Пошук

04.07.2018 12:04   Catholic.by

Святыя на небе. А на зямлі? Дзеці Божыя. Усе і кожны? А як жа інакш! Бог жа нас, людзей, стварыў, па вобразе і падабенстве сваім. Праз сакрамэнт святога хросту чалавек атрымлівае годнасць Божага дзіцяці і надзею на збаўленне.

Браты і сёстры, кожны з нас добра памятае Хрыстовую прыпавець пра каласоўнік: «Калі ж збажына ўзышла і дала плён, тады паказаўся каласоўнік. Слугі сказалі: „Хочаш, мы пойдзем выпалаць яго?“ Але ён сказаў: „Не. Каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. Пакіньце расці разам тое і другое аж да жніва; а ў час жніва Я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць, а пшаніцу збярыце ў засекі мае“ (пар. Мц 13, 26–30).

Калі чалавек у гарачую пару назірае за залацістай нівай нашай Бацькаўшчыны, яго ахоплівае радасць і з'яўляецца ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Аднак можна назіраць і трывожную карціну (хоць на нашых палях такое адбываецца рэдка: здымак унізе зроблены за мяжой): сярод буйных каласоў, з удзячнасцю пахіленых да зямлі, бачым і каласоўнік з прыпавесці — у нашым разуменні «асот».

Тут усё зразумела — замала далі «хіміі». «Але ж гэта прыпавесць для аграрыяў, — скажаце вы, — якое яна мае дачыненне да нас?» Паверце: мае.

Мы часта сустракаемся з такімі выказваннямі: «Як Бог можа на гэта глядзець, чаму такога „злыдня“ не пакарае, ён жа дае дрэнны прыклад асяроддзю і згубна ўплывае на выхаванне моладзі? Заклікаем за адмысловай „хімічнай праполкі“: ізаляваць, развесціся, пакараць, адабраць права спадчыны і так далей».

Дарагія! Вернемся да прыпавесці. Не, кажа Пан, каб вы не вырвалі разам з каласоўнікам пшаніцы. А ў іншым месцы на пытанне Пятра аб прабачэнні Езус адказаў: «Не кажу табе, што аж сем разоў [належыць прабачаць], але ажно семдзесят сем разоў» (пар. Мц 18, 22).

Ці гэта азначае, што я павінен стаяць і глядзець, дазваляць грашыць, запытаеце вы? Езус вучыць нас, што трэба рабіць у такім выпадку, не прыбягаючы да пакарання.

Ён кажа нам аб «братэрскім напаміне» дзеля навяртання грэшніка. Езус заклікае нас да малітвы. І тыя, хто абраў малітву на дарозе навяртання грэшніка, сёння служаць нам прыкладам: святая Моніка 18 гадоў малілася аб навяртанні свайго сына Аўгустына, яе вера не пахіснулася, жанчына даверылася Богу, заклікаючы да любові, а не да пакарання. Пагадзіцеся, Бог нас часта здзіўляе, у гэтым выпадку таксама.

З грэшніка Аўгустына ён учыніў вялікага святога і доктара Касцёла. І яшчэ вельмі важна не гневацца і не прад’яўляць прэтэнзій да Бога, калі бачым, што Бог абдымае сваёю ласкай таго, каго мы толькі што перакрэслілі ў дарозе да збаўлення.

Езус у прыпавесці пра міласэрнага айца запэўнівае нас: «Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё. А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся» (пар. Лк 15, 31–32).

У гэтым месцы дзякуем Духу Святому за натхненне, дадзенае ў нашым разважанні. Ён нас скіраваў ад зямнога да нябеснага, ад чалавечага меркавання — да Божага плану збаўлення ўсіх людзей.

Нядаўна папа Францішак выказаў такую думку: «Касцёл, супольнасць Касцёла — гэта грэшнікі, якія крочаць за Панам, каб спазнаць свой стан, шкадаваць за грахі, перамяніцца і стаць перад Панам, як перад адзіным Суддзёй, і атрымаць узнагароду вечнага жыцця».

Святыя на небе. А на зямлі? Дзеці Божыя. Усе і кожны? А як жа інакш! Бог жа нас, людзей, стварыў, па вобразе і падабенстве сваім. Праз сакрамэнт святога хросту чалавек атрымлівае годнасць Божага дзіцяці і надзею на збаўленне.

На жаль, чалавек, які робіць грэх, забруджвае сваю душу плямамі, скажае свой Божы вобраз, але тым не менш і надалей застаецца ў даляглядзе Бога. Таму Бог загадвае чалавеку: «Любі бліжняга твайго, як самога сябе».

А Касцёл раіць сваім вернікам ва ўчынках міласэрнасці для душы бліжняга «настаўляць грэшнікаў». Наш удзел заключаецца ў тым, каб дапамагчы грэшніку знайсці дарогу да Бога, падтрымаць яго і ніколі не перакрэсліваць, бо адзіным нашым суддзёй з’яўляецца Бог — міласэрны, справядлівы і доўгацярплівы. І яшчэ. Тым, хто наверне грэшніка з яго заганнай дарогі, Езус абяцаў узнагароду.

Браты і сёстры, паступаючы згодна з Хрыстовымі наказамі, праз мітусню гэтага свету мы пачуем нясмелы заклік грэшніка: «Абдымі мяне і аздараві маё сэрца».

Кожны можа быць святым, ты і я — не выключэнне.

Абноўлена 06.07.2018 02:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.