Пад тэорыяй рэінкарнацыі маецца на ўвазе вера ў тое, што пасля разлучэння з целам (пасля смерці) душа ўвасабляецца ў целе іншага чалавека ці жывёлы. Што ж кажа Біблія адносна рэінкарнацыі?
Паняцце рэінкарнацыі (якое прысутнічае таксама ў Платона і стоікаў) адносіцца да вучэнняў індуізму і будызму. У абедзвюх рэлігіях асноўным элементам з’яўляецца імкненне вызваліцца з сітуацыі, у якой чалавек знаходзіцца, сітуацыі болю і падману. І паколькі толькі аднаго жыцця не хапае для таго, каб здзейсніць такое вызваленне, патрэбен доўгі працэс трансміграцый і рэінкарнацый. Гэты шэраг людскіх жыццяў папярэджвае ці спыняе (для тых, хто жыў дрэнна) мноства нялюдскіх жыццяў. Прычым колькасць рэінкарнацый даходзіць да некалькіх сотняў (для лепшых — брахманаў і бонзаў). А для астатніх — да некалькіх тысяч.
Канцэпцыя рэінкарнацыі супярэчыць чалавечай свабодзе, дзякуючы якой кожны чалавек з’яўляецца галоўным аўтарам свайго лёсу. Рэінкарнацыя супярэчыць таксама асабістай адказнасці, паколькі ў любым выпадку можна было б разлічваць яшчэ на адно жыццё, у якім можна было б выправіцца.
Святое Пісанне выразна кажа, што чалавек памірае толькі адзін раз: «…людзям прызначана раз памерці, а пасля гэтага — суд» — чытаем у Пасланні да Габрэяў. Адмаўленне аду, а значыць вечнага пакарання, вядзе і да адмаўлення неабходнасці збаўлення. Вера ў рэінкарнацыю адмаўляе неабходнасць рабіць дабро і пазбягаць зла, паколькі заўсёды можна «перасдаць экзамен», уцелавіўшыся яшчэ раз. Для таго, хто верыць у рэінкарнацыю, памерці, будучы не ў стане ласкі, не з’яўляецца вялікім злом…
Згодна з тэорыяй рэінкарнацыі, пакуты нявіннага дзіцяці можна інтэрпрытаваць як ачышчэнне ад таго, што здзейсніў у мінулым жыцці. Зразумела, што, калі б давесці гэтую тэорыю да крайнасці, трэба было б адмовіцца ад медыцыны, паколькі любыя пакуты неабходныя для ачышчэння.
Логіка рэінкарнацыі непрыймальна і таму, што дапускае пераўвасабленне чалавека ў ніжэйшыя істоты, у той час як чалавечая душа складае адзінства з целам у тым выглядзе, у якім яго стварыў Бог.
Да гэтага можна яшчэ дадаць, што істота, пазбаўленая сумлення і свабоды, не можа здзейсніць ніякага загладжвання сваіх памылак і ачышчэння.
Сёння многія, на жаль, нават і тыя, хто называюць сябе хрысціянамі, вераць у рэінкарнацыю. І замест крыніцы жывой вады некаторыя выбіраюць сумніўныя вадаёмы, няздольныя наталіць смагу.