Сёння, як ніколі раней, паддаюць аналізу і навуковым даследаванням не толькі тэму чалавечага жыцця, але і самога чалавека. Колькасць поглядаў і гіпотэз пра паходжанне і прадвызначэнне чалавека такая вялікая, што людзі самі ўжо не ведаюць, якія з іх праўдзівыя.
Вызначыць гэта нялёгка, але неабходна. Стаўленне чалавека да ўласнага жыцця і жыцця іншых людзей залежыць ад таго, якую канцэпцыю на тэму чалавечага жыцця ён прымае. Сёння, у час вялікіх навуковых і тэхнічных дасягненняў, а асабліва дзякуючы развіццю медыцыны, чалавек усё часцей становіцца прадметам маніпуляцый. Чалавечае жыццё хоць і не перастае быць таямніцай, але пачынае губляць сваю святасць і непарушнасць, таму што чалавек сам хоча быць абсалютным яго гаспадаром. Інакш кажучы, мы жывём у час, калі «чалавечае жыццё пераходзіць у рукі чалавека». У такой сітуацыі варта задаць сабе пытанне і адказаць на яго: «Ці не лепш зноў прыняць праўду, што чалавечае жыццё з’яўляецца дарам самога Бога, і заўсёды з гэтым лічыцца, чым пагадзіцца з крайняй паставай, што чалавечае жыццё цалкам знаходзіцца ў руках чалавека?!»
На жаль, гэта адна з абсурдных пастаноў сучаснага свету: з аднаго боку, паўсюдна абвяшчаецца права на жыццё як фундаментальнае права кожнага чалавека, а з іншага — можна вельмі лёгка пазбавіць чалавека годнасці і зрабіць яго прадметам (інструментам) для навукі і тэхнікі.
Для больш глыбокага роздуму над гэтай тэмай варта зрабіць некалькі параўнанняў, якія пакажуць, на чым асноўваецца вучэнне Касцёла, які заўсёды абвяшчаў Евангелле жыцця, і што прапануе сучасны свет, абапіраючыся на новыя дасягненні медыцыны і тэхнікі. Варта пры гэтым памятаць, што рана ці позна гэтыя справы могуць закрануць кожнага з нас ці блізкіх нам людзей. На які бок я стану тады? Якую праўду я прыму?
- Хрысціянства ўжо больш за дзве тысячы гадоў абвяшчае Евангелле жыцця, а свет, нібы пад лозунгам вялікага развіцця, замест таго, каб служыць жыццю чалавека, усё больш «будуе цывілізацыю смерці»;
- Евангелле жыцця заўсёды абараняе чалавечае жыццё ад самага яго зачацця, прызнаючы асабовую годнасць эмбрыёна, а свет усё больш легалізуе аборт пад дэвізам «свабодны выбар і карысць жанчыны і сям’і»;
- Евангелле жыцця вучыць маладыя сужэнствы натуральнаму і бяспечнаму (хоць і не заўсёды лёгкаму) планаванню патомства, свет жа дае «хуткае рашэнне» праз кантрацэпцыю, якая цягне за сабой незлічоную колькасць адмоўных наступстваў;
- Евангелле жыцця тлумачыць, што адзіным годным спосабам узнікнення чалавечай істоты з’яўляецца яе зачацце праз шлюбную палавую сувязь мужчыны і жанчыны, а свет прапануе метады штучнага апладнення (in vitro, in vivo) у якасці лячэння чалавечага бясплоддзя, якое часта з’яўляецца прычынай неразумнага падыходу да ўласнага здароўя;
- Евангелле жыцця вучыць шанаваць і любіць кожнае дзіця, а паталагічна хворых дзяцей заклікае ахінуць асаблівай апекай, свет жа, выкарыстоўваючы сучасныя прэнатальныя дыягностыкі, прапаноўвае еўгенічныя ці фармакалагічныя аборты, а што найгорш — ахвяры абортаў выкарыстоўвае для камерцыйных мэтаў (напрыклад, у касметыцы);
- Евангелле жыцця для шчасця сям’і і дабра дзяцей дае нам за прыклад Сям’ю з Назарэта як ідэал і абвяшчае яе непарыўнасць, свет жа прыдумвае новыя праекты сужэнстваў (напрыклад, грамадзянскія шлюбы ці пробныя шлюбы), у якіх не захоўваюцца згаданыя каштоўнасці;
- Евангелле жыцця для нармальнага сталення і выхавання дзяцей абараняе патрэбу бацькоўства і мацярынства, у той час як свет дазваляе ўсынаўляць дзяцей гомасексуальным парам;
- Евангелле жыцця стаіць у абароне людзей, якія знаходзяцца ў вялікай небяспецы страты жыцця, і прапаноўвае правілы салідарнасці з тымі, каму неабходна перасадка органаў, а свет з трансплантацыі часта робіць «чорны рынак»;
- Евангелле жыцця гаворыць аб павазе да людзей у сталым узросце і аб іх жыццёвым вопыце, такім важным для маладога пакалення; для свету старэйшыя асобы становяцца тымі, ад каго няма ніякай карысці, таму часта яны застаюцца ў баку;
- Евангелле жыцця абвяшчае сэнс і вартасць людскога цярпення, а свет прапануе эўтаназію як «хуткае вырашэнне» праблем. Менавіта Евангелле жыцця нагадвае, што чалавечае жыццё — гэта Божы дар. Дык ці не варта ўсім нанава адкрыць і прыняць гэтую праўду?
На заканчэнне ўзгадаем словы бл. Яна Паўла II: «Кожны чалавек, шчыра адкрыты на праўду і дабро, праз святло розуму і таямнічае ўздзеянне ласкі можа распазнаць у натуральным праве, запісаным у сэрцы, святасць чалавечага жыцця ад зачацця ажно да канца і пераканацца, што кожная чалавечая істота мае права чакаць абсалютнай пашаны да гэтага свайго асноўнага дабра. Прызнанне гэтага дабра з’яўляецца фундаментам чалавечага суіснавання [...]. Абаронцамі і заступнікамі гэтага права павінны быць асабліва тыя, хто верыць у Хрыста [...]» («Evangelium vitae», № 2).
Кс. Мікалай Ціхановіч