Пошук


У сярэдзіне XIX стагоддзя афіцыйным пунктам гледжання Вярхоўнага Трыбунала Апостальскай Пэнітэнцыярыі, адной з трох судовых установаў Рымскай курыі, было палажэнне пра тое, што займаць дзяржаўныя пасады могуць кандыдаты, гатовыя паважаць законы Бога і Касцёла.

Многія палітычныя дзеячы, якія былі католікамі, па ўласным жаданні звярталіся да Святога Пасаду з просьбай дазволіць займаць такога роду пасады. У першую чаргу гэта датычылася дэпутатаў і сенатараў італьянскага парламента. Аднак пасля абвяшчэння Італьянскага каралеўства сітуацыя істотна змянілася, бо адносіны паміж Касцёлам і дзяржавай у Італіі ўскладніліся.

Пачатак перыяду, на працягу якога італьянскім католікам было забаронена ўдзельнічаць у палітычным жыцці, звязаны з прынцыпам non expedit («не падыходзіць»), які з'явіўся ў 1868 г. і дзейнічаў да пачатку ХХ ст. (забарона не датычылася выбараў у вярхоўныя органы ўлады). Гэты прынцып стаў часткай пратэсту Святога Пасаду супраць захопу тэрыторый Папскай вобласці і замахаў на свецкую ўладу Пантыфікаў.

На выяве: папа Пій Х

З пачаткам ХХ ст. і абраннем Пія Х заявы, якія датычыліся пытання пра свецкую ўладу Папаў, сталі гучаць радзей. Курыя стала інакш ставіцца да палітычнага жыцця ў Італіі. Гэта было звязана са з'яўленнем 11 чэрвеня 1905 г. папскай энцыклікі «Il fermo proposito» («Цвёрды намер»), якая дазволіла католікам прымаць удзел у парламенцкіх выбарах і азнаменавала фактычную адмену прынцыпу non expedit, хоць афіцыйны акт з'явіўся толькі ў 1919 г.

Не адмяняючы агульнай забароны на ўдзел у палітычным жыцці паводле прынцыпу non expedit, Папа дазволіў біскупам індывідуальна разглядаць пытанне ўдзелу католікаў у палітычным жыцці незалежна ад рэгіёна.

На выяве: Дж. Джаліцці

Да выбараў 1913 г. Пій Х ухваліў пакт Вінчэнцо Аттарыно Джэнцілоні, кіраўніка Італьянскага каталіцкага выбарчага саюза, па ўмовах якога католікі на выбарах у парламент павінны былі падтрымаць лібералаў. Пакт быў заключаны паміж вядомым палітычным дзеячам, лібералам Джаванні Джаліцці і В. А. Джэнцілоні.

Ліберальныя кандыдаты ў сваю чаргу абавязваліся падтрымліваць Касцёл, асабліва ў пытанні фінансавання каталіцкіх школ, а таксама супрацьдзеянні закону, які дазваляў развод. Гэты пакт дазволіў Дж. Джаліцці забяспечыць сабе большасць у парламенце.

Пасля Першай сусветнай вайны ва ўмовах пад'ёму рабочага руху і няўдзелу выбаршчыкаў-католікаў у парламенцкіх выбарах сацыялісты мелі нядрэнныя шанцы на атрыманне большасці галасоў. Галасы католікаў былі асабліва патрэбныя на поўначы краіны: у Бергама, Мілане і Крэмоне.

У гэтай сітуацыі Бэнэдыкт XV адмяніў non expedit. Удзел католікаў прынёс жаданы для ліберальнай партыі вынік. Больш за тое, 18 студзеня 1919 г. італьянскім святаром Луіджы Стурца і групай іншых асобаў быў падпісаны маніфест Італьянскай народнай партыі.

Яна не была каталіцкай, але з'яўлялася партыяй католікаў і разглядалася Святым Пасадам як «незалежная ініцыятыва грамадзян-католікаў». Ужо на парламенцкіх выбарах 1919 г. былі абраны 103 дэпутаты-католікі, што было ўнікальнай падзеяй для сусветнай гісторыі, бо гаворка ішла пра партыю, якая існавала на той момант менш за год.

На выяве: папа Бэнэдыкт XV

Італьянская народная партыя (ІНП) у сферы міжнародных адносінаў жадала дасягнуць раўнавагі, справядлівага парадку паміж народамі, а таксама адмовы ад імперыялізму. Партыя прымала праграму, якую прапанаваў амерыканскі прэзідэнт Томас Вудра Вільсан, падтрымлівала ўстанаўленне межаў на аснове прынцыпу самавызначэння народаў, свабоды мораў (mare liberum) і стварэнне наднацыянальнай арганізацыі для ўрэгулявання канфліктаў паміж дзяржавамі.

У сферы ўнутранай палітыкі партыя ставіла мэтай барацьбу з такой цэнтралізаванай дзяржавай, у якой вылучаецца кіруючы клас, адарваны ад народа, а бюракратычная сістэма не прадугледжвае рэальнага ўдзелу насельніцтва. ІНП абвяшчала важнасць такіх прамежкавых інстытутаў паміж дзяржавай і асобным індывідам, як сям'я, адміністрацыйныя органы, аб'яднанні працоўных.

У межах партыі існавалі разнастайныя рухі. Заснавальнік Каталіцкага ўніверсітэта Святога Сэрца ў Мілане Агостыно Джэмэллі падтрымліваў неабходнасць стварэння «хрысціянскай дзяржавы», у большай ступені заснаванай на дактрыне Хрыста, чым на сучасных дэмакратычных метадах, што не азначала адмовы ад інавацый. Гуідо Мільёні лічыў, што партыя павінна абараняць інтарэсы працуючых хрысціянаў, а Джузэпэ Сперанцыні наогул адкалоўся ад Італьянскай народнай партыі і заснаваў Хрысціянскую партыю працы.

На выяве: Агостыно Джэмэллі

Італьянская народная партыя заяўляла пра неабходнасць удзелу працоўных у кіраванні прадпрыемствамі, змены адносінаў паміж капіталам і працай без шкоды для прадукцыйнасці і мірнага суіснавання класаў. Сувязь са Святым Пасадам не магла не захоўвацца, улічваючы тое, што партыя была створана ў каталіцкіх колах і мела патрэбу як у галасах католікаў, так і ў падтрымцы Касцёла, асабліва пасля прыходу да ўлады фашыстаў.

У перыяд народных выступленняў, якія разгарнуліся пасля заканчэння Першай сусветнай вайны, нямногія маглі падумаць, што хутка будзе ўстаноўлены рэжым Бэніто Мусаліні. Калі ж ён прыйшоў да ўлады, існавала меркаванне, што гэта пераходны перыяд на шляху да новай ліберальнай дзяржавы і што неўзабаве будзе адноўлены парадак.

На выяве: Бэніто Мусаліні

Ужо перад «маршам на Рым» 1922 года Мусаліні нападаў на Італьянскую народную партыю за яе нейтральнае стаўленне да Гуідо Мільёні з яго ідэяй партыі хрысцінаў-працоўных. Кіраўнік партыі дон Луіджы Стурца на Нацыянальным кангрэсе ў Турыне ў красавіку 1923 г. зрабіў стаўку на антыфашызм.

Пры тым, што партыя не змагла перажыць фашысцкі рэжым, засталася яе ідэйная спадчына з прынцыпамі свабоды, плюралізму, адкрытасці і ўдзелу насельніцтва ў палітычным жыцці. Хрысціянска-дэмакратычныя партыі, якія былі аднымі з ключавых палітычных сіл у Італіі і ФРГ у перыяд пасля Другой сусветнай вайны, шмат у чым запазычылі гэтыя прынцыпы ў Італьянскай народнай партыі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.