Дарагія браты і сёстры, Езус сказаў: «Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць Закон ці прарокаў. Не адмяніць прыйшоў Я, а выканаць» (пар Мц 5, 17).
Урачыстасцю Божага Цела Касцёл заканчвае аб’яўленне вернікам галоўных праўдаў веры літургічнага года. Пасля працэсіі Божага Цела ў святынях традыцыйна святкуецца Актава пасля Божага Цела, пасля якой Касцёл благаслаўляе дзяцей і вяночкі.
Гэтая шматвекавая традыцыя падтрымлівалася нашымі бацькамі і дзядамі, заўсёды радасна ўспрымалася дзецьмі. Аднак у сённяшнім свеце звычаі продкаў успрымаюцца не заўсёды ахвотна. Напрыклад, благаслаўленне аўса ва ўспамін св. Стэфана або насення ва ўрачыстасць Маці Божай Сеўнай.
Некаторыя вернікі адгаворваюцца, маўляў, няма гаспадаркі, ніхто ўжо не сее авёс. Святары ж, не практыкуючы тую ці іншую традыцыю, часамі адказваюць вернікам: «Гэта не нашая традыцыя».
Кананічнае права кажа, што найлепшай інтэрпрэтацыяй закону з’яўляецца звычай (традыцыя), а святы Ян Павел ІІ казаў: «Не ведаючы мінулага, на чым збудуеш будучыню?».
Дарагія, Касцёл у Беларусі малады. Многія вернікі паходзяць з гарадоў, дзе тая ці іншая традыцыя касцёла была забытая — не было каму яе патрымліваць, касцёлы былі зачынены. На жаль, многія рэлігійныя традыцыі нашых бацькоў забытыя.
Гэтыя традыцыі былі «маякамі» ў штодзённым жыцці і веры нашых бацькоў: павешаныя каля абраза благаслаўлёныя вяночкі і за абразом вербачкі, запаленая і пастаўленая на вакне «грамнічная свечка».
Калі чытаеце гэтыя словы, ведайце, што таксама дзякуючы захаванню гэтых традыцый нашымі продкамі мы сёння цікавімся рэлігійнымі звычаямі.
Не падумайце, што я вас заклікаю да практыкавання магіі ці чараў. Не. Іх і так існуе, на жаль, зашмат, і ў нашым асяроддзі яны знаходзяць сваіх адрасатаў.
Асвячанае ці паблагаслаўлёнае ў касцёле не можа быць выкарыстана супраць чалавека, бо ў ім моц Божая, а Бог любіць чалавека і створанае для яго асяроддзе нішчыць не будзе.
Шануйма рэлігійную традыцыю, спазнавайма былое і будзьма адкрытыя на новае, зацверджанае Касцёлам. Няхай нашае жыллё і дзверы ўпрыгожваюць паблагаславёныя вяночкі і вербачкі, а не ўсходнія абярогі і «музычныя трубкі», а араматызаваныя свечкі няхай саступяць месца грамнічнай, якую нашыя продкі лічылі абаронай ад зла і, трымаючы запаленай у руках, адыходзілі з ёю шляхам вечнасці.
Новае — гэта мінулае, рэалізаванае адпаведным чынам у сучаснасці.
Жадаю Вам «рэлігійных маякоў» па дарозе жыцця.
Асобна хачу сказаць святарам: важна, каб перадусім духавенства апекавалася рэлігійнай традыцыяй нашых бацькоў. Напэўна, ёсць шмат звычаяў, якія не маюць рэлігійнага духу, але тыя, якія яго маюць, няхай жывуць.
З падзякай усім вам за падтрыманне традыцый продкаў.