Пошук


Пачынаючы з 1870 года, узаемаадносіны паміж Святым Пасадам і Італьянскай дзяржавай вызначаліся існаваннем «Рымскага пытання». Яго сутнасць заключалася ў імкненні Пантыфікаў дабіцца аднаўлення палітычнай незалежнасці, якая аказалася пад пагрозай у выніку ліквідацыі Папскай дзяржавы і пераносу сталіцы Італіі ў Рым.

Тагачасныя аўтарытэтныя каталіцкія тэолагі сцвярджалі, што Папа не можа прызнаць тэрытарыяльныя абмежаванні пры ажыццяўленні сваёй рэлігійнай місіі.

Лічылася, што каб быць свабодным у сваёй рэлігійнай дзейнасці, ён павінен валодаць паўнатой палітычнай свабоды. Адсюль і тая настойлівасць, з якой Пантыфікі спрабавалі забяспечыць сабе тэрытарыяльны суверэнітэт і юрысдыкцыю на пэўнай тэрыторыі на працягу амаль 60 гадоў (1870–1929 гг.).

Вынікам адсутнасці палітычнай свабоды ў руках Пантыфікаў і супрацьстаяння з Італьянскай дзяржавай было тое, што Італія імкнулася не дапусціць удзелу Святога Пасаду ў якіх-небудзь міжнародных перамовах.

Напрыклад, у 1899 г. італьянскі ўрад перашкодзіў Святому Пасаду прыняць удзел у першай мірнай канферэнцыі, якая праходзіла ў Гаазе, а ў 15-м артыкуле падпісанай у 1915 г. Лонданскай дамовы гаварылася, што «Францыя, Вялікабрытанія і Расія будуць падтрымліваць супраціўленне, якое Італія будзе аказваць кожнай прапанове, якая схіляецца да прыцягнення прадстаўніка Святога Пасаду да ўдзелу ва ўсіх перамовах аб міры і ўрэгуляванні пытанняў, вынесеных цяперашняй вайной».

У 1870–1929 гг. тон папскіх пратэстаў меў тэндэнцыю да змякчэння, але Пантыфікі працягвалі часам паўтараць, што іх становішча ненармальнае і несправядлівае.

Сама магчымасць вырашэння «Рымскага пытання» турбавала многіх выдатных прадстаўнікоў Касцёла яшчэ з моманту яго з’яўлення. Пра гэта сведчыць у тым ліку той факт, што ў 1887 г. манах бэнэдыктынец з Монтэ-Касіна Луіджы Тосці, які быў намеснікам захавальніка Ватыканскіх архіваў, апублікаваў кнігу «Прымірэнне», якая закранае тэму ўрэгулявання адносінаў паміж Святым Пасадам і Італіяй.

У 1889 годзе Крэмонскі біскуп з Паўночнай Італіі Ерамія Бонамеллі ананімна прапанаваў рашэнне, якое было часткова рэалізавана ў 1920-я гг. Так, ён заявіў, што час папскага пратэсту сышоў у нябыт і Італіі сапраўды патрэбен Рым як сталіца, але Папа павінен мець свецкую ўладу ў мініяцюрнай дзяржаве.

Біскуп Бонамеллі сцвярджаў, што Папа і італьянскі ўрад павінны дасягнуць дамоўленасцяў аб стварэнні падобнай дзяржавы, якая мае выхад да мора, вакол Ватыкана.

У пачатку Першай сусветнай вайны немец Маціяс Эрцбергер, які прадстаўляў Партыю каталіцкага Цэнтра, выступіў з праектам паляпшэння становішча Апостальскай Сталіцы. Меркавалася, што Аўстрыя саступіць італьянскія часткі Трыеста Папу, які пасля перадасць іх Італіі. Італьянскае каралеўства за гэта зменіць «Закон аб гарантыях» так, каб ён адпавядаў пажаданням Пантыфіка. Аднак на рэалізацыю гэтага плана не пайшла Аўстра-Венгрыя.

У 1926 годзе пачаліся перамовы па дамове паміж Святым Пасадам і Італіяй, якія сталі пачаткам шляху да Латэранскіх пагадненняў 1929 года. На іх дастаткова востра стаяла пытанне пра будучы статус Святога Пасаду ў міжнародным праве.

Межы дзяржавы Ватыкан паводле Латэранскіх пагадненняў 1929 г.

Першапачаткова італьянскаму дзяржаўнаму радцу Д. Баронэ было даручана выступаць супраць тэрытарыяльнага суверэнітэта Ватыкана і прапанаваць больш падрабязна распрацаваць экстэрытарыяльны статус, які быў замацаваны яшчэ ў «Законе аб гарантыях» 1871 года. Д. Баронэ па гэтым пытанні быў вымушаны саступіць, бо разумеў, што тэрытарыяльны суверэнітэт быў абавязковай умовай урэгулявання ўзаемаадносін Святога Пасаду і Італіі. Яшчэ адной сур’ёзнай праблемай падчас перамоў стала пытанне пра памеры тэрыторыі адноўленай Папскай дзяржавы.

Так, Святы Пасад прэтэндаваў на рымскі пагорак Янікул і вілу Памфілі, якая знаходзіцца на адлегласці прыкладна ў паўтара кіламетра на поўдзень ад базылікі святога Пятра. Аднак для італьянскага ўраду падобная тэрытарыяльная ўступка была дарагой і нязручнай і, больш за тое, магла стаць дастаткова непапулярным рашэннем.

У падобных умовах Святы Пасад адмовіўся ад гэтых прэтэнзій. Больш за тое, папа Пій XI выбраў экстэрытарыяльнасць адносна палаца на плошчы Іспаніі ва ўсходняй частцы Рыма, у якім знаходзіцца Кангрэгацыя Евангелізацыі Народаў.

На выяве: Папа Пій XI

Варта адзначыць, што толькі пад канец 1928 года італьянскі кароль Віктар Эмануэль ІІІ згадзіўся з мінімальнай стратай тэрыторыі, значна меншай за тую, якая магла б адбыцца пры перадачы Святому Пасаду Янікула.

У выніку падпісання Латэранскіх пагадненняў 11 лютага 1929 года з’явілася Дзяржава-горад Ватыкан. Яго мяжа з Італіяй мае працягласць у 3,2 км і ідзе па Леанінскіх мурах да каланады плошчы Святога Пятра і пасля захоплівае левую каланаду. Пры гэтым, напрыклад, Зала аўдыенцый папы Паўла VI, узвядзенне якой пачалося ў 1964 годзе, сёння знаходзіцца часткова на тэрыторыі Італіі і мае экстэрытарыяльны статус.

У адпаведнасці з умовамі Латэранскіх пагадненняў папская летняя рэзідэнцыя ў Кастэль-Гандольфа засталася ва ўласнасці Пантыфіка. Італія таксама прызнала поўную ўласнасць Святога Пасаду на Вялікія Папскія Базылікі (Святога Яна на Латэране, Святога Паўла і Санта Марыя Маджорэ) з усімі прылеглымі да іх прыбудовамі.

Папская летняя рэзідэнцыя ў Кастэль-Гандольфа

Італьянскі ўрад абяцаў не ўзводзіць новыя будынкі на тэрыторыі вакол Дзяржавы-горада Ватыкана, якія маглі б закрываць агляд. У прылеглай да Ватыкана зоне ўсе будаўнічыя і дарожныя змены павінны былі праводзіцца па ўзаемнай згодзе. У адпаведнасці з нормамі міжнароднага права былі забаронены палёты паветраных судоў над тэрыторыяй новай дзяржавы.

З уступленнем у сілу Латэранскіх пагадненняў на карце Еўропы з’явілася новая дзяржава, якая да гэтай пары існуе ў межах, усталяваных у 1929 годзе. Пагадненні не пераглядаліся да 1984 года, калі ў тэкст канкардату, які разам з дамовай і фінансавай канвенцыяй уваходзіў у склад Латэранскіх пагадненняў, былі ўнесены змены. Аднак яны не датычыліся ні тэрыторыі Ватыкана, ні свецкай улады Пантыфікаў у яе межах.

Абноўлена 09.06.2018 23:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа