Памятаю, калісьці даўно ў школе да мяне падышла сяброўка і сказала: «Ведаеш, я зацікавілася хрысціянствам і вырашыла пачытаць Біблію. Але была вельмі расчараваная, бо Бог там паказаны такім жорсткім!»
Яе шэрыя вочы дапытліва глядзелі на мяне, а я не ведала, што адказаць… Тым часам яна працягвала: «Чаму Ён гаворыць свайму выбранаму народу ваяваць і забіваць іншых людзей? Часам жанчын і дзяцей, якія ні ў чым не вінаватыя?
Чаму трэба было знішчаць іншаверцаў: няўжо Бог такі раўнівы? Вось, ты кажаш, што „Бог ёсць любоў“, — працягвала яна, — а я не разумею і не хачу верыць у такога Бога…»
Гэтае пытанне засталося гучаць рэхам у маіх вушах, бо я так і не знайшлася тады, што адказаць сяброўцы. Я толькі ведала, што Бог, у якога я веру, сапраўды ёсць любоў, і што нават калі я чагосьці цяпер не разумею, то ў Яго ўсё роўна варта верыць, бо ў гэтым усё маё жыццё.
Мінуў час, і я вельмі зацікавілася гэтай Кнігай кніг, Божым словам. Неяк неспадзявана для мяне ўзнікла пытанне: як я магу быць веруючым чалавекам, калі не ведаю, што напісана ў Бібліі? Гэта ж Слова самаго Бога, скіраванае да ўсіх людзей і да мяне асабіста, і ў ім скрытыя шматлікія скарбы… А я, не адкрываючы гэтую скарбніцу, магу пражыць усё жыццё ў духоўнай беднасці, нават не ведаючы, якое багацце ляжыць побач.
Гэтую скарбніцу сапраўды адкрыць нялёгка, бо Біблія — не гістарычны раман і не аповесць. Яна налічвае 73 кнігі, якія былі запісаны рознымі пісьменнікамі ў розныя гістарычныя перыяды. Кожная з іх мае сваю мэту, напісана ў іншым стылі, аднак у кожнай схаваная свая непаўторная каштоўнасць, якую варта адшукаць.
Як быць з пытаннем аб «суровасці Бога»?
Сапраўды, у Бібліі мы чытаем, што для таго, каб атрымаць Абяцаную зямлю ў спадчыну, выбраны народ павінен быў бязлітасна знішчыць на гэтай тэрыторыі ўсе іншыя народы (гл. Дрг 20,16–18). Таксама паводле закона, атрыманага на гары Сінай, патрэбна было забіць кожнага ізраэльцяніна, які пакланяўся іншым багам (гл. Дрг 13, 5). Пра караля Давіда напісана, што ён даволі жорстка ваяваў (гл. 1 Кр 20, 3). А цар Саламон пачаў сваё кіраванне з забойства ворагаў свайго бацькі Давіда, якія не былі яшчэ справядліва пакараныя (гл. 1 Вал 2, 5–46). Як зразумець усё гэта, калі Бог ёсць любоў?
Каб знайсці адказ на гэтае пытанне, трэба найперш зразумець, што Стары Запавет вельмі адрозніваецца ад Новага.
На працягу ўсёй гісторыі Бог паступова выхоўваў свой народ: спачатку адкрываўся чалавеку як Бог святы і справядлівы («Вока за вока і зуб за зуб»), а потым больш дасканала як Бог-любоў («Любіце ворагаў вашых»).
Таму нам, людзям, якія жывуць у часы Новага Запавету, у зусім іншай культуры, так цяжка зразумець жорсткія норавы старажытных людзей. Дарэчы, у параўнанні з суседнімі народамі, габрэйскі народ меў яшчэ вельмі справядлівыя і лагодныя законы.
Але веданне гістарычнага і культурнага кантэксту — гэта далёка не ўсё, што неабходна для правільнага разумення Бібліі. «Слова Божае жывое і дзейснае», і ў ім схавана шмат скарбаў для нашага духоўнага жыцця. Варта толькі прыгледзецца больш пільна.
«Знішчы зло сярод сябе…» (пар. Дрг 13, 5)
У чым жа сэнс такой жорсткай расправы з ворагамі? У кнізе Другазаконня чытаем: «У гарадах гэтых народаў, якія Пан Бог твой дае табе ў валоданне, не пакідай у жывых ніводнага чалавека <…>, каб яны не навучылі вас рабіць тыя ж агіды, якія яны рабілі для сваіх багоў, і каб вы не грашылі перад Панам Богам вашым» (пар. Дрг 20, 16–18).
Ізраэльскі народ — гэта вобраз кожнага з нас, гэта я і ты. Мы таксама ў сваім жыцці крочым па пустыні да Абяцанай зямлі — Нябеснага валадарства.
Бог добра ведае, што зло і грэх прыносіць у нашае жыццё вялікае спусташэнне і боль, а мы, тым не менш, ўсё роўна схільныя мірыцца з імі.
Не вырываем зло з коранем, а чакаем, пакуль яно ціха расце побач з намі… Таму Бог шмат разоў паўтарае: «Знішчы зло сярод сябе» (пар. Дрг 13, 5; 17, 7; 19, 19; 21, 21; 22, 21; 22, 24; 24, 7).
Аказваецца, унутры нас ёсць вораг, які можа нас знішыць, калі мы дазволім яму жыць побач з намі.
Забойства ворагаў — яскравы вобраз для нашага духоўнага жыцця: са злом нельга забаўляцца, з ім ні ў якім выпадку нельга мірыцца.
Закон Бога ў Старым Запавеце здаецца нам такім патрабавальным і жорсткім, але мы не разумеем, што насамрэч гаворка ідзе пра нашае жыццё ці смерць і што прадыктаваны гэты закон вялікай любоўю Бога, які хоча нас збавіць:
«Сёння я заклікаю неба і зямлю засведчыць супраць вас, што я паклаў перад вамі жыццё і смерць, благаслаўленне і пракляцце. Таму выберы жыццё, каб жыў ты і патомства тваё, каб любіў Пана Бога твайго, і слухаўся голасу Ягонага, і моцна трымаўся Яго. Бо ў гэтым тваё жыццё і працягласць дзён тваіх, каб жыць табе на зямлі, якую Пан пакляўся даць продкам тваім: Абрагаму, Ісааку і Якубу» (пар. Дрг 30, 19–20).
А як ты змагаешся са злом?
У кнізе Езуса Навіна апісана гісторыя, як выбраны народ пацярпеў паразу ў бітве з-за граху Ахана, які скраў і схаваў у сваім шатры прыгожае аддзенне (гл. Нав 7).
Цікава, якім спосабам Бог прапануе знайсці вінаватага: «Заўтра падыходзьце ўсе па родах вашых; род, які пакажа Пан, няхай падыходзіць па плямёнах; племя, якое пакажа Пан, няхай падыходзіць па сем’ях; сям’я, якую пакажа Пан, няхай падыходзіць паасобку. Выкрытага ў крадзяжы заклятага няхай спаляць агнём: яго і ўсё, што ў яго, за тое, што ён парушыў запавет Пана і ўчыніў беззаконне сярод Ізраэля» (пар. Нав 7, 14–15).
Вінаватага знайшлі і забілі.
Цікава, а як бы змянілася наша жыццё, калі б мы ў сваім сэрцы настолькі ж радыкальна шукалі сваё беззаконне і змагаліся з тым, што аддаляе нас ад Бога? Калі б мы змагаліся за чысціню свайго сумлення і гарачую любоў да Яго?
Мы б часцей перамагалі, і нашае жыццё ў многіх сферах сёння магло б быць зусім іншым, напоўненым Божай моцай і Яго хвалой. Адзін мог бы пераследаваць тысячы, а двое — праганяць дзясяткі тысяч, кажа пра гэта Святое Пісанне (пар. Дрг 32, 30).
Сакрэт нашага паражэння ці перамогі, сакрэт нашага шчасця заключаецца ў тым, наколькі радыкальна мы выбіраем Бога і прысвячаем сваё жыццё Яму. «Знішчы зло сярод cябе» (пар. Дрг 13, 5) — нястомна паўтарае нам Бог праз свой «жорсткі» закон...
Чаму? Бо Ён добра ведае, што калі мы не знішчым сваіх ворагаў, а будзем мірыцца з імі ў сваім сэрцы, то не зможам жыць на Абяцанай зямлі тым цудоўным і поўным жыццём, да якога паклікаў нас Бог.