«Я вас шукаў, а цяпер вы прыйшлі да мяне». Любая моладзь!
Вышэй згаданыя словы «Я вас шукаў, а цяпер вы прыйшлі да мяне» належаць святому Яну Паўлу II, Святому Айцу, які звярнуўся імі да моладзі, што прыбыла ў Ватыкан, каб падтрымаць Пантыфіка ў яго апошнім крочанні зямной дарогай.
Ватыканская плошча св. Пятра 2 красавіка 2005 года сабрала дзясяткі тысяч дзяўчат і хлопцаў з усяго свету. Яны прыбылі, каб быць разам са сваім Папам, які першым з Пантыфікаў ініцыяваў Сусветныя дні каталіцкай моладзі.
Гэтым ён даў новы штуршок у душпастырстве Касцёла. Некаторыя перажывалі: розныя кантыненты і менталітэты, мовы і традыцыі – як гэта будзе? Аднак, калі бачылі больш за мільён маладых людзей, якія, нібы кветкі на лузе, прыбывалі з розных частак свету, каб сведчыць пра сваю веру і маладосць, казалі: Ян Павел ІІ – прарок моладзі!
Дарагія! Мінаюць гады. Сёння св. Ян Павел ІІ благаслаўляе Сусветныя дні моладзі з акна Дома Нябеснага Айца. Так было ў Кракаве, так будзе і ў Панаме, куды ўсіх ахвотных запрашае ў студзені 2019 года папа Францішак.
Мы ўпэўнены, што Сінод Біскупаў, прысвечаны моладзі, будзе агорнуты яго заступніцтвам перад Панам.
Аднак, памятаеце, папа Францішак гаварыў да моладзі: «Вы маеце патрэбу ў тым, каб адчуць, што хтосьці сапраўды верыць у вас. Дык ведайце, што Папа верыць у вас, што Касцёл верыць у вас! Даверцеся Касцёлу!»
Мае маладыя сябры, за папам Францішкам паўтараю сёння і я: Касцёл на Беларусі верыць у вас, давярае вам і ўскладае на вас надзею! Бо вы – «пакліканыя з Марыяй да жыцця ў ласцы Божай».
Таму звяртаюся да вас з вялікай просьбай аб малітве за Сінадальных Айцоў на чале са Святым Айцом Францішкам, прысутнымі экспертамі, а асабліва за маладых людзей, каб не баяліся весці рэлігійную дыскусію ў дарозе жыцця, як гэта рабілі «вучні па дарозе ў Эмаўс», аб чым нагадаў Папа на пачатку Сіноду; каб разам з тым мелі ласку раcпазнавання Хрыста, Які ідзе ім насустрач.
Дарагія! Кастрычнік – месяц ружанцовай малітвы. Марыя прабывае з намі, як і тады з апосталамі ў дзень Пяцідзясятніцы. Няхай малітоўнае чуванне, прыняты дабравольна пост, зменшаны час за кам’ютарам і размовамі ў месенджарах будуць вашым сціплым, але вельмі важным унёскам у агульную справу, якой з’яўляецца Сінод Біскупаў пра моладзь.
Выкарыстайце, мае дарагія, магчымасці электронных носьбітаў, прыдумайце моладзевыя рэлігійныя лайкі і перашліце інфармацыю аб неабходнасці малітвы за Сінод знаёмым.
Няхай распаўсюджваецца інфармацыя аб тым, што Касцёл турбуецца пра жыццё моладзі, яе пошук сябе і выбар ёю пэўнага шляху ў жыцці. Любая моладзь! Няхай ваш уклад і зацікаўленасць у малітве будуць знакам таго, што гэты Сінод не толькі пра моладзь, але і з моладдзю.
Марыя, Каралева святога Ружанца, з’яднай нас на супольнай малітве аб будучыні Касцёла і грамадства – моладзі!