Пошук


1 лістапада адзначаецца ўрачыстасць Усіх Святых. У гэты дзень аддаецца пашана людзям, якія знаходзяцца ў небе. Іх прынята называць святымі.

У старажытнай Грэцыі і Рыме «святымі» называлі найперш багоў, а пазней – і людзей, якіх лічылі народнымі героямі, ці імператараў і членаў іх сем’яў. Напрыклад, святым лічылі заснавальніка Рыма – Ромула. Пры гэтым такім людзям прыпісвалі боскія рысы. Паступова ў рымскім праве найменне «святы» пачалі выкарыстоўваць выключна ў дачыненні да рэчаў. Гэта былі прадметы, будынкі і месцы, прысвечаныя багам, а таксама сцены і брамы горада.

У Старым Запавеце пад святасцю разумелі адасобленасць Бога ад стварэнняў, а ў адносінах да чалавека гэтае слова выкарыстоўвалі настолькі, наколькі чалавек меў адносіны з Богам. Пазней гэтым словам таксама акрэслівалі маральную дасканаласць чалавека. У Новым Запавеце слова «святы» адносілі да істоты Бога. Чалавек жа запрошаны ўдзельнічаць у Божай святасці. Касцёл – гэта новы Божы народ, «народ святы». Святасць членаў Касцёла патрабуе маральнай святасці і пакідання грахоўнага жыцця. Святасць хрысціянаў праяўляецца ў выкананні Божых запаведзяў, любові да бліжняга і лучнасці з Хрыстом.

Сярод мноства вернікаў, якія ў святасці скончылі жыццё на зямлі, некаторых Касцёл абвяшчае святымі і благаслаўлёнымі. Можна сказаць, што ўрачыстасць Усіх Святых – гэта ўспамін увогуле ўсіх святых, як вядомых нам і абвешчаных Касцёлам, так і шматлікіх невядомых.  

Першыя людзі, якія ў Касцёле прызнаваліся святымі, былі мучанікамі. Слова на грэчаскай і лацінскай мовах, якім акрэслівалі гэтую катэгорыю святых, літаральна азначае «сведка». Той, хто памёр за Хрыста, стаў найвыдатнейшым сведкам Яго Евангелля. Першым «кананізаваным» святым у Касцёле з’яўляецца мучанік Стэфан. У Дзеях Апосталаў напісана, што пасля мучаніцтва ён быў пахаваны «пабожнымі людзьмі», як тады называлі хрысціян. Можна сказаць што пахаванне здзейсніла мясцовая хрысціянская супольнасць, а не толькі сям’я памерлага, як тады было прынята. Такое пахаванне мучаніка мясцовай супольнасцю ў прысутнасці біскупа, які ёй кіруе, у першых хрысціян азначала пачатак публічнага культу святога. Днём яго ўспаміну станавіўся дзень смерці – дзень нараджэння для неба. Адзначаўся гэты дзень каля месца пахавання.

Паступова апрача цялеснага мучаніцтва (мучаніцтва крыві, або яўнага) Айцы Касцёла пачалі адрозніваць духоўнае мучаніцтва, якое палягала на жыцці згодна з Евангеллем (схаванае мучаніцтва). Святых, якія належаць да другой катэгорыі, пачалі называць вызнаўцамі. Як мучанік станавіўся сведкам Хрыста сваёю смерцю, так вызнаўца даваў сведчанне сваім жыццём. Асаблівым чынам гэта праявілася тады, калі хрысціянства становіцца дзяржаўнай рэлігіяй ў Рымскай імперыі і спыняюцца пераследы. Тады ж узнікае манаства – спецыфічная форма святасці сярод вызнаўцаў і адначасова нібы новы кшталт мучаніцтва.

Святасць адна, але і разнастайная, яна можа быць рэалізавана рознымі людзьмі ў розных акалічнасцях, хоць усе вернікі пры гэтым развіваюць сваю лучнасць з Хрыстом і атрымалі таго самага Духа Святога. Як кажа Другі Ватыканскі Сабор (Lumen Gentium н. 41): «Таму ўсе хрысціяне з дня ў дзень будуць усё больш асвячацца ва ўмовах свайго жыцця, сярод сваіх абавязкаў ці жыццёвых абставін, калі з верай будуць прымаць усё з рукі Нябеснага Айца і супрацоўнічаць з Божай воляй, паказваючы ўсім у часовым служэнні тую любоў, якой Бог палюбіў свет».

Кс. Кірыл Бардонаў

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа