Кожны чалавек рухаецца наперад, ідзе ў будучыню. Чалавек, народ, чалавецтва. Ісці наперад — гэта не толькі ісці ў нагу з часам, пакідаючы за сабой учарашні дзень. Ісці наперад — гэта значыць набліжацца да мэты, як пра гэта казаў святы Ян Павел ІІ.
Урачыстасць Унебаўшэсця Пана, якую мы святкавалі 10 мая, — гэта жыццё Касцёла са сваімі цяжкасцямі і трывогамі. Езус не пакідае нас адных. Ён з намі ў Эўхарыстыі, нават калі мы Яго не бачым, як апосталы. Ён ідзе наперадзе нас. Галоўнае — не збочыць з Яго шляху і трымацца мэты.
Дарагая моладзь! Паслухайце адну прыпавесць.
Маладая дзяўчына з цяжкасцю на платнай аснове скончыла ўніверсітэт. Як кажуць, дапамагалі ўсёй грамадою, але пасля першага месяца працы, атрымаўшы заробак, яна крыху засмуцілася.
Грошы невялікія, а столькі ўсяго хочацца набыць — і памаду, і духі. Таму, калі ёй прапанавалі зарабіць больш, не вагалася. Так яна пачала прадаваць на базары. І гандаль ішоў добра...
Аднойчы на базары дзяўчына пачула, як нейкія людзі клічуць на дапамогу: камусьці стала дрэнна. Як і іншыя, яна пабегла паглядзець і пачала ўжо набіраць нумар хуткай дапамогі... І толькі праз імгненне яна зразумела, што сама таксама ўрач. Дзяўчына прыгадала свае ўрачэбныя ўменні і выратавала чалавека.
Пытанне апосталаў: што мы будзем мець, калі пойдзем за Табой? А ці ведаем мы адказ на гэта пытанне? Ён дадзены Хрыстом у Евангеллі, але ці хапае нам цярплівасці, смеласці і часу, каб адкрыць Святое Пісанне і атрымаць адказ Хрыста?..
Тады твой шлях і тваё жыццё набудуць сэнс. Пане, Ты — дарога, праўда і жыццё. Трымай мяне моцна на маім шляху да Цябе. Дазволь мне распазнаць Божую праўду і напоўні маё жыццё Тваёй прысутнасцю.