Бываюць хвіліны, калі пачынаю пералічваць (ці хтосьці паслужліва падказвае), колькі я зноў не паспела і не зрабіла. І з кожным новым пунктам сыходжу ўсё ніжэй і ніжэй па прыступках суму. Ад высокага і лёгкага да цяжкога і беспрасветнага. Адчай недзе на дне ўжо гатовы схапіць сваю ахвяру. Змрочны вобраз марнавання часу.
Мы – не тое, што мы не паспелі, мы – тое, што зрабілі з любоўю. Той самай, мера якой – любоў без меры, з любоўю да Бога.
Апошнім часам, калі мне чарговы раз карціць паскладаць “няўдалыя” спісы, я ўспамінаю параду святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус: замест таго, каб дакараць сябе за недасканаласць, лепш адпачыць на Сэрцы Езуса, якое так нас любіць. Святая не тлумачыць, як – як дазволіць сабе адпачыць, як прыняць любоў, ды хоць бы як сцішыцца перад Хрыстом... Нібы і так сказала зашмат, хопіць тэорыі – толькі практычнае прымяненне.
Тэрэса Клімовіч