Пошук


І надыдзе цяжкі час, якога не было з таго моманту, калі пачалі існаваць народы, аж да гэтай пары... І тыя, хто мудры, будуць ззяць, як свяцілы небасхілу, а тыя, хто навучыць многіх справядлівасці — як зоркі на вечную вечнасць (пар. Дан 12, 1–3).

Езус сказаў сваім вучням: Але ў тыя дні пасля тугі такой зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго. І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца. Тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе. Ён пашле тады анёлаў і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба (пар. Мк 13, 24-27).

Я сяджу ў чыстай кватэры. Учарашні дзень быў прысвечаны здабыванню гэтай чысціні, але вынік зусім не цешыць, таму што прычына маёй руплівасці – ранішні шок ад навінаў пра тэракты ў Парыжы. Наіўная спроба захінуцца ад халоднага жаху.

“Цяжкі час” апускаецца на плечы нашага пакалення. Праўда, яшчэ не падае неба, пахіснуўшыся, на зямлю, але для многіх людзей абрынуўся цэлы свет пасля перажытага. У пыле і змроку так камфортна адчувае сябе зло, і няспынна імкнецца да цемры, цягнучы за сабой людзей. Сцэнары і прыклады вядомыя. Падазронасць замест даверу, нянавісць замест прыязнасці, адчужэнне замест салідарнасці і г.д.

Нехта сказаў, што ў цёмныя часы лепш бачна светлых людзей. Прарок Даніэль называе “свяціламі небасхілу” і “зоркамі вечнасці” тых, якія не толькі маюць мудрасць, але яшчэ і вучаць “многіх справядлівасці”. Мы добра ведаем, што бывае з тымі, якія мужна рупяцца аб справядлівасці, не сядзяць ціха, пакуль мінуць ліхія часы, не ставяць мудрасць на службу ўласным інтарэсам... Часта іх святло абрываецца трагічна. І мы наўрад ці здолеем абараніць іх, хоць так моцна іх патрабуем. Што сталася з Тым, які называў сябе “Святлом свету”?.. Але ж Ён і кліча кожнага ісці за сабой, ісці, не хаваючы пры гэтым сваю “свечку” пад лаву, каб ніхто не заўважыў.

Свяціце ж і ў цяперашні час, выбраныя Божыя! Гэта адзінае выйсце. З усёй сваёй надзеяй – свяціце! Не толькі дзеля таго, каб анёлы Сына Чалавечага ведалі, дзе вас шукаць у апошні дзень. Але каб свет бачыў вашае святло праз стагоддзі і не звар’яцеў ад жаху і болю.

Тэрэса Клімовіч

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.