Пошук


Стаць малым – дзіўная перспектыва для сучаснага свету, дзе трэба марыць аб большым і ставіць вялікія мэты, дасягаць іх і ставіць яшчэ большыя мэты. І зноў-такі дасягаць. Бо мы такія малайцы і мы гэтага годныя, ці як там любяць казаць у рэкламе? Некарэктнае абагульненне, скажаце. Так, але хачу растлумачыць, што я маю на ўвазе.

Памятаеце той момант у Евангеллі паводле Лукі (9 раздзел), калі Езус сказаў, што будзе выдадзены ў рукі людзей, а вучні Яго слухалі адным вухам, не разумелі, а «баяліся запытацца ў Яго аб гэтым Слове». І адразу: «З’явілася ж у іх думка, хто з іх большы».

Насамрэч, гэта такая сур'ёзная думка, якая можа запоўніць не адну галаву, то і не дзіўна, што Хрыстовы словы ўжо не змяшчаліся ў вучнях. Часам сустракаюцца такія занятыя дзелавыя-дзелавыя людзі, якія чуюць усё, што ім кажуць, але не надаюць увагі другасным, у іх разуменні, рэчам: «Так, гэта не гарыць, займуся пасля».

Уласнымі трывогамі вучні пераймаліся больш, чым словамі Настаўніка. За тры гады прабывання з Езусам апосталы — можа, не так, як маглі б ці як нам бы хацелася, — але выраслі над сабой. Ды неяк так выраслі, што сталі загароджваць сабой Хрыста, і нават ганарыліся гэтым. Ну і хацелі, вядома, неяк сваю вялікасць упарадкаваць.

Іншасказальнасць

Езус, «ведаючы думкі сэрца іх», хацеў даць ім прыклад добрай іерархічнасці, аб якую не трэба было б ламаць галовы і сэрцы. Узяў дзіця і «паставіў яго каля Сябе і гаворыць ім: "Хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае, бо хто Мяне прыме, прымае Таго, Хто Мяне паслаў. Бо хто найменшы сярод вас усіх, той ёсць большы».

Што я чую зараз у гэтых словах: хто адкладзе ўбок сваю важнасць і выслухае Хрыста, як малога хлопчыка, і дасць веры Яго словам, і будзе думаць над імі, і задаваць пытанні (бо хто ж пабаіцца задаць пытанні дзіцяці?), пра таго чалавека можна сказаць, што ён прыняў і пачуў Езуса.

Праўда, у мяне за 13 гадоў мацярынства выпрацаваўся прафесійны рух адносна дзяцей, якія да мяне набліжаюцца: накарміць. Не, кажа Хрыстус, ты паслухай.



На здымку камяні-гладышы (вучні) падтрымліваюць адзін аднаго ў нязручнай пазіцыі, бо паасобку яны паваляцца. За імі не бачна іншым нічога. Невысокі камень, які абазначае Хрыста, стаіць на першым плане з маленькім дзіцём-каменьчыкам перад ненатуральна падросшымі вучнямі.

Што значыць быць малым?

Але вернемся да Евангелля. Мяркуючы па рэакцыі вучняў, яны вельмі літаральна ўспрынялі апошнюю фразу пра найменшага сярод іх. Магчыма, маладому апосталу Яну ў вызначэнні «большага» сярод 12 не адводзілі вялікай ролі. Але, пачуўшы пра найменшага, менавіта ён стаў аўтарытэтным вучнем і вырашыў скласці невялічкую справаздачу.

«Адказваючы, Ян сказаў: "Мы бачылі, як нехта ў імя Тваё выганяў дэманаў, і мы забаранілі яму, бо ён не ходзіць з намі”». Невядома, ці ён ставіў гэта сабе ў заслугу, ці турбаваўся аб правільнасці забароны.


Факт у тым, што вучні Хрыста вырашылі такім чынам адрэагаваць на зло, якое сустрэлі. А крыху пазней, вырушыўшы ў дарогу, Ян з Якубам папросяць дазволу спапяліць паселішча самаранаў, якія па сваіх прычынах адмовіліся прыняць Езуса на начлег.

Здаецца, толькі-толькі апосталам сказана было: «Не забараняйце, бо хто не супраць вас, той за вас», і Езусу зноў даводзіцца грозна глядзець на іх, сыноў грому, якія вучацца-вучацца ды ўсё растуць, а не малеюць.

Бо што значыць быць малым, акрамя таго, што задаваць процьму пытанняў?

У выпадку вучняў, не засланяць сабой Хрыста іншым людзям, лічачы сябе аўтарытэтамі і малайцамі. Калі любуюцца вучнем, то любуюцца не ім, не ягонымі цудоўнымі якасцямі, але Богам любуюцца, які выяўляецца ў гэтым чалавеку праз свае дары.

Я захапляюся шчырасцю апосталаў, якія расказалі пра гэтыя выпадкі ўсім хрысціянам. Расказалі зусім як дзеці. Езус ведаў, што ўрэшце яны імі стануцца. Пад Ягоным крыжам яны сталі дзецьмі, бездапаможнымі, спалоханымі, асірацелымі. А якія ж сапраўды вялікія рэчы зрабілі потым, атрымаўшы Духа Святога, Духа ўсынаўлення...

«Таму што ўсе, каго вядзе Дух Божы, — гэта Сыны Божыя. Вы ж не прынялі духа няволі, каб зноў баяцца, але прынялі Духа ўсынаўлення, у якім мы клічам: Абба, Ойча! Гэты самы Дух сведчыць духу нашаму, што мы дзеці Божыя. А калі дзеці, то і спадкаемцы. Спадкаемцы Божыя, спадкаемцы разам з Хрыстом, калі толькі мы церпім разам з Ім, каб разам з Ім і ўславіцца» (Рым 8, 14-17).

Тэрэса Клімовіч

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.