Аднойчы нараніцы я гатавала пончыкі. Кроіла на кавалачкі цеста, смажыла ў алеі, залацістыя перакладала на талерку з сурвэткай, пасыпала цукровай пудрай... Дзеці былі ў сваім пакоі, гулялі ў свае – планшэтныя, шчыра кажучы – гульні. Пончыкаў станавілася ўсё больш, а дзеці, вядома, не ішлі. І я думала, што зараз я іх паклічу бязгучна, потым, калі яны не пачуюць, да іх дойдзе смачны пах печыва, які прывабіць іх.
Ім стане цікава, што там гатуецца. Нарэшце, яны ж галодныя там сядзяць, прыбягуць на кухню. Прыбег самы малодшы, паглядзеў, усміхнуўся радасна. “Пакліч астатніх”, – папрасіла я. Пабег і не вяртаецца. Загуляўся. Давялося выйсці ў калідор і паклікаць. “Зараз-зараз”, – быў адказ. Я недаверліва ўсміхнулася. Але прыбеглі хутка, мелі мужнасць выключыць планшэт. А можа, сапраўды згаладаліся...
Бог, каб аднавіць свой запавет з людзьмі, прыйшоў на зямлю, дзе мы зачаравана гуляем у свае гульні. Так, мы не чулі Ягоны ціхі голас, не звярталі ўвагу на святасць і веліч Ягоных спраў, заглушалі свой голад, хоць гэта патрабуе немалых высілкаў. Ён прыйшоў, каб быць побач. Ці заўважым мы Бога, калі Ягонае прыйсце выклікае нашмат менш эмоцый, чым дэвальвацыя?.. Будзем шукаць Ягоныя вочы ці лічбы на цэнніках? Радасць ахіне сэрца ці расчараванасць?
Я не хачу сказаць, што не трэба звяртаць увагу на страты, якія здарыліся нечакана, на ўмовы існавання ў нашай краіне, якія для вельмі многіх пагоршыліся. Чалавек павінен клапаціцца пра годнасць існавання, каб мець магчымасць захоўваць сваё здароўе, клапаціцца пра сваіх блізкіх, аднаўляць свае сілы, працаваць сумленна, атрымліваць справядлівы заробак. Чалавеку дадзены розум, каб мудра кіраваць маёмасцю, планаваць будучыню, паляпшаць існуючыя ўмовы. Але таксама трэба памятаць пра тое, што жыццё і ўсе намаганні павінны імкнуцца ў вышыню, да Бога, а не адварочваць чалавека ад Бога. Пасля ўсведамлення таго, што адбылося, перад некаторымі з нас паўстане выбар: вярнуць свае даходы (або пакрыць страты) коштам іншых ці не. Здавалася б, ёсць права на нейкі рэванш. Толькі ў дадатак трэба пайсці супраць свайго сумлення, “зачараваць” яго апраўданнямі і разлікамі.
К.С.Льюіс пісаў, што “мужнасць – не проста адна з цнотаў, але форма кожнай дабрачыннасці ў адказны момант”. Адказны момант здарыўся і зараз. Маленькі Езус прыходзіць, каб дадаць нам мужнасці застацца людзьмі, нават калі асяроддзе вымагае нечалавечых паводзін. Ён прыходзіць, каб падтрымаць нашу чуласць да іншых, каб наталіць голад любові Самім Сабой. Давайце ж сустрэнем Яго там, дзе мы ёсць, з тым, што маем, і адкрыем Яму сэрцы ў нашых бліжніх, каб знешнія абставіны і адсутнасць снегу не перашкодзілі каляднай радасці і надзеі.