Пошук

26.06.2018 12:27   Catholic.by

Дарагая моладзь, са святам! У апошнюю нядзелю чэрвеня мы адзначалі Дзень моладзі — выключна ваш дзень.

Па ініцыятыве беларускага епіскапата 2018 год у Касцёле ў Беларусі праходзіць пад дэвізам «Моладзь — надзея Касцёла і грамадства».

Сёлета ладзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя менавіта вам; адбыліся агульнабеларускія дні моладзі ў Гродне, Касцёл запрашае вас на рэкалекцыі і пілігрымкі, праходзяць Парафіяды і дні паклікання, а таксама іншыя моладзевыя сустрэчы.

«Пакліканыя з Марыяй да жыцця ў ласцы Божай»

Усё гэта ладзіцца для таго, каб вы сустракаліся і былі разам, каб стваралі «супольнасць маладых сэрцаў». Вядома, што такія моладзевыя сустрэчы напоўнены весялосцю, радасцю і забавамі, але, каб сустрэча веручай моладзі мела і духоўную карысць, мы запрашаем на яе Хрыста.

Згодна з Яго абяцаннем, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Езуса, там Ён сярод іх.

Вас шмат, таму і ёсць гарантыя, што Езус сёння прабывае з намі, а мы дзякуем Яму за таямніцу Эўхарыстыі, за дар нашай з Ім лучнасці, дзякуем за бацькоў і родных, за малітоўную памяць нашых дзядуляў і бабуляў, проста дзякуем за родны дом, за атмасферу любові і згоды, разумення і ўзаемнай дапамогі.

Мы дзякуем і сумуем па доме, у якім любоў — як штодзённы хлеб на нашым стале, дзе прабачэнне i неабходнасць разумення — як глыток свежага паветра для ўнутранага ўмацавання, а праўда дае мір нашаму сэрцу.

У нашым жыцці мы, магчыма, не заўсёды ўсведамляем прысутнасць Езуса. Але менавіта гэтая прысутнасць, жывая і верная, прысутнасць у слове Божым і Эўхарыстыі, у супольнасці веруючых і ў кожным чалавеку, адкупленым каштоўнай Крывёю Хрыста, — гэтая прысутнасць з’яўляецца неўміручай крыніцай чалавечай сілы.

фота Аляксандры Шчыглінскай

Хрыстус стаіць побач з намі. «Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, — кажа Езус, — увайду».

Ці адкрылі мы ўжо сэрцы для Хрыста? Калі так, то павінны ведаць, што Ён многімі адкідваецца, ігнаруецца і высмейваецца. Таму, калі ў будаванні дома вашага жыцця вы сустрэнеце тых, хто пагарджае фундаментам, на якім вы будуеце, няхай гэта вас не бянтэжыць.

Наша вера ў Езуса павінна часта супрацьстаяць нявер’ю іншых, каб застацца нашай верай назаўсёды.

Папа Францішак, звяртаючыся да моладзі, сказаў: «Вы маеце патрэбу ў тым, каб адчуць, што хтосьці сапраўды верыць у вас». Дык ведайце, што Пантыфік верыць у вас, што Касцёл верыць у вас! Даверцеся Касцёлу!

Дарагія сябры, паўтараю за Папам Рымскім: Касцёл у Беларусі верыць у вас, давярае і ўскладае надзею на вас! Бо вы — «пакліканыя з Марыяй да жыцця ў ласцы Божай».

Не бойцеся быць мудрымі будаўнікамі свайго дома і шчасця, не бойцеся будаваць на скале — на Хрысце. Не бойцеся будаваць на скале — на Пятры: «Ты Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго», — сказаў Езус Пятру.

Не бойцеся будаваць свой дом у Касцёле і з Касцёлам. Вы распачалі будаўніцтва свайго дома з Пятром нашых часоў — святым Папам Янам Паўлам ІІ, пасля нам спадарожнічаў Папа Бэнэдыкт XVI, цяпер — Папа Францішак.

фота Аляксандры Шчыглінскай

Памятайма, што кожны Папа, кожны біскуп, святар, законніца і законнік, вашыя бацькі — не супраць вас і толькі дапамагаюць вам нястомна будаваць на трывалай скале дом вашага ўласнага жыцця.

Але недастаткова толькі слова: павінна быць дзеянне. Недастаткова сядзець за камп’ютарам ці ляжаць на канапе перад тэлевізарам і паўтараць: «Я не грашу», «Я веру ў Бога». Трэба ўстаць з канапы, як заклікаў нас у Кракаве падчас Сусветных дзён моладзі Папа Францішак, каб быць побач адно з адным і дзяліцца са светам Хрыстом у сабе.

Аб гэтай адвазе і запрашэнні Хрыста ў штодзённае жыццё просім сёння Маці Хрыста і Каралеву Беларусі, а таксама і святога Яна Хрысціцеля, урачыстасць нараджэння якога мы святкуем у Касцёле.

Нядаўна мінула ноч, падчас якой нашы продкі шукалі папараць-кветку, што расцвітае толькі на адну ноч і адразу знікае.

Я жадаю вам, любая моладзь, знайсці «духоўную кветку» вашага жыцця, перад прыгажосцю якой марнеюць усе колеры свету, — знайсці Хрыста, нашага Збаўцу.

фота Аляксандры Шчыглінскай

Абноўлена 26.06.2018 18:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.