Пошук

03.10.2018 14:30   Падрыхтавала: Кацярына Кімленка / Catholic.by

У 2014 г. папа Францішак заявіў на сустрэчы з Патрыярхам Канстанцінопальскім Барталамеем, што для дасягнення адзінства паміж Цэрквамі належыць звярнуцца да вопыту Ферара-Фларэнтыйскага Сабору XV ст. Што гэта быў за Сабор, у якім католікі і праваслаўныя ў апошні раз удзельнічалі разам — у нашым сённяшнім матэрыяле.

Стратэгічнай мэтай гэтага Сабору было аб’яднанне Усходняй і Заходняй Цэркваў — Візантыі і Рыма, да чаго ў тую эпоху падштурхоўвала неабходнасць абароны Канстанцінопаля ад туркаў. Адзінства, дасягнутае на Саборы, праіснавала фактычна да падзення Канстанцінопаля ў маі 1453 г., але афіцыйна перастала існаваць у 1472 г.

Заключаная на Саборы дамоўленасць аб адзінстве, так званая «Унія», не азначала зліцця Цэркваў. Усход і Захад захавалі ў недатыкальнасці свае літургічныя, кананічныя і тэалагічныя традыцыі. Імпульсы, дадзеныя Ферара-Фларэнтыйскім Саборам, прывялі да таго, што праз стагоддзі на Другім Ватыканскім Саборы была замацавана мадэль Цэркваў-сясцёр.

Адносіны, якія існавалі паміж усходнім і заходнім хрысціянствам у той час, і дэкрэт Сабору Lætentur Сæli па-ранейшаму маюць гістарычнае значэнне і актуальныя для справы хрысціянскага адзінства.

Гісторыя Фларэнтыйскай уніі сваімі вытокамі ўзыходзіць да Канстанцкага Сабору. Яму папярэднічалі перамовы аб перспектывах царкоўнага ўз’яднання. Ферара-Фларэнтыйскі Сабор не быў нават асобным Саборам, а з’яўляўся працягам Базельскага. У студзені 1439 г. Сабор быў перанесены ў Фларэнцыю ў сувязі з пачаткам эпідэміі чумы ў Ферары.

Для насельніцтва Фларэнцыі Сабор быў свайго роду відовішчам, на якім можна было ўбачыць візантыйскага імператара Яна VIII Палеалога і ўсходняе духавенства, якое вылучалася сваімі раскошнымі цырыманіяльнымі адзеннямі. Акрамя імператара ў грэчаскую дэлегацыю ўваходзіў Патрыярх Канстанцінопальскі Юзаф ІІ і 20 мітрапалітаў. Усяго прыкладна 700 чалавек прадстаўлялі Усходнюю Царкву на Саборы.

Пры правядзенні Сабору адной з першых праблем было захаванне пратаколу. Дэлегацыя Усходняй Царквы пастаянна пратэставала супраць дамоўленасцяў, якія выглядалі натуральнымі толькі для лацінян. Ян VIII Палеалог не мог пагадзіцца з тым, што трон папы Яўгена IV быў вышэйшы за ягоны. Візантыйскаму імператару не дазволілі прыехаць у палац Папы на кані, ішлі спрэчкі аб тым, хто павінен цалаваць чыю руку, і г.д. Заходні Касцёл імкнуўся як мага часцей ісці на кампраміс. Напрыклад, па пытанні аб тым, хто — Папа ці імператар — мае права адкрываць Сабор, было вырашана, што Яўген IV адкрые яго, але з санкцыі Яна VIII Палеалога.

У ходзе Ферара-Фларэнтыйскага Сабору агульным для Цэркваў было разуменне таго, што «старажытныя святыя былі больш правільныя і верныя ў сваёй веры».

Было вырашана, што пераадолець адрозненні дапаможа спадчына Айцоў Касцёла.

У Фларэнцыі задача вызначэння «хто меў рацыю» зводзілася да місіі высвятлення таго, хто – грэкі ці лаціняне – прадстаўляў вераванні святых больш правільна.

На выяве: візантыйскі імператар Іаан VIII Палеалог

Па меркаванні Марка Эфескага, асноўным прадметам спрэчак паміж хрысціянскім Усходам і Захадам быў член Сімвала веры пра паходжанне Духа Святога ад Айца і ад Сына — філіоквэ, таму пытанне абмяркоўвалася першым. Пазіцыя Усходняй Царквы заключалася ў тым, што ў адпаведнасці з 7 канонам Трэцяга Сусветнага Сабору ў Эфесе 431 года нельга ўносіць самавольных зменаў у Сімвал веры.

Заходні Касцёл падкрэсліваў, што ў Сімвал веры не было нічога дададзена, ён не быў зменены, а філіоквэ толькі тлумачыў, высвятляў і лагічна развіваў апостальскае вучэнне.

Акрамя таго, існавала праблема адэкватнага перакладу на грэчаскую мову лацінскага тэрміна processio, які з’яўляецца важным для тлумачэння філіоквэ. Тым не менш, прадстаўнікі Усходняй Царквы згадзіліся з выкарыстаннем філіоквэ.

Па пытанні пра чысцец Ферара-Фларэнтыйскі Сабор пастанавіў, што некаторыя душы ачышчаюцца дзякуючы пакаранню пасля смерці, але вучэнне пра фізічнае месца чыстца пад ціскам Праваслаўнай Царквы не знайшло адлюстравання ў рашэннях Сабору. На апошніх сесіях у Фларэнцыі абмяркоўваўся прымат Папы.

Уяўленні пра ўладу Папы на хрысціянскім Усходзе былі далёкія ад рэалій канца Сярэднявечча і заходніх кананічных распрацовак гэтага перыяду. Адзінае, што ў гэтай сферы адстойвалі грэкі – захаванне вучэння пра пентархію (пяць патрыярхаў). Рашэнне Сабору не нагадвала ранейшую формулу Primus inter pares — Πρῶτος μεταξὺ ἴσων (першы сярод роўных). Замест гэтага Пантыфік апісваўся як галава ўсяго Касцёла з універсальнай юрысдыкцыяй па пытаннях дактрыны. Пасля яго ў парадку старшынства пералічаны Патрыярх Канстанцінопальскі, затым Александрыйскі, Антыяхійскі, Ерузалемскі. Акрамя таго, грэкі дастаткова лёгка згадзіліся з прыматам з-за таго, што мова, якой напісаны асноўны дэкрэт Ферара-Фларэнтыйскага Сабору Lætentur Cæi, можа інтэрпрэтавацца і ў святле пентархіі, асабліва ўлічваючы тое, што імі не быў заўважаны перыяд, у які роля Папы атрымала новае напаўненне.

Папа Яўген IV пацвердзіў пераадоленне схізмы паміж Заходняй і Усходняй Цэрквамі.

Тэкст Lætentur Сæli перад вялікай колькасцю духоўных асобаў і грамадзян, якія ўсведамлялі выключны характар падзеі, зачыталі кардынал Джуліяно Чэзарыні ад Заходняга Касцёла і Вісарыён Нікейскі ад Усходняй Царквы. Пасля вяртання ў Канстанцінопаль, аднак, многія грэкі адмовіліся ад уз’ядання Цэркваў. Лічыцца, што не ўсім было вядома, што ўтрымлівалася ў тэксце дамоўленасці.

Дэбаты на Фларэнтыйскім Саборы ясна паказалі неабходнасць дэталёвага вывучэння «сусвету» кожнай з Цэркваў. Культурныя і метадалагічныя адрозненні, моўная праблема адыгралі сваю ролю ў правале справы адзінства. Тым не менш, складана пераацаніць важнасць Ферара-Фларэнтыйскага Сабору для гісторыі хрысціянства, бо да сённяшняга дня ён з’яўляецца найбольш істотнай спробай ліквідаваць балючы і ненатуральны падзел паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой.

Абноўлена 03.10.2018 17:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця