Пошук

23.10.2018 12:20   Галіна Калевіч / ave-maria.by

Апостал Якуб кажа: «Язык — гэта агонь, свет несправядлівасці; змешчаны паміж нашых членаў, язык апаганьвае ўсё цела і запальвае кола жыцця, а сам запальваецца ад геены» (Як 3, 6).

Менавіта такі язык, які «запальваецца ад геены», здольны забіваць. На жаль, пра гэта многія ўвогуле не задумваюцца. Часта можна пачуць: «Я нічога не ўкраў, нікога не забіў, таму мне няма з чаго спавядацца».

Прыкладна так пра сябе гаварыла і вядомая сёння містычка Глорыя Пола, пакуль Бог не адкрыў перад ёю яе «Кнігу жыцця». Нагадаем, што гэта жанчына, урач з Калумбіі, у 1995 годзе амаль не загінула ад удару маланкаю, аднак Бог вярнуў ёй жыццё, каб яна сведчыла пра тое, што ўбачыла на тым свеце. Яе кніга «Бог даў мне другі шанец» вядомая сёння ў многіх краінах, у тым ліку і ў нас.

Вось сведчанне Глорыі Пола пра тое, што злое слова забівае.

— Мне было паказана, што чалавека можна забіць не толькі стрэлам з пісталета. Не, дастаткова яго ненавідзець, жадаць яму зла, крыўдзіць яго і зайздросціць яму. Існуе такое паняцце, як знішчэнне добрага імя. Забойствы ў сем’ях альбо ў іншых нейкіх месцах часта пачынаюцца з такіх адносінаў, якія мы лічым бяспечнымі. Дзякуючы падзеям, пра якія сёння расказваю, я на ўласным вопыце зразумела, што словы і выразы, якія выходзяць з нашых вуснаў і якія мы так часта легкадумна прамаўляем, не ідуць на вецер і не знікаюць бясследна. Не, яны застаюцца рэальнасцю, якая пазней да нас вяртаецца.

Раней я часта, напрыклад, падманвала сваю маці, а каб яна мне верыла, гаварыла: «Мама, няхай мяне ўдарыць маланка, калі я гавару няпраўду!» Пра гэтыя словы я даўно забылася, але так і здарылася ў жыцці — маланка прайшла скрозь маё цела і практычна спаліла яго. І толькі дзякуючы Божай міласэрнасці я вярнулася з пекла, хоць менавіта яго я заслужыла сваім ранейшым жыццём.

Працягваючы гэтую тэму, прывядзём некалькі сумных сведчанняў нашых чытачоў, якія прасілі змяніць іх імёны.

Ларыса, г. Мінск:

— Я выйшла замуж у 18 гадоў за чалавека, якога вельмі кахала. Ён быў старэйшы за мяне на 10 гадоў. Жыццё нашае было няпростым. Яшчэ да мяне муж меў адносіны з жанчынамі, але і пасля нашага шлюбу, на жаль, не спыніўся. У сваім бяссіллі я закатвала істэрыкі, скандаліла і вельмі яго раўнавала. Тады я не малілася і нават не верыла ў Бога — быў гэта 80-ы год.

Аднойчы вечарам мы моцна пасварыліся. Я ўсю ноч не спала, накручваючы сябе супраць мужа. Раніцою, калі ён адыходзіў на працу, я крыкнула яму ўслед: «Каб ты здох!» У гэты ж вечар яго забілі каля ліфта ў пад’ездзе нашага дома. Ніхто не знайшоў забойцу, а да мяне толькі праз гады прыйшло ўсведамленне таго, што гэта я яго забіла сваёю нянавісцю і праклёнам.

Яніна, Астравецкі раён:

— Мне ўжо 85 гадоў. Жыццё пражыла вельмі цяжкое. У нашай сям’і было 9 дзяцей, бацька загінуў на фронце. Я бачыла, як пакутавала наша бедная маці, каб падняць нас на ногі. З маленства ў маім розуме склаўся стэрэатып таго, што жаночая доля — гэта суцэльнае няшчасце і нават праклён. Я выйшла замуж. Першай у нас нарадзілася дзяўчынка Аня. Я радавалася дзіцяці, але... як значна пазней зразумела, я пракляла сваё дзіця.

Я стала наракаць на Бога, што даў мне дзяўчынку. Казала, што няхай бы лепш нарадзіўся хлопчык, бо ў мужчынаў лягчэйшая доля. Потым я пра гэтыя негатыўныя эмоцыі забылася і радавалася таму, як расце наша дачушка. Калі ж ёй споўніўся годзік, Анечка моцна захварэла і вельмі хутка памерла. Дактары тады і самі не ведалі, што здарылася, падазравалі менінгіт. Гэтае гора не адпускае мяне ўсё жыццё. Я нарадзіла яшчэ пяцёра дзяцей, і гэта былі ўсе хлопцы. Мае сыны выраслі добрымі людзьмі, у іх свае сем’і. На нявестак таксама не скажу нічога благога, але ў іх свае мамы, і яны стараюцца больш увагі ўдзяляць ім. Я ж вельмі часта сумую па сваёй дачушцы, бо мне яе вельмі не хапае.

Наталля, г. Мінск:

— Мы з братам раслі ў простай сям’і працоўных людзей. Ні тата, ні мама не злоўжывалі алкаголем, хаця ў нашай радні былі п’яніцы. У свае 25 гадоў мой брат стаў вельмі хутка співацца. З-за гэтага яго кінула жонка і пераехала з дачкою ў іншы горад. Нашыя бацькі ў сваёй бездапаможнасці часта пракліналі свайго сына, кажучы: «Каб ты нарэшце захлынуўся...»

Аднойчы мой брат не выйшаў з запою і на вачах нашай маці ён сапраўды «захлынуўся» чорнай пенай, якая пайшла ў яго з горла. Ён прасіў у той час у маці спіртнога, каб пахмяліцца, але яна яму не дала, думаючы, што робіць лепш. Дактары потым сказалі, што магла б тады дапамагчы нават валяр’янка, але, на жаль... Так у свае 40 гадоў загінуў мой брат, вельмі ранімы і добры чалавек. Маці адразу ж захварэла псіхічна — стала чуць нейкія галасы і бачыць нейкіх істотаў. Праз некалькі гадоў памерла. Цяпер я добра разумею, што майму брату не хапала бацькоўскай малітвы, затое было шмат праклёнаў.

Не запальвайма сваіх языкоў ад геены!

Абноўлена 23.10.2018 15:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа