Пошук


Святы Філіп Нэры нарадзіўся ў Фларэнцыі летам 1515 г. Прыйшоўшы на свет у пачатку XVI ст., ён быў чалавекам эпохі Адраджэння, якая, хоць і лічыцца вельмі гарманічнай, вядомай сваімі вялікімі дзеячамі і шэдэўрамі, на самай справе была поўная крывавых сутыкненняў, эпідэмій і беднасці. Напрыклад, менавіта ў гэты час ішлі Італьянскія войны за падзел тэрыторый Апенінскага паўвострава. У 1527 г. войскі імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі захапілі Рым, і сучаснікі лічылі, што наступае канец свету. XVI стагоддзе было, у тым ліку, і часам найглыбейшага крызісу.

Філіп Нэры, паходзячы з забяспечанай фларэнтыйскай сям’і, павінен быў стаць натарыусам, як і яго бацька, які прывіў сыну любоў да кніг і чытання. Філіп атрымаў рэлігійную адукацыю пры дамініканскім кляштары Сан-Марко. Бацька адправіў яго да дзядзькі ў горад, які сёння называецца Касіно, з тым, каб ён атрымаў у спадчыну яго маёмасць, але Філіп Нэры прыняў рашэнне накіравацца ў Рым.

У 18-гадовым узросце Філіп пакінуў справы і прыехаў у Вечны горад, дзе жыў як свецкі чалавек на працягу яшчэ 17 гадоў. Ён уладкаваўся выхаваўцам дзяцей фларэнтыйскага мытніка, за што атрымаў прытулак, акрамя якога не патрабаваў нічога. Святому Філіпу Нэры хапала ўсяго толькі крыху хлеба. На пачатку свайго жыцця ў Рыме ён пісаў вершы, наведваў заняткі па філасофіі і тэалогіі ў аўгустынцаў і ва ўніверсітэце «Ла Сапіенца».

Будучы святы праводзіў шмат часу ў малітвах, іншым разам наведваў катакомбы святога Себасцьяна, дзе на Тройцу 1544 г. адчуў прысутнасць апосталаў і хрысціянскіх мучанікаў. Ён замацаваў традыцыю пілігрымак у сем асабліва шанаваных базылік Рыма. У 1551 г. Філіп Нэры атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне і адправіўся жыць у кляштар св. Гераніма, дзе хутка стаў вядомым спаведніком. Аднак яго асноўнай дзейнасцю заставалася праца з моладдзю.

Філіп Нэры лічыў, што неабходна збіраць дзяцей з рымскіх вуліц у тым месцы, дзе яны будуць духоўна і фізічна пад абаронай.

У Рыме ён стаў праводзіць сустрэчы (араторыі), каб разам маліцца, чытаць і абмяркоўваць Святое Пісанне і працы Айцоў Касцёла. Філіп Нэры заклікаў дапамагаць пілігрымам, хворым. Такія сустрэчы паклалі пачатак Канфедэрацыі аратарыянцаў, адной з супольнасцяў апостальскага жыцця.

У 1575 г. для аратарыянцаў быў пабудаваны новы касцёл Санта-Марыя-ін-Валічэлла, які быў вядомы ва ўсім горадзе і аказаў значны ўплыў на рымлян таго часу. Знаходзіўся касцёл непадалёк ад кляштара св. Гераніма, дзе да 1583 г. працягваў жыць Філіп Нэры. Ён пераехаў у новую рэзідэнцыю аратарыянцаў толькі з-за паслухмянасці Папу, дзе і правёў апошнія 12 гадоў свайго жыцця.

Жыхары Вечнага горада адразу назвалі яго «Апосталам Рыма», прыпісваючы яму тытул, замацаваны за святымі Пятром і Паўлам, які не выкарыстоўваўся ў дачыненні да іншых вялікіх святых, што былі сучаснікамі Філіпа Нэры і разгарнулі ў сваю дзейнасць у Вечным горадзе. Рымляне лічылі яго святым яшчэ да кананізацыі ў 1622 г. Культ Філіпа Нэры імкліва распаўсюдзіўся па горадзе, і яго называлі «рымскім святым».

Галоўнай яго спадчынай лічацца казанні сярод насельніцтва Рыма і арганізацыя араторыяў. І сёння можна сцвярджаць, што велізарная колькасць дзяцей вырасла, наведваючы іх і прывучваючыся да міласэрнасці і пакоры. З XVI ст. араторыі захавалі забаўляльны элемент, які святы Філіп Нэры лічыў абавязковым і выключна важным у працы з моладдзю.

Сярод наступнікаў «апостала Рыма» быў папа Леў XI. Неаднаразова падкрэсліваў значнасць фігуры Філіпа Нэры і святы Ян Павел ІІ. Літургічны ўспамін святога адзначаецца 26 мая.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця