Пошук


Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе (Мц 13, 45-46).

Цудоўны завершаны твор у два радкі, праўда? Колькі разоў чую гэтую прыпавесць, дзіўлюся гэтаму. Часам узнікаюць вобразы купца і пярлін, раскіданых па свеце, і торбы з манетамі, у якую ператварылася ўся маёмасць рухомая і нерухомая... Часам перабіраю ў галаве свае «манеты», каб разабрацца, ці моцна я за іх трымаюся...

Калі паміж купцом і пярлінай стаў толькі кошт, ён заплаціў яго. Езус не гаворыць, ці лёгка яму было, ці не вагаўся ён. У прыпавесці няма перашкод, толькі вольная плынь: знайшоўшы, ідзе, і ўсё, што мае, прадае... Гэта азначае, што заўтра ў яго не будзе грошай, каб нават купіць сабе ежу. Не кожны мае адвагу заплаціць такі кошт. Вам не здаецца, што сказ не скончаны? У тым і справа: мы засяроджваемся на кошце і не бачым тое, за што трэба ўсё аддаць.

Трэба чытаць спачатку. А спачатку чалавек пэўнай прафесіі шукаў прыгожых пярлін... Значыць, ён ведаў іх кошт, іх адрозненні, асаблівасці. Ці лёгка шукаць нешта сапраўднае, добрае, прыгожае, можа сказаць толькі той, хто шукаў сам, не задавольваючыся падробкамі. І толькі такі чалавек можа аддаць усё за адну каштоўную пярліну, перад якой усе папярэднія знаходкі аказваюцца пясчынкамі.

Праглядаючы свае зборы і калекцыі, цяжка не заўважыць, што ўсё мела свой кошт. Так ці іначай, ён заплачаны, і вельмі часта заплачаны Божымі дарамі... Толькі ці за Валадарства Нябеснае?

Тэрэса Клімовіч

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця