У нашай бараўлянскай парафіі ў снежні мінулага года арганізавалі дзіцячы тэатральны гурток. Вядома, для першай пастаноўкі дзеці рыхтавалі гісторыю Божага нараджэння. Пакуль старэйшы сын вучыў словы святога Юзафа, я павінна была падоўжыць яму вопратку, каб ён меў больш прыстойны выгляд.
Для таго, каб прымерыць, падраўняць, прышыць, мне спатрэбіўся кавалак часу, рукамі — не машынай. І за работай (не памятаю, у сувязі з чым) успомніўся выраз з Евангелля паводле Лукі: «Маці Яго захавала ўсе словы ў сваім сэрцы». Перашываючы адзенне для святога Юзафа, хоць бы для тэатральнага, я ўслухалася ў гэты сказ з новым пачуццём. Зараз нам лягчэй незвычайна адносіцца да Маці Божай, чым зразумець, што Яе святасць узрастала сярод звычайных рэчаў, заняткаў і клопатаў. Усё, што Марыя саткала, пашыла, згатавала і зрабіла, не толькі матэрыяльнае, усё адбылося пад гучанне тых схаваных у глыбіні сэрца слоў.
Што трэба, каб загучала Божае слова ў сэрцы? Магчыма, як гэта ні парадаксальна, схаваць яго як найглыбей, бо штодзённая мітусня змывае з паверхні сэрца не толькі словы, але і людзей, рэчы, падзеі. А пра сэрца лепш, чым у энцыкліцы Lumen Fidei, мне не сказаць: «Паводле Бібліі цэнтрам чалавека з’яўляецца сэрца, у якім сустракаюцца ўсе яго вымярэнні: цела i дух; глыбіня асобы і яе адкрыццё на свет і іншых; розум, воля і пачуцці. Вось жа, калі сэрца здольнае яднаць гэтыя вымярэнні, то дзеецца так таму, што яно з’яўляецца месцам, дзе мы адкрываемся на праўду i любоў i дазваляем, каб яны ў глыбіні закранулі нас i перамянілі».
Ад таго, што схавана ў цэнтры чалавека, залежыць кожнае «шво» на тканіне нашага жыцця. Якім быў бы свет, каб усе яны былі выкананы з любоўю да Бога і бліжняга?..
Тэрэcа Клімовіч