Пошук

30.07.2018 11:14   Catholic.by
фота Віктара Ведзеня

Дарагія! Лета — не толькі гарачая пара для хлебаробаў, але і час летніх канікул і адпачынкаў. У гэты час, паводле паэтычнай метафары, «шмат нашых пакідае гнёзды свае». Гэта значыць, што мы пакідаем свае месцы працы і жыхарства, каб падарожнічаць, адпачыць.

Навокал шмат рэкламы падарожжаў: у нас найлепш, найтанней, найпрыгажэй — словам, «най-, най-»... Вядома, што на свеце існуе нямала прыгожых і цудоўных мясцін, аднак жыцця не хопіць, каб усюды пабываць.

Таму, дарагія, хачу вас запрасіць у самы цудоўны край, у месца, якое, магчыма, адзначана не на ўсіх картах, аднак яго сапраўды варта наведаць. Яно ляжыць між берагоў дзвюх рэк, якія спавіваюць яго палі і лясы, нібы стужкай, і, наталяючы зямлю, ствараюць прыгожы зялёны ландшафт.

фота Віталія Палінеўскага

Лугі і паркі-лясы, якіх ніхто не садзіў, альха і бяроза, чаромха і бэз, крэпкія вязы і магутныя таполі, вярба пакутніца і ляшчына.

Гэтае месца вабіць асабліва летам. Вечарам і раніцай дрэвы пошумам свежага лісця і прыгожым спевам птушак як быццам прамаўляюць да вандроўніка.

Паветра і вада тут чыстыя, палі залацяцца пшаніцай, у лясах поўна ягад. Сонца тут узыходзіць раней, чым у суседзяў, а звілістыя дарогі прымушаюць збавіць хуткасць, каб падзяліцца з вандроўнікам прыгажосцю. Тутэйшыя невысокія пабудовы дазваляюць чалавеку глядзець і сачыць за наваколлем, загадзя заўважыць надыходзячую навальніцу.

А яшчэ тут ветлівыя і спакойныя жыхары. І хоць у большасці мясцовыя людзі ўжо не маладыя, але ж летняй парой дзіцячы смех і весялосць не сціхаюць дапазна.

Гэта тыя, што выбралі на адпачынак «свой родны кут», дзе нарадзіліся і ўзрасталі, набывалі веды і марылі; тут тая плакучая вярба, такая памятная для хлопца, які саромеўся сказаць слова «кахаю».

Фота Віктара Ведзеня

Лугі, што не шкадавалі сваіх кветак для матулі і на «свянцоныя» вяночкі. Да берагоў рэчкі хадзілі юнакі, якія, няйнакш, мелі жаданне злавіць залатую рыбку, бо ўмелі марыць...

Даўней тут кожную суботу ў мясцовым клубе ладзіліся танцы, а бібліятэку наведвалі не толькі дзеці, але ўсе, хто ўмеў чытаць. Пахучы хлеб збіраў  людзей да мясцовай крамы, а калі хто занямог, была і хуткая дапамога ў «фапе». Пасля цяжкай працы земляроб меў выбар: акунуцца і паплаваць у рацэ ці наведаць лазню з парылкай.

Пасля тыдня працы прыходзіла святая нядзеля. Заводзілі машыны, напампоўвалі колы ровараў, запрагалі коней...

Стомленыя, абувалі святочны абутак і ішлі да касцёла. Спакойная дагэтуль дарога з рэдкімі вандроўнікамі напаўнялася стракатымі хусцінкамі жанчын, нібы квеццем.

Ішлі на святую Імшу, бо «без Бога ні да парога», «у касцёле не быў — нядзелі не пражыў». Так казалі бацькі.

І таму тут жывуць людзі шчасліва: нарадзіліся тут, засталіся і не прамянялі свой і бацькоўскі кут. Тут на кожнай хаце крыжык прыбіты, як знак для вандроўніка, што ў гэтай хаце жывуць хрысціяне: калі трэба, прымуць, накормяць, распытаюць пра жыццё (невядома хто першым пачаў пазначаць падворкі надпісам «Асцярожна, злы сабака», і сёння, на жаль, такія надпісы — норма  ў багата забудаваных прыватных мікрараёнах).

фота Віктара Ведзеня

Кажуць, што перасаджанае дрэва жыве менш, таксама перасаджаная кветка і ўсё жывое. Нават камень, які адкалолі ад скалы, надаўшы яму патрэбную для будаўніцтва форму, траціць сваю першасную моц. Чалавек, які не мае сталага месца жыхарства і часта перасяляецца, губляе сваю тоеснасць. Чалавек жыве даўжэй там, дзе нарадзіўся, дзе гадаваўся, дзе адкрываў гэты цікавы свет навокал.

Браты і сёстры! У школе мы вучылі радкі з паэмы «Новая зямля», якія ведае, хіба што, кожны: «Мой родны кут...», спявалі песні «мы все спешим за чудесами, но нет чудестней ничего, чем та земля под небесами, где крыша дома твоего», а таксама «родительский дом — начало начал»...

Па бацькоўскім доме сумуюць асабліва тыя, хто «пакідае гнёзды свае» ў пошуках гатовага шчасця або лепшага жыцця.

Касцёл і Канстытуцыя згадваюць аб праве чалавека на свабоду перамяшчэння — выбар месца жыхарства, і гэта мы сёння назіраем і адчуваем, аднак дзе нарадзіўся — там твая радзіма.

фота Віталія Палінеўскага

Там, дзе ў нашых прыгожых гарадах цяпер будуюцца новыя святыні, часам на агароджы будаўнічай пляцоўкі пішуць: «Разам пабудуем святыню». А праз нейкі час радасны факт: «Разам пабудавалі святыню». Толькі разам можна пабудаваць, абараніць і зрабіць шчаслівымі нашых дзяцей і наш родны кут: але ці ён нам мілы?..

Дарагія! Выбіраючы шляхі і курорты, памятайце аб сваім «родным куце», акуніцеся ў юнацкія гады, наталіце душу прыгажосцю сваёй малой радзімы.

Божа, благаславі Беларусь! Памятайма аб малітве за Радзіму.

Прапаную таксама заспяваць пад настрой беларускую версію ўкраінскай песні «Ручнічкі» (пераклад мой, аўтарскі).

Люба Мама мая, ты начамі не спала
калі йшоў я ў свет шчасця, долю шукаць
і на памяць аб доме, ты рушнік, вышываны табою
квеццем ружы, чаромхі і бэзу дала.

Рассцялю я яго, калі сумна і гора
акунуся ў гады, дзе дзяцінства прайшло
дзе матуліны рукі, спрацаваны, табою да болю
прытуляюць пяшчотна да сэрца свайго

Мама люба мая, ты чакаеш я знаю,
калі сын твой вярнецца ў парогі свае,
каб падзякаваць словам і з табой памаліцца да Бога
за твой клопат пяшчотны і промень жыцця

Я вярнуўся ужо: не сумуй, дарагая,
прытулі як тады, калі йшоў я ў свет,
наталі цеплынёю, адары сына дарам спакою
і дазволь да бацькоўскага дому ўвайсці.

Абноўлена 30.07.2018 14:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.