“Ад Асэмона хай паверне мяжа да ручая Егіпецкага і спыніцца хай на беразе Вялікага мора...” (Кніга Лічбаў, 34)
Узнікае дзіўнае пачуццё анімацыі ў гэтым раздзеле, калі межы праходзяць, робяць павароты і спыняюцца без удзелу людзей. Нібы ў 3D-графіцы аловак крэсліць на зямной паверхні жывыя лініі. Што б ні прыдумалі людзі, хоць бы выракліся свайго краю, межы застануцца там, дзе яны ўсталяваны. “Хай будзе мяжа тут... хай пойдзе там... хай спыніцца... Гэта хай будзе зямля вашая з межамі сваімі вакол”.
Так і трывае гэты няскончаны рух... Зямля Абяцаная, за якую трэба змагацца, засяляць, вяртацца зноў, і зноў будаваць, губляючы, узнімаць з руінаў. Не абмежаванне, але прастора для вольнага жыцця ў еднасці з людзьмі і Богам, месца бяспечнае, мілае сэрцу.
Такое ж вызначэнне межаў чалавеку, толькі ўжо ў духоўным вымярэнні, нагадаў мне адказ Езуса багатаму юнаку: “Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва, шануй бацьку і маці, любі бліжняга свайго, як самога сябе”. Юнак кажа Яму: “Усё гэта я захоўваў, чаго яшчэ нестае мне?” (Mц 19, 16-22) Знешне просты дыялог, але за кароткай фразай – цэлая гісторыя. Той, хто вырушыў на здабыванне сваёй “зямлі” і асвоіў яе аж да межаў любові да бліжняга, не будзе доўга распавядаць, як гэта адбылося і колькі каштавала. Гэтаксама сцісла і проста задае ён сваё пытанне. На самай апошняй мяжы чалавека ўсё роўна будзе чакаць таямніца, і нешта непазнавальнае ў самім сабе і Сусвеце адгукнецца ненатоленай тугою. Аб чым? Юнак пытаўся аб жыцці вечным, прадчуванне ўжо было дадзена яму.
Ён атрымаў адказ, што яму трэба зрабіць, “калі хочаш быць дасканалым”, і ён – юны, дапытлівы, з вялікім сэрцам і вялікай прагай – адышоў. Не павінен быў, а адступіўся. Нават вучні здзівіліся: калі такія, як ён, не ўвойдуць у Валадарства Нябеснае, “дык хто ж можа быць збаўлены?” Багацце і ўсе звязаныя з ім спадзяванні трымалі нашага дастойнага юнака мацней, чым ён сам думаў. Быць з Богам азначае пакінуць сталае месца, да якога прывязалася сэрца, адмовіцца ад камфорту, упэўненасці ў сваім становішчы, таму што ісці за Хрыстом немагчыма, стаўшы, як вартаўнік, каля свайго багацця, у чым бы яно ні было. Быць з Богам - значыць ісці, рухацца, і, пакінуўшы кут, атрымаць бязмежнасць.
Хочацца думаць, што адыход – не канец гісторыі, а толькі пачатак разважанняў маладога чалавека над пачутымі словамі. Хочацца думаць, што тыя, хто глядзелі Богу ў вочы, не адвярнуліся ад Яго. Але мы ведаем, што ў жыцці гэта часта зусім не так. “Падзенне найлепшых прымае найгоршыя формы”, як нехта заўважыў.
Што ж, у многіх з нас увогуле не хапае адвагі на свой дыялог з Езусам, бо прыйшлося б пачаць з сумнай агаворкі: “Не ўсё я захоўваў з маладосці сваёй...” На першы погляд здаецца, што, калі грашыш, выходзіш за нейкія абмежаванні, а на самой справе аддаеш частку сваёй “зямлі”, дадзенай Богам, у варожы палон, з малых непрыяцельскіх паселішчаў вырастаюць магутныя фартэцыі, а твае прыгожыя гарады прыходзяць у запусценне. Каб толькі была магчымасць з высокай гары ўбачыць неасвоеныя абшары сваёй духоўнай прасторы, пэўна, вырушылі б неадкладна на яе здабыванне, на вяртанне ёй годнасці і свабоды. “Не адступлюся ад цябе і не пакіну цябе”, – кажа Пан у Кнізе Навіна (1, 5), і ад нас залежыць, ці пакінем мы гэтыя словы ў Старым Запавеце або “ўкладзём у свае вушы” і даверымся Богу, вырушаючы за Ім у шлях.
Тэрэса Клімовіч