Пошук

20.05.2018 11:57   Catholic.by
фота Юліі Клявец

Любая моладзь! Штогод ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога Касцёл прыгадвае здарэнне, якое адбылося амаль дзве тысячы гадоў таму.

«Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе былі разам у тым самым месцы. Раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі. З’явіліся ім падзеленыя языкі, быццам ад агню, і затрымаліся на кожным з іх. Усе напоўніліся Духам Святым...» (пар. Дзеі Апосталаў 2, 1-3).

Пагадзіцеся, такая вялікая справа, а так проста апісана: настаў дзень, былі разам, павеў ветру — і ўсе напоўніліся Духам Святым. Вялікія справы здзяйсняюцца проста.

Паслухаем адну прыпавесць пра (нецярплівага) непакорлівага гаспадара.

Гледзячы на змену надвор’я (некалькі дзён бесперапыннага дажджу, гвалтоўнага ветру, а затым спякоты), гаспадар выказаў незадаволенасць Створцам. Чалавек прыгадаў, што лепш ведае, якое надвор’е павінна быць, каб вырас добры ўраджай. Створца выслухаў прапанову гаспадара і дазволіў яму кіраваць надвор’ем.

У гэтай справе чалавек пачуваўся бесклапотна: яшчэ ў лютым загадаў, каб прыйшло цёплае надвор’е. Снег сышоў з палёў так хутка, што нават не «навадніў» іх. Гаспадар аддаў новы загад: дождж і сонца павінны былі акрапляць і абаграваць збожжа папераменна. Аднак падчас жніва чалавека чакала здзіўленне і расчараванне: збожжа было прыгожым, але без зерня — з пустым коласам.

Гаспадар з пэўнай іроніяй звярнуўся да Створцы: «Я зрабіў усё як трэба, а зерня няма. Гэта Ты так караеш мяне за непаслухмянасць?»

Бог адказаў гаспадару: «Ты забыўся пра лёгкі павеў ветру, неабходны для таго, каб каласы, дакранаючыся адзін да аднаго, перадалі дар жыцця зерню. Жыццядайны павеў ветру».

Дарагая моладзь, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога праз паслугу біскупа Каталіцкі Касцёл дакранаецца да моладзі, каб у сакрамэнце канфірмацыі адарыць яе «моцай з вышыні». Вялікі дар у звычайным дотыку.

Паглядзіце, усё так проста. Акрамя малітвы, у абрадзе канфірмацыі лоб кандыдата намашчаецца алеем. Так, як алей здольны пранікаць у тканкі, прыносячы карысць, старажытныя барцы мелі звычай намашчэння цела, каб танізаваць мускулы і з большай лёгкасцю вырывацца з захопаў праціўніка.

У кантэксце гэтай сімволікі Касцёл прыняў звычай намашчэння кандыдатаў да канфірмацыі алеем.

Пагадзіцеся — проста? Але ці зразумела? Абмяркуем? Пішыце і дасылайце свае пытанні пра веру і традыцыю Касцёла на адрас: info@catholic.by (тэма — пытанне біскупу).

А цяпер памолімся.

Усемагутны Божа, Айцец нашага Пана Езуса Хрыста, Ты адрадзіў слугаў Тваіх вадою і Духам Святым, вызваляючы іх ад граху. Спашлі на іх, Пане, Святога Духа Суцяшыцеля, дай ім духа мудрасці і розуму, духа рады і мужнасці, духа ўмеласці і пабожнасці, напоўні іх духам Тваёй боязі.

І яшчэ: Просім цябе, Божа, няхай дары Святога Духа прынясуць у жыцці тваіх слуг плады любові, радасці, спакою, доўгацярплівасці, спагадлівасці, дабрыні, велікадушнасці, сціпласці, умеркаванасці і чыстасці. А дзякуючы гэтаму навакольны свет стане больш Божым і людскім.
    
Любая моладзь, запрашаю да разважання над простымі абрадамі Касцёла. Духу Святы, прыйдзі!

Абноўлена 01.06.2018 16:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа