном Рафаэля.

Не дзіва, што Рым паступова станавіўся культурным цэнтрам свету, выцясняючы з гэтай пазіцыі Фларэнцыю, дзе ў былыя часы тварылі Дантэ, Петрарка і Бакачча.

Як хрысціянская сталіца і адначасова як сталіца Старажытнага Рыма горад вабіў мастакоў і архітэктараў магчымасцю вывучаць антычнае мастацтва.

Мецэнацкая дзейнасць Юлія ІІ і Льва Х, скіраваная на развіццё мастацтва, стала ператвараць Рым у горад Новага часу, сучасны горад. Менавіта перыяд «рэнесанскага папства» звязаны з пераездам у Вечны горад многіх вядомых мастакоў і архітэктараў таго часу. Менавіта ў Рыме эпохі Адраджэння прадстаўнікі гэтых прафесій перасталі лічыцца рамеснікамі, іх праца стала добра аплочвацца, і нават існавала магчымасць за дасягненні ў мастацтве атрымаць шляхецтва.

Папы эпохі Адраджэння, якія спрыялі росквіту культуры, паклалі канец сярэднявечнаму вобразу Касцёла. Такім чынам, у гэты перыяд, калі Пантыфікі былі не толькі пастырамі, але таксама палітыкамі і мецэнатамі, значна ўмацавалася роля Рыма, які стаў сусветным цэнтрам культуры і мастацтва на наступныя стагоддзі.

Абноўлена 18.12.2018 12:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа