Пошук

30.09.2018 12:03   Catholic.by

Дарагія мае, прывітанне.

Пасля сустрэчы з папам Францішкам у краінах Балтыі я вырашыў звярнуцца да сябе і да вас з пытаннем. Не, гэта не будзе паўторам пачутага з вуснаў Пантыфіка або пераказам матэрыялаў каталіцкай прэсы: кожны, хто чытае гэтыя радкі, напэўна, і так сачыў за пастырскім візітам Святога Айца.

Я пра іншае. Нядаўна ў адным з гарадоў Беларусі ладзіўся фэст, які наведала больш за 100 тысяч чалавек, пераважна моладзь. Разагрэтыя напоямі, якія ліліся ракой, дзяўчаты і хлопцы гучна падпявалі артыстам, якія асабліва не выбіралі слоў у «сваіх песнях» з непрыстойнымі выразамі. Моладзь паўтарала даслоўна, як загіпнатызаваная.

Хтосці скажа: дарагі, ты незаўважна пастарэў, бо гэта якраз тое, што патрэбна моладзі, гэта іх куміры. Ты ж сам быў маладым. Няхай нагуляюцца пакуль маладыя. Аднак пытанне: куды вядуць і да чаго набліжаюць маладога чалавека такія паводзіны?

Цяпер пра пастырскі візіт папы Францішка. Пантыфік прамаўляў спакойна і ціха, па-італьянску. У Каўнасе быў халодны ранак, але людзей на сустрэчу з Святым Айцом прыбыло вельмі шмат.

Раз-пораз натоўп апладысментамі перарываў прамову Пантыфіка. Так людзі рэагавалі на словы і змест сказанага Святым Айцом, што кранала душу. Гэта была рэакцыя ўнутранага чалавека, які выказваў згоду са словамі Папы.

Слёзы змешваліся з радасцю ад дотыку далоні Пятра нашых часоў, вусны шапталі аб радасці сустрэчы і словы запрашэння на Беларусь. Візіт скончыўся, эмоцыі супакоіліся, мы вярнуліся дадому.

Фота Віталія Палінеўскага

А цяпер — размова паміж маці, якая прымала ўдзел у сустрэчы з Папам, і дачкой, якая ездзіла на фэст у адзін з беларускіх гарадоў.

Маці папракнула дачку, што тая не захацела ехаць на сустрэчу з Папам у Вільню, бо любіць толькі весяліцца. З матчынай цеплынёй яна заахвоціла дачку ісці за прыкладам, які паказвае аўтарытэтны чалавек. А пасля спыталася: хто з’яўляецца для цябе ўзорам для пераймання, «кумірам»?

У адказ пачула прозвішча, а можа нават мянушку музыканта, якога, дарэчы, сама дачка ніколі не бачыла і не размаўляла з ім.

Калі сляпы вядзе сляпога, абодвух трэба ратаваць.

Таму Пантыфік у звароце да моладзі казаў, што жыццё — гэта заўсёды дарога, на якой мы шукаем свой уласны кірунак, без боязі вярнуцца назад, калі зробім памылку. Самае небяспечнае, паводле слоў Святога Айца, — пераблытаць жыццё з лабірынтам, з вяртаннем у кола вакол саміх сябе замест таго, каб шукаць дарогу, якая выведзе на адкрытую прастору.

Не будзьце моладдзю ў лабірынце, з якога цяжка выйсці, а станьце моладдзю ў дарозе.

Варта запытацца ў сябе: ці вызначыўся я ўжо з напрамкам дарогі? Ці крочу дарогай Евангелля? Можа, мая дарога — гэта імкненне ісці наперакор бацькам? Ці не паддаўся я «сляпому» і ананімнаму правадыру?

Папа Францішак падбадзёрваў моладзь: Не бойцеся зрабіць стаўку на Хрыста, прыняўшы Яго справу — справу Евангелля. І абяцаў моладзі, што Хрыстус ніколі не сыдзе з чаўна нашага жыцця, заўсёды будзе стаяць на ростанях нашага жыцця, ніколі не перастане змагацца за нас, нават калі часам мы самі будзем старацца сябе знішчыць.

Апостал Павел кажа: «Дзеля свабоды вызваліў нас Хрыстус. Таму трывайце і не паддавайцеся ярму няволі» (Гал 5, 1).

Езус — гэта дарога, праўда і жыццё. Любая моладзь, ідзі за Хрыстом!

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця