Пошук

23.10.2012 12:14  

Мяне завуць Аляксандр, і я бацька пакуль што двух дзяцей і муж адной жонкі. Адной, бо ў наш час стала модна мець некалькі жонак, у шлюбе, па-за шлюбам, афіцыйна і неафіцыйна. Мая жонка — жанчына. Я кажу жанчына, бо ў сучасным свеце, асабліва на Захадзе, дазваляюцца аднаполыя сужэнствы. Гэта супярэчыць Божай задуме і не паддаецца лагічнаму тлумачэнню здаровага чалавека. Паглядзім, што кажа пра гэта Біблія. Манагамія ў шлюбе існавала ад стварэння Адама і Евы на працягу некалькіх пакаленняў.

Адзін муж, адна жонка. « І стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго, стварыў мужчыну і жанчыну. І благаславіў іх Бог, і сказаў ім: Пладзіцеся і размнажайцеся, напаўняйце зямлю і валодайце ёю; пануйце над рыбамі марскімі, над птаствам нябесным і над усімі жывымі істотамі, якія рухаюцца па зямлі» (Быц 1, 27–28).

Двое стануць адным целам. « І сказаў Адам: Гэта косць ад касцей маіх і цела ад майго цела. Яна будзе названа жанчынай, бо ад мужчыны была ўзята. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй, і стануць яны адным целам» (Быц 2, 23–24).

Манагамная сям’я. Першы ўспамін палігамнай сям’і ў Бібліі асацыюецца з патомкамі Каіна, а менавіта з Ламехам. «І пайшоў Каін ад аблічча Панскага і пасяліўся ў зямлі Нод, на усход ад Эдэма. І пазнаў Каін жонку сваю, і зацяжарыла яна і нарадзіла Эноха. І пабудаваў ён горад; і назваў горад па імені сына свайго — Энох. У Эноха нарадзіўся Ірад; Ірад нарадзіў Мехіаэля; Мехіаэль нарадзіў Мафусала; Мафусал нарадзіў Ламеха. І ўзяў сабе Ламех дзве жонкі: імя адной Ада, імя другой Цыля» (пар. Быц 4, 16–19). Ламех быў не толькі «палігамістам», але і чалавеказабойцам: «Ада і Цыля! Паслухайце голас мой! Жонкі Ламехавы, пачуйце словы мае. Мужа забіў я ў язву мне і хлапчаня ў рану мне. Калі Каіну адпомсціцца ўсямёра, то Ламеху — у семдзесят сем разоў» (Быц 4, 23–24). Як зразумець гэты тэкст? Тут Ламех паказаны як той, хто здзейсніў падвойнае забойства. Выпадак стаўся падчас аднаго з паляванняў Ламеха, калі ён быў ужо стары і сляпы. Паляваць яму дапамагаў уласны сын Туваль-Каін, які скіроўваў яго лук і стралу ў цэль. І вось нешта мільганула ў чароце, падобнае да звера. Туды скіраваў Туваль-Каін стралу свайго бацькі. Калі Ламех зразумеў, што забіў Каіна, ён у страшэннай злосці так ударыў сына, што той зваліўся мёртвы. Ламех не хацеў забіваць свайго продка і свайго сына, але «ўключылася» нешта ад Каіна ў ім, і ізноў пралілася кроў.

Сатана, ведучы барацьбу са Створцам, б’е па сем’ях. Паважаныя мужчыны, я стаю на абароне сямей і чалавечага жыцця і звяртаюся да вас. У сучасным свеце мужчына забыў, што значыць быць сапраўдным мужчынам. Заглянем у мінулае. Мужчына — рыцар, мужчына — воін. Моцны, адважны, гатовы абараняць сваю жанчыну, сваю сям’ю, свой народ, Айчыну. Возьмем хаця б апошнія 100 гадоў. Хто займаўся выхаваннем хлопчыкаў? Грамадзянская вайна, Першая і Другая сусветныя войны, Айчынная вайна. Мужчыны ідуць на вайну, хлопчыкі застаюцца з маці. Яны не бачаць учынкаў мужчын. Усё робіць жанчына. Займаецца домам, гаспадаркай, забівае цвікі, бярэ ў рукі лапату…

У нашы дні шмат разводаў (па апошніх даных у РБ 50–80%). Дзеці ў асноўным застаюцца з маці. Пасля нараджэння дзіцяці мама тры гады знаходзіцца дома ў дэкрэтным адпачынку. Потым дзіця ідзе ў садок, хто там выхавацелі? Жанчыны. У 6–7 гадоў — школа. Там настаўнікі хто? У большасці жанчыны. Бацьку дзіця бачыць вечарам, а то і не бачыць увогуле. У дзесяць гадзін вечара прыходзіць страшны звер ТАТА, хапае на рукі, прытуляе да калючай шчаціны і адпускае. Раніцай яго ўжо няма. Увечары паўтараецца тое самае. Ці зможа жанчына даць дзіцяці належнае выхаванне без мужчыны? Не. Яшчэ ў Старым Запавеце прапісаны было тры асноўныя абавязкі мужа як главы сям’і: духоўны, сацыяльны і эканамічны.

Па-першае, бацька нясе адказнасць за духоўнае здароўе сям’і ў цэлым і за кожнага члена сям’і ў прыватнасці. У старажытнасці бацька з’яўляўся святаром у сваёй сям’і і таму павінен быў прыносіць ахвяру за членаў сям’і: «Адтуль перайшоў на гару, што на ўсходзе ад Бэтэль, і расцягнуў шацёр свой так, што Бэтэль быў ад захаду і Ай з усходу. Там таксама пабудаваў ахвярнік для Пана і заклікаў імя Пана» (Быц 12, 8).

Пазней, калі ў Ізраэлі было ўведзена святарства, гэтую ролю пачалі выконваць святары (левіты). Аднак бацька працягваў заставацца духоўным лідарам сям’і. «І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх праз навучанне і настаўленне Пана» (Эф 6, 4).

Да сацыяльных абавязкаў адносіцца абарона членаў сям’і. Бацька з’яўляецца абаронцам дамачадцаў. Да самых нешчаслівых у ізраільскім грамадстве адносіліся ўдовы і сіроты, якія былі безабароннымі. Чатыры асноўныя сацыяльныя абавязкі главы сям’і ў адносінах да сыноў заключаліся ў наступным (у адпаведнасці з габрэйскай традыцыяй): абразанне сына, перадача спадчыны першанцу, пошук жонкі для сына, навучанне сына рамяству.

Эканамічныя абавязкі. Глава сям’і з’яўляецца здабытчыкам або карміцелем (пар. Быц 3, 17–19).

Муж як глава сям’і павінен быў клапаціцца пра надзённыя патрэбы членаў сваёй сям’і. У выпадку, калі гультай адмаўляўся клапаціцца пра сваю сям’ю, Святое Пісанне нагадвала яму пра яго доўг перад сям’ёй: «Пайдзі да мурашкі, лянівец, паглядзі на дзеянні ягоныя, і будзь мудрым. Няма ў яго ні начальніка, ні прыстава, ні ўладара; але ён рыхтуе летам хлеб свой, збірае падчас жніва ежу сваю. Дакуль ты, лянівец, будзеш спаць? Калі ты ўстанеш ад сну твайго? Крыху паспіш, крыху падрэмлеш, крыху, склаўшы рукі, паляжыш: і прыйдзе, як прахожы, беднасць твая, і патрэба твая, як злодзей» (пар. Прып 6, 6–11).

У Новым Запавеце апостал Павел выкрывае тых, якія, называючы сябе хрысціянамі, забываюць клапаціцца пра сваіх дамачадцаў: «Калі ж хто пра сваіх і асабліва пра дамашніх не клапоціцца, той адрокся ад веры і горшы за нявернага» (пар. 1 Цім 5, 8). Аднак гэта далёка ў мінулым. Сёння, на жаль, не так. Свет перавярнуўся дагары нагамі.

Мужчыны забылі пра гэта або не ведаюць, што так было ад стварэння свету і павінна быць сёння.

Падрыхтаваў Аляксандр Ніканчук,
навучэнец Школы сямейнага жыцця

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.