У 1874 годзе ў Італіі з'явілася арганізацыя «Опера дэі кангрэссі» — рэлігійна-палітычная асацыяцыя, заснаваная, каб аб'яднаць католікаў для сумеснай дзейнасці ў абарону правоў Касцёла, рэлігійных і сацыяльных інтарэсаў італьянцаў.
Арганізацыю ўзначалілі старыя папскія арыстакраты, але апелявалі яны да звычайнага насельніцтва. Яны хацелі супрацьстаяць той дзяржаўнай фармацыі і антыклерыкальнай дзяржаве, якая з'явілася ў выніку аб'яднання Італіі і ліквідацыі Папскай вобласці, выкарыстоўваючы прэсу, свабодныя асацыяцыі і галасаванне на муніцыпальных выбарах.
«Опера дэі кангрэссі» мела вялікую палітычную вагу, бо прытрымлівалася палітыкі няўдзелу ў барацьбе за ўладу. Асацыяцыя заяўляла, што яна за сапраўдную Італію, за народ і супраць буржуазнай меншасці, якая іх прыгнятала. Былі заснаваны моладзевыя клубы, грамадскія работы і рабочыя таварыствы для мужчын.
«Опера дэі кангрэссі» таксама ініцыявала стварэнне сялянскіх банкаў, уключаючы буйны банк Монтэ дзі П'ета, кааператываў і крэдытных установаў для вясковых абшчын.
У апошняй трэці XIX стагоддзя супрацьстаянне паміж католікамі і антыклерыкаламі было неад’емнай рысай Італіі. Маленькія гарады на поўначы Апенінскага паўвострава былі сацыяльна падзелены, там каталіцкія працэсіі разганяліся антыклерыкаламі, шэсцям якіх, у сваю чаргу, перашкаджала каталіцкая моладзь.
Пасля 1890 года «Опера дэі кангрэссі» разгарнула дзейнасць у гарадах. У Вічэнцы з'явіўся прытулак, у Ліворна — грамадская кухня, у П'ячэнцы — служба для беспрацоўных. Асацыяцыя выступала ў якасці патэрналісцкай арганізацыі.
Вялікі ўплыў на «Опера дэі кангрэссі» аказаў выкладчык палітэканоміі ва ўніверсітэце Пізы Джузэпэ Таньёла, які падтрымліваў ідэю грамадства, у якім існуюць карпарацыі без унутранага класавага дзялення: і працадаўца, і рабочы разам аказваюцца ў іх рамках.
Ідэі, падобныя да тых, якіх прытрымлівалася «Опера дэі кангрэссі», агучваліся не толькі сярод італьянскіх католікаў. У Францыі Альберт дэ Мун быў настолькі ўражаны Парыжскай камунай 1871 года, у якой ён абвінавачваў буржуазію, што стварыў рух каталіцкіх рабочых, падобны да «Опера дэі кангрэссі». Ён атрымаў назву «Каталіцкі Саюз».
У Брытаніі ірландскія імігранты былі самымі беднымі. Кардынал Вестмінстэра Генры Эдвард Мэннінг стаў актыўна выступаць за сацыяльную рэформу і дапамог урэгуляваць супярэчнасці, якія сталі прычынай забастоўкі ў Лондане ў 1889 годзе. Сярод докераў было шмат ірландцаў.
У сітуацыі, калі рабочае пытанне ў многіх дзяржавах стала адным з ключавых, папа Леў XIII таксама палічыў неабходным выказацца на гэты конт. Леў XIII разглядаў яго ва ўзаемасувязі са становішчам Каталіцкага Касцёла ў Італіі і магчымым аднаўленнем Папскай дзяржавы.
У 1891 годзе з'явілася энцыкліка «Rerum Novarum», у якой змяшчалася дактрына, якая асуджала сацыялізм і камунізм. Права на ўласнасць у энцыкліцы фігуравала як дадзенае Богам.
Сацыялізм і камунізм пагражалі разбурэннем грамадскага інстытуту сям'і, аснове стабільнага грамадства, падтрымлівалі класавую барацьбу, у той час як праўдзівая дактрына павінна падтрымліваць любоў да бліжняга. У гісторыі сацыяльнай думкі «Rerum Novarum» — гэта памяркоўны дакумент. Энцыкліка пацвярджала неабходнасць дзяржаўнага ўмяшальніцтва для забеспячэння справядлівасці паміж класамі і справядлівай заработнай платы, прызнавала права рабочых ствараць прафсаюзы для абароны сваіх інтарэсаў і развіцця набожнасці.
У дакуменце гаварылася пра годнасць рабочых (як мужчын, так і жанчын), а таксама іх правы і маральныя прынцыпы, якія не дазваляюць разглядаць чалавека як аб'ект ці машыну.
«Rerum Novarum» – энцыкліка, якая крытыкавала стыхійныя забастоўкі, бо яны наносілі шкоду працадаўцу і рабочаму, таму што, якімі б ні былі іх намеры, вынікам заўсёды з'яўлялася насілле. Роля дзяржавы бачылася ў прадухіленні рознагалоссяў, умяшальніцтве ў канфлікт.
Маральны аспект забастовак увайшоў у падручнікі хрысціянскай этыкі. Найбольш важны з іх — «Дагавор аб працы і праве на забастоўку» нямецкага езуіта А. Лемкуля. Аўтар сцвярджаў, што калі капіталісты будуць эксплуатаваць рабочых, то і апошнія пачнуць ставіць празмерныя патрабаванні, што можа выліцца ў класавую вайну.
Па гэтай прычыне забастовак належыць пазбягаць, наколькі гэта магчыма. Яны нясуць шкоду ўсім і супярэчаць закону і маралі амаль ва ўсіх выпадках. Толькі ў сітуацыі, калі рабочым адмаўляюць у справядлівых патрабаваннях, іх забастоўка можа быць апраўдана гэтак жа, як апраўдана самаабарона.
У цэлым, «Rerum Novarum» лічаць самай важнай энцыклікай XIX стагоддзя і першым афіцыйным дакументам Касцёла, цалкам прысвечаным выключна грамадскай праблематыцы. У пачатку XX стагоддзя яна паслужыла адной з асноваў для стварэння каталіцкіх партый.
Выказаныя ў гэтай энцыкліцы засцярогі і прапановы Апостальскай Сталіцы сталі праграмнымі для далейшага сацыяльнага вучэння Касцёла. А драматычныя сацыяльна-палітычныя падзеі ХХ ст. пацвердзілі слушнасць заклікаў Льва ХІІІ.
Грамадскае вучэнне папы Льва XIII увайшло ў сацыяльную гісторыю, а яго прапановы, заключаныя ў «Rerum Novarum», сталі разглядацца прафесарамі розных універсітэтаў у якасці аднаго з варыянтаў вырашэння рабочага пытання і былі ўключаны ў зборнікі дакументаў для вывучэння палітычнай тэорыі.