Любая Моладзь!
Цішыня ў XXI стагоддзі? Цішыня на дыскатэцы ці на канцэрце ўлюбёнага выканаўцы? Адкажам: «Гэта немагчыма».
У летні час з кафэ і бараў да поўначы гучыць музыка. Смартфоны і іншыя электронныя носьбіты напаўняюць адасобленых у натоўпе маладых людзей сваім гукам. Гэта — рэальнасць. Аднак цішыня існуе і яна для цябе.
Цішыня — гэта не адсутнасць гукаў. Гэта момант засяроджання над тым, што нас наталяе і напаўняе — нашу душу, абмежаваную целам. Цішыня — гэта стан душы.
Чалавек створаны з душы і цела. Таму трэба ўмець браць кантроль над адным і другім, а таксама знайсці паміж імі «раўнавагу», бо інакш чалавек не вытрымае.
Цела — гэта «экранізацыя» душы. Душа выражае сваю прысутнасць рухамі цела. Кажам: «Душа баліць і сэрца плача».
Дзякуючы целу чалавек перажывае і адчувае спачуванне, праўду, дабро, прыгажосць. Адчуваем душой, але рэагуем целам — смяёмся, плачам. Такім чынам, свядомасць, якая належыць да духоўнай сферы, фарміруецца таксама і целам праз досвед успрымання рэчаў і з’яваў.
Святы Геранім піша, што кожную працу чалавека ў гэтым свеце спажываюць вусны, трушчаць зубы, пераварвае страўнік. А калі ёсць крыху прыемнасці ў спажыванні, яна трывае датуль, пакуль ежа знаходзіцца ў вуснах.
Ці не замнога шуму ў нашым жыцці? Трэба разабрацца і параіцца, трэба засяродзіцца і памаліцца — патрэбна цішыня.
Менавіта пра гэта нам гаворыць набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Уцелаўлёны Бог жыве сярод нас: адчувае, суперажывае, радуецца і засмучаецца. З Евангелля мы ведаем, што Езус два разы заплакаў і часта радаваўся ў сэрцы.
Радасць адрозніваецца ад весялосці.
О, Найсвяцейшае Сэрца Пана Езуса, молім Цябе — учыні сэрцы нашай моладзі паводле Твайго Боскага Сэрца.