Пошук

21.02.2012 00:00  

Мудра думаць, стала любіць і сумленна працаваць

Ці ў XXI стагоддзі яшчэ патрэбны Вялікі пост? Вядома, гэты перыяд не цікавіць людзей, якія ўцякаюць ад суровай рэальнасці ў свет прыемных уяўленняў і вераць у першародны міф пра тое, што чалавек сам адрозніць дабро ад зла, і што будзе, як Бог.

Гэты літургічны перыяд з’яўляецца каштоўнай прапановай толькі для рэалістаў, паколькі яны ведаюць, што яшчэ недасканала разумеюць уласную таямніцу і што, прынамсі, часам крыўдзяць сябе і іншых.

Вялікі пост — гэта значная прапанова для тых, хто не баіцца цішыні і разважання, а таксама для тых, для каго важнейшым з’яўляецца тое, кім яны ёсць, а не тое, што маюць. Непакоіць пост людзей неразумных і эгаістаў, і адначасова становіцца натхненнем і шансам для тых, хто па прыкладзе Хрыста, прагне мудра думаць, стала любіць і сумленна працаваць.

Чаму служыць пост?

Хрысціянін з’яўляецца рэалістам, таму ведае, што быць чалавекам — значыць быць кімсьці вялікім, бо яго любіць Бог і ён сам здольны да любові. Аднак хрысціянін адначасова знаходзіцца пад пагрозай цынічных і амаральных людзей і ўласнай слабасці. Рэаліст ведае, што ён падобны да марнатраўнага сына, у якога быў мудры любячы бацька і якому ніхто не прычыніў крыўды. Сын з прыпавесці Езуса сам учыніў сабе крыўду, сцвярджаючы, што існуе лёгкі спосаб дасягнуць шчасця.

Для рэалістаў Вялікі пост — гэта найперш адмаўленне ад таго, што перашкаджае ў іх развіцці і шчасці. Гэта пост ад шуму і наіўнасці. Гэта свядомае адмаўленне ад граху і слабасці. Гэта спыненне легкадумнасці і пошуку толькі часовай прыемнасці любым коштам, нават коштам сумлення, здароўя і жыцця. Вялікі пост — гэта адрачэнне ад эгаізму і цынізму. Гэта пост ад суму і бездапаможнасці, ад пыхі і пачуцця самадастатковасці. Гэта пост, які корміць, бо ежай свядомага і адказнага чалавека з’яўляецца разважанне і разважлівасць, а таксама ўчынкі, вартыя людской годнасці.

Вялікі пост — гэта найперш час узрастання ў любові да Бога праз супакаенне, прыватную малітву, сакрамэнт паяднання. Гэта таксама час узрастання ў любові да самога сябе праз разуменне ўласнай таямніцы, час панавання над сабой і вызвалення сябе ад слабасцяў і залежнасцяў. Нарэшце, гэта час узрастання ў любові да іншага чалавека праз чуйнасць да яго лёсу (міласціна), праз паяднанне з бліжнімі, а таксама праз навучанне сталай любові.

Да Змёртвыхпаўсталага


Велікапосная малітва, разважанні і дысцыпліна не з’яўляюцца мэтай самі па сабе. Усё гэта рыхтуе нас да сустрэчы са Змёртвыхпаўсталым. З Тым, у якім могуць уваскрэснуць нашы глыбокія жаданні і памкненні. Вялік пост — гэта час навяртання. А навярнуцца — значыць навучыцца любіць, і стаць найпрыгажэйшай, Божай версіяй самога сябе. І так чыніць, каб быць свядомым, добраахвотным і радасным дарам для іншых. Гэта значыць вучыца думаць, кахаць і працаваць па прыкладзе Хрыста. Толькі моцай Яго праўды пра нас і Яго любові да нас мы ў стане перамагчы слабасць, грэх і смерць.

Калі складваем пэўную карціну з тысячы пазлаў, вялікай дапамогай з’яўляецца яе выява, дзякуючы якой усведамляем сабе, які цудоўны вобраз можам скласці, калі правільна падбяром усе элементы. Падобна і тут: гледзячы на Хрыста, можам убачыць, наколькі высакародным і шчаслівым можа стаць кожны з нас, калі толькі з усіх пярлін мудрасці і любові, якія ёсць у нас, пабудуе найпрыгажэйшы, Божы варыянт самога сябе.

Божыя мары і наш шанс

Калі чытаем Евангелле і назіраем за жыццём Хрыста, Яго словамі і чынамі, Яго сувязь з Богам і любоў да людзей, мы маем шанс захапляцца перспектывай нашага развіцця і святасці, а значыць Божымі марамі ў дачыненні да нас.

Гледзячы на Хрыста, разумеем, што некаторыя пазлы нашага жыцця паўкладалі няправільна і што варта гэта змяніць, каб штодня станавіцца кімсьці большым за самога сябе. Менавіта таму высакародныя, Божыя людзі часцей робяць рахунак сумлення і адчуваюць сябе грэшнікамі. Чым больш хтосьці свядома і з радасцю з’яўляецца святым чалавекам, тым лягчэй заўважае тое, у чым можа развівацца далей. У развіцці чалавека няма межаў.

Вялікі пост — гэта шанс для тых, хто ўсведамляе, што з’яўляецца Божым скарбам, а не бязвольнай марыянеткай у руках Збаўцы. Такія людзі разумеюць, што Бог даў нам сапраўдную вольнасць і сапраўдную адказнасць, што кладзе перад кожным з нас жыццё і смерць, благаслаўленне і пракляцце, і што жадае, каб мы зрабілі мудры выбар. Вялікі пост патрэбны кожнаму, хто жадае абраць жыццё і благаслаўленне.

Кс. Марэк Дзевецкі
Артыкул паводле www. katolik.pl


Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.