Пошук

12.08.2018 00:00   Тэкст: Біскуп Юзаф Станеўскі / Catholic.by

Нядаўна я атрымаў запрашэнне на юбілей 60-годдзя шлюбу. Хоць абавязкі не дазволілі мне тады асабіста далучыцца да святкавання, але затое з'явіліся пэўныя разважанні з гэтай нагоды, якімі хочацца падзяліцца.

Памятаю, калісьці я чытаў апавяданне аб прыгожым каханні двух пажылых людзей. Мужчына змагаўся з хваробай Альцгеймера, і ў гэтых штодзённых змаганнях яму спадарожнічала жонка. Здавалася, што хвароба ўжо зусім адолела старога, але аднойчы раніцай, калі хворы ўжо нікога не пазнаваў і самастойна не мог уставаць з ложка, адбылося вось што.

Жанчына гатавала сняданак на кухні і ў пэўны момант адчула, што хтосьці стаіць за яе плячыма. Азірнуўшыся, яна здранцвела: перад ёю стаяў яе муж, якому было ўжо далёка за 80 і які так пакутаваў ад цяжкай хваробы, што ўжо даўно самастойна не падымаўся з ложка. Ён працягнуў жонцы кветку і з усмешкай сказаў: «Дарагая, мы з табою ўжо так даўно знаёмыя, і я вырашыў папрасіць тваёй рукі». Сапраўднае каханне перамагло хваробу.

Каханне — гэта не тое, з кім мы жывем, але з кім паміраем.

Летам часта гучыць марш Мендэльсона для маладых пар, сігналяць машыны, упрыгожаныя стужкамі і шарыкамі, і ў начное неба ўзлятаюць рознакаляровыя феерверкі. І ўсё гэта здымаюць фатографы і аператары.

Аднак часам здараецца, што маладажонам плён іх працы бывае ўжо непатрэбны. У сезон трэба шмат здымаць, і калі, нарэшце, шлюбныя фільмы ўжо змантаваныя, а здымкі надрукаваныя, па іх ніхто не прыходзіць. Чаму? Бо за гэты час некаторыя маладажоны ўжо паспяваюць… развесціся.

Дарагія, напэўна, нічога новага для вас тут няма: вы не горш за мяне ведаеце статыстыку разводаў. Але чаму так здараецца? Гэта не пытанне і не папрок. Гэта, хутчэй, «крык душы» кінутых дзяцей, дзяцей, аддадзеных у дзіцячыя дамы або гадаваных бабулямі і дзядулямі.

З 1999 года я працую ў нашым касцёльным судзе. За гэты час давялося вынесці судовае рашэнне прыблізна тысячы парам: «за» ці «супраць» сапраўднасці шлюбу. Іншымі словамі, канстатаваць, што любові не было, а тая прысяга, якую пачулі сведкі шлюбу, была толькі пустымі словамі. А ўсё ж, як заўсёды, пачыналася з закаханасці, прыгажосці, маладосці, мараў і планаў на будучыню. Толькі гэты час так хутка цяпер бяжыць, што будучыня сёння — гэта часта ад двух месяцаў да года сумеснага жыцця. Не здзейсніліся мары, і людзі разышліся, як караблі ў моры.

Толькі мора вельмі хутка загойвае «раны» разрэзаных караблём хваляў, а хто і што загоіць жыццёвыя раны «разрэзанай» разводам сям’і, падзеленых непаразуменнем людзей?..

Таму хацелася б звярнуцца да маладажонаў, і не толькі. Вашае ўзаемнае каханне належыць вам. Яно — толькі паміж вамі: вы самі з’яўляецеся яго творцамі і спажыўцамі. Вашае каханне мужа і жонкі — прыгожае і плоднае, бо так гэта стварыў Бог. А шлюб у святыні — гэта не проста нейкая традыцыя, не гарантыя дабрабыту, не «замова» ад цяжкасцяў: гэта благаслаўленне Бога, які паспрыяў таму, што вы сустрэліся. Бог хоча быць з вамі ў гэты момант, хоча благаславіць і весці праз вашае супольнае жыццё ў радасці і ў горы.

Таму памятайце, што пасля шлюбу вашае каханне не з’яўляецца толькі вашаю прыватнаю справаю, бо вы стварылі сям’ю — супольнасць жыцця і любові, асноватворную ячэйку грамадства.

Святы Ян Павел II казаў, што сям’я — гэта малы Касцёл: з сем’яў складаецца парафія, дыяцэзія… Сёлета, у Год малой радзімы, можна правесці паралель, што кожная сям’я — гэта як быццам «малая радзіма». А за Касцёл і за Радзіму людзі ў выпадку неабходнасці ахвяруюць нават жыццё. Каханне, сужэнскае каханне знаходзіцца ў шчыльнай сувязі з паміраннем для сябе. Каханне — гэта паміранне для сябе ў імя іншага чалавека, гатоўнасць ахвяраваць сабою дзеля шчасця іншага чалавека, якога кахаю.

Дарагія! Давайце ўзгадаем словы святога Паўла, на якіх многія пакаленні нашых продкаў збудавалі шчаслівае і гарманічнае сямейнае жыццё, якое магло б паслужыць прыкладам для моладзі, што думае пра стварэнне сваёй сям’і.

«Жонкі, падпарадкоўвайцеся сваім мужам, як Пану, бо муж — галава жонкі, як і Хрыстус — Галава Касцёла. Ён — Збаўца цела. Таму як Касцёл падпарадкоўваецца Хрысту, так і жонкі падпарадкоўваюцца ва ўсім мужам. Мужы, любіце сваіх жонак, як Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго, каб асвяціць яго, ачысціўшы купеллю вады і словам, каб ён з’явіўся перад Ім слаўным Касцёлам, які не мае плямы ці заганы, ці чаго-небудзь падобнага, і каб ён быў святы і беззаганны. Так павінны мужы любіць сваіх жонак, як сваё цела. Вялікая таямніца гэта, а кажу я ў дачыненні да Хрыста і Касцёла!

Дык няхай кожны з вас любіць сваю жонку так, як самога сябе, а жонка няхай паважае мужа» (пар. Эф 5, 22–33).

Моцныя словы і канкрэтныя патрабаванні. А як інакш: сям’я — справа сур’ёзная. Каханне ў сужэнстве немагчымае без пакоры і прабачэння. Вядома, з абодвух бакоў.

Калісьці перад шлюбам не толькі чыталіся тры абавязковыя абвесткі ў касцёле, але адбываўся таксама прыгожы абрад заручынаў, амаль цалкам забыты ў наш час. Нарачоны прасіў руку дзяўчыны ў яе бацькоў, а пасля выказанай імі згоды даваў сваёй абранніцы заручальны пярсцёнак. Ён таксама дарыў кветкі і цалаваў руку маці і бацьку нявесты з падзякай за выхаванне дачкі, а бацькі дазвалялі закаханым пацалавацца ў іх прысутнасці. Не спяшайцеся смяяцца з добрых старых звычаяў! Можа, з-за таго, што маладыя праходзілі праз такія выпрабаванні яшчэ да шлюбу, яны яшчэ больш умацоўваліся ў сваім рашэнні, а таму і разводаў было менш?..

Добра смяецца не той, хто кпіць са старога, а той, хто смяецца ў сямейным шчасці. Можа, варта ўзгадаць жыццёвы вопыт нашых продкаў і іх моцных сем’яў?

Божа, благаславі нашыя сужэнствы!

Абноўлена 12.08.2018 19:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.