Пошук

14.10.2018 08:02   Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by

14 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень маці. Гэта добрая нагода для таго, каб чарговы раз падзякаваць мамам за іх клопат, пяшчоту, увагу і апеку.

Толькі мама заўжды прытуліць сваё дзіця незалежна ад таго, колькі гадоў яе сыну або дачцэ. Для мамы мы заўжды застаёмся дзецьмі. Таму пытанні, ці апранулі мы зімой шапку або што елі на абед, заўсёды будуць для яе натуральнымі. Нам трэба гэта зразумець і не крыўдаваць.

Мама — наш самы адданы балельшчык. Якія б цяжкасці ні здараліся ў нашым жыцці, мама заўсёды будзе на нашым баку, бо мы для яе — самыя-самыя: разумныя, моцныя, таленавітыя.

Часам мы раздражняемся, злуёмся на маму, лічым сябе дарослымі, якія самі ўсё ведаюць лепш. Але якое шчасце для мамы, калі мы не забываемся пра яе, пра родны дом, а прыязджаем, тэлефануем, размаўляем, не саромеемся казаць, што любім яе. На жаль, гэтае ўсведамленне прыходзіць не адразу, а з узростам.

Міжнародны дзень маці існуе менавіта для таго, каб аддаць пашану нашым мамам. Усміхнуцца, падарыць кветкі, прытуліць матулю да сябе і сказаць, што яна для нас самая лепшая. Не забывайцеся пра сваіх матуль!

Гэтыя радкі, напісаныя мной для песні, прысвечаны Матулі, хачу імі падзяліцца з вамі ў Дзень маці.

Любая Мама мая, ты начамі не спала
калі йшоў у свет шчасця, долі шукаць,
і на памяць аб доме ты рушнік, вышываны табою
квеццем ружы, чаромхі і бэзу, дала.

Рассцялю я яго, калі сумна і гора,
акунуся ў гады, дзе дзяцінства прайшло,
дзе матуліны рукі, спрацаваны табою да болю,
прытуляюць пяшчотна да сэрца свайго.

Мама люба мая, ты чакаеш, я знаю,
калі сын твой вернецца ў парогі свае,
каб падзякаваць словам і з табой памаліцца да Бога
за твой клопат пяшчотны і промень жыцця.

Я вярнуўся ўжо: не сумуй, дарагая,
прытулі, як тады, калі йшоў я ў свет,
наталі цеплынёю, адары сына дарам спакою
і дазволь да бацькоўскага дому ўвайсці.

Абноўлена 14.10.2018 21:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.