Пошук


Катэхетка парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе с. Ганна Мізавец SJE — пра падрыхтоўку дзяцей да Першай святой Камуніі. На што варта звярнуць увагу бацькам і як падрыхтавацца да гэтай падзеі?

— Сястра Ганна, у якім узросце дзеці могуць прыступаць да святой Камуніі?

— Крытэрыем «адпаведнага» ўзросту для споведзі з’яўляецца здольнасць адрозніваць дабро і зло, а для Камуніі — эўхарыстычны Хлеб і аплатку. У нашай парафіі дзеці прыступаюць да святой Камуніі ва ўзросце 10-13 гадоў.

— Ці існуюць яшчэ нейкія ўмовы, акрамя ўзросту (напрыклад, каб бацькі былі ў шлюбе, каб бацькі прыступалі да сакрамэнтаў ці іншае)?

— Канешне, вельмі важна, каб бацькі былі свядомымі, а не фармальнымі католікамі і ўдзельнічалі ў жыцці Касцёла. У такім разе, падрыхтоўка іх дзіцяці да Першай Камуніі перажывалася б глыбей і яшчэ больш з’яднала б сям’ю. Але можа быць і так, што вера дзіцяці абудзіць веру абыякавых дагэтуль бацькоў і прывядзе іх да навяртання.

Падрыхтоўка да Першай Камуніі ў нашай парафіі адбываецца два гады. Дзеці таксама павінны наведваць заняткі рэлігіі ў парафіі раз на тыдзень і кожную нядзелю, а таксама ў святы ўдзельнічаць у святой Імшы.

Галоўнае —  гэта шчырае жаданне прыняць Хрыста ў сваё сэрца і жыццё, а таксама вера і жывы ўдзел у жыцці Касцёла.

— Першая святая Камунія і Першая святая споведзь — важныя падзеі ў жыцці дзіцяці. У чым заключаецца адпаведная падрыхтоўка да гэтых сакрамэнтаў?

— Самае галоўнае ў падрыхтоўцы да Першай святой Камуніі — гэта дапамагчы дзіцяці сустрэцца з Езусам у Эўхарыстыі. Ад гэтага залежыць усё далейшае духоўнае развіццё дзіцяці. Гэта неабходна яму растлумачыць.

—  А ў чым заключаецца экзамен?

— Экзамен мабілізуе здольнасці дзяцей, што можа прывесці да значнага прагрэсу ў духоўнай адукацыі. Ён павінен дапамагчы дзецям атрымаць агульную карціну ўсяго вывучанага на занятках па катэхезе і заахвоціць да глыбейшага пазнавання праўдаў веры.

—  А пра што размаўляеце на сустрэчах для бацькоў?

—  У размовах з бацькамі варта інфармаваць іх пра іх адказнасць за выхаванне веры ў жыцці дзяцей. Час падрыхтоўкі да Першай святой Камуніі — гэта падрыхтоўка не толькі дзяцей, але і ўсёй іх сям’і. Бываюць выпадкі, калі бацькі, далёкія ад Касцёла, ізноў адкрываюць сэнс веры і жывога ўдзелу ў жыцці Касцёла.

Хочацца, каб бацькі зразумелі, што гэта толькі пачатак.

Першая святая Камунія — гэта не апошні пункт дарогі да Бога. Дзіця і далей патрабуе ўмацавання ў веры, яе развіцця.

Таму яму важна бачыць прыклад веры бацькоў, якія ўдзельнічаюць ў святой Імшы, разам маліцца і чытаць Святое Пісанне. Першая святая Камунія дзіцяці павінна стаць магчымасцю для бацькоў аднавіць сваё асабістае сяброўства з Эўхарыстычным Хрыстом.

—  Як бацькам дапамагчы дзіцяці правільна зразумець сутнасць споведзі і не баяцца перажываць яе?

— Першай Камуніі папярэднічае першая споведзь. Гэта, як правіла, вялікі стрэс для дзіцяці. Паспрабуйце падрыхтавацца да гэтага досведу разам.

Варта быць адкрытым і мець час для дзіцяці не толькі для таго, каб дапамагчы яму ў рахунку сумлення, але і каб пагаварыць, калі яно чагосьці не разумее, стварыць прастору для такіх гутарак.

Першая задача бацькоў — дапамагчы дзецям зразумець адрозненне дабра ад зла. Разам прачытайце рахунак сумлення з малітоўніка вашага дзіцяці і падумайце, якія грахі варта абмеркаваць з ім, што яму растлумачыць, што ён можа не разумець.

Магчыма, вы ўзгадаеце сітуацыі, якія вы жадалі б нагадаць свайму дзіцяці, і растлумачыць, чаму варта ў Бога папрасіць за іх прабачэнне. Споведзь — выдатная магчымасць зрабіць гэта.

Варта памятаць тут дзве рэчы. Па-першае, дзіцяці часам трэба дапамагчы зрабіць рахунак сумлення, а па-другое — абавязак бацькоў быць вельмі далікатным, не навязваючы гэтую дапамогу.

Гэта пытанне даверу. Калі дзіця не жадае гэтага, не трэба ўмешвацца ў яго сумленне. Важна проста стварыць сардэчную атмасферу.

Добра, калі бацькі, збіраючыся ісці да споведзі, папросяць прабачэння ў сваіх дзяцей, гэта будзе цудоўны прыклад для дзіцяці.

Перш чым пайсці да споведзі, нагадайце дзецям, што споведзь — гэта вялікі дар прабачэння, але толькі тады, калі мы сапраўды паспрабуем змяніцца да лепшага, таму што «пакаянне» азначае, перш за ўсё, змену думак, ладу разважанняў, за якім ідзе змена ладу жыцця.

—  Часам падчас падрыхтоўкі свята можна забыцца пра галоўнае. Якія парады вы дадзіце бацькам?

— Дзіця не павінна ўспрымаць святую Камунію як звычайнаю імпрэзу. Бацькі павінны дапамагчы дзецям зразумець, наколькі важная першая сустрэча з Езусам.

Зрабіце ўсё, што ад вас залежыць, каб дзіця свядома і з разуменнем прыняло гэты сакрамэнт. Гэты дзень павінен мець духоўнае вымярэнне, несці супакой і радасць, і гэта можа быць дасягнута нават пры сціплых вонкавых сродках.

Непасрэдная падрыхтоўка да Першай святой Камуніі — гэта агульная малітва ў сям’і.

— Ці варта бацькам рабіць нейкія падарункі дзецям з нагоды прыняцця Першай святой Камуніі? Што гэта можа быць?

— Падарункі добрыя самі па сабе, але ў гэты дзень важна, каб яны не зацянялі сабой асноўных каштоўнасцяў. Асноўнай каштоўнасцю павінна быць Асоба Хрыста, а не рэчы.

Любоў і клопаты, звязаныя з першым удзелам у святой Імшы, могуць быць дасягнуты без грашовых падарункаў. Прыгожа і добра, калі дзіця дае сведчанне свайго клопату пра іншых у гэты дзень, а не збірае выгоды для сябе.

Калі ж рабіць падарункі, лепш выбраць тыя, што нейкім чынам звязаныя са святой Камуніяй і могуць суправаджаць дзіця на працягу ўсяго жыцця. Напрыклад, прыгожа выданая Біблія, ружанец, крыж, які можна павесіць над ложкам, прыгожы абраз.

— Як, на ваш погляд, лепш правесці гэты дзень бацькам з дзецьмі, як адсвяткаваць?

— Арганізаванне свята не можа засланіць духоўныя перажыванні дзіцяці. Алкаголь у гэты дзень з’яўляецца абсалютнай памылкай і разыходзіцца з сэнсам урачыстасці.

Можна абразіць дзіця, калі ў гэты дзень пакінуць яго сабе самому, заняўшыся справамі прыняцця і забавы гасцей і пільнаваннем, каб усё ўдалося.

Але варта пазбягаць і адваротнай сітуацыі. У гэты дзень дзіця не можа быць «прынцам» або «прынцэсай», якім усе служаць. Таму адзенне і знешні выгляд падчас святой Імшы не павінны ствараць уражанне балю.

Памятаем, гэта — хрысціянскае свята, і ў памяці дзіцяці павінна застацца першая сустрэча з Езусам у сакрамэнце Эўхарыстыі, а не заўвагі бацькоў: «Глядзі, не запэцкай касцюм ці сукенку; як ты ідзеш, як сядзіш» і г. д.

Гэта адцягвае ўвагу і не дазваляе сканцэнтравацца на рэлігійных перажываннях. Канешне, вопратка павінна быць адпаведнай, але і сціплай. Таксама і прычоска. Як казаў Уладзімір Караткевіч, дзеці — усмешка Божая, таму няхай яны радуюць нас сваёй натуральнай прыгажосцю.

Абноўлена 04.06.2018 10:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця