Перыяд Вялікага посту працягваецца да Вялікага чацвярга. Цэлебрацыяй святой Імшы Вячэры Пана распачынаецца Святы Пасхальны Трыдуум. Якія яго асаблівасці?
Што такое пасхальны Трыдуум?
Назва «Пасхальны Трыдуум» распаўсюдзілася пасля літургічнай рэформы, праведзенай Папам Піем ХІІ, да гэтага часу ён называўся «Святым Трыдуумам» — Triduum Sacrum.
Слова «трыдуум» нельга перакладаць як «тры дні», бо яно азначае не пэўную колькасць гадзін, а паслядоўнасць падзей пасхальнай таямніцы: Апошняя Вячэра, смерць на крыжы, пахаванне і ўваскрасенне.
Пасхальны Трыдуум мукі і ўваскрасення Пана — кульмінацыя літургічнага года. Пасхальны Трыдуум займае галоўнае месца не толькі ў касцёльным і літургічным годзе, але і ў народнай традыцыі.
У гэтыя дні змяняецца і набывае цалкам іншы рытм гаспадарчае жыццё, пра што сведчаць шматлікія абрады і народныя звычаі.
Што такое Вялікі чацвер?
Увечары шматлікія вернікі збіраюцца ў парафіяльным касцёле, каб разам перажываць асноўную падзею дня — Імшу Вячэры Пана, якой і распачынаецца Пасхальны Трыдуум.
Папярэднічае Імшы Вячэры Пана ранішняя Імша Хрызма — знак еднасці біскупа са святарамі мясцовага Касцёла. На гэтай Імшы святары з усёй дыяцэзіі аднаўляюць дадзеныя падчас прэзбітэрскага пасвячэння абяцанні.
Імша Вячэры Пана ў Вялікі чацвер мае асаблівае значэнне — яна з’яўляецца ўспамінам Апошняй Вячэры. Падчас яе можа адбывацца абрад абмыцця ног 12 асобам. Гэты абрад сімвалізуе служэнне і любоў Хрыста, які прыйшоў не дзеля таго, каб Яму служылі, але дзеля таго, каб служыць іншым.
У 2016 годзе адбыліся змены ў абрадзе абмыцця ног. Раней для ўдзелу ў абрадзе выбіралася 12 мужчын. Святы Айцец Францішак ініцыяваў змены, якія закліканы «прадэманстраваць поўны сэнс абраду».
Да гэтага часу рэкамендацыя, змешчаная ў рубрыках Рымскага Імшалa, гучала наступным чынам: «Прыслугоўваючыя праводзяць выбраных мужчын...». Пасля зменаў тэкст гучыць так: «Прыслугоўваючыя праводзяць выбраных з Божага народа…».
У дакуменце тлумачыцца, што цяпер «душпастыры могуць выбраць невялікую групу вернікаў, якая ўяўляе сабой разнастайнасць і адзінства кожнай часткі Божага народа». Прычым гэтая група можа складацца як з мужчын, так і з жанчын, маладых і пажылых, здаровых і хворых, духавенства, манаскіх асобаў, свецкіх.
На гэтай Імшы спяваецца гімн «Хвала на вышынях Богу», які не гучаў на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас спеву гімна б’юць званы, якія пасля яго заканчэння змаўкаюць, пакуль гэты гімн не загучыць ізноў падчас Пасхальнай Вігіліі.
На заканчэнне Імшы Найсвяцейшы Сакрамэнт у працэсіі ўрачыста пераносіцца ў месца адарацыі, якое ў некаторых мясцовасцях мае форму «цямніцы» ў памяць пра арышт Хрыста ў Аліўным садзе і ноч, праведзеную Ім у вязніцы.
З алтара здымаецца абрус, а табэрнакулюм застаецца пустым.
Што такое Вялікая пятніца?
У Вялікую пятніцу для вернікаў прадпісана не толькі ўстрыманне ад мяса, але і пост (сціслы пост), які заключаецца ў абмежаванні колькасці спажыванай ежы.
Пры такім посным абмежаванні дапускаецца адзін раз наесціся дасыта, не забараняецца спажыць невялікую колькасць ежы раніцай і ўвечары. Такі пост абавязвае вернікаў ад 18 да 60 гадоў жыцця. Не з’яўляецца грахом незахаванне посту і ўстрымання ад мяса, калі няма магчымасці ўчыніць гэта па аб’ектыўных прычынах.
У Вялікую пятніцу не цэлебруецца святая Імша.
Акрамя сакрамэнтаў пакаяння і паяднання (споведзі) і намашчэння хворых, у гэты і наступны дзень Касцёл не ўдзяляе ніякіх сакрамэнтаў.
Хрысціянам ў Вялікую пятніцу варта асаблівым чынам разважаць пра муку і смерць Езуса Хрыста, абуджаць у сабе найбольшую любоў да Яго і адчуваць вялікае шкадаванне за тое, што нашыя грахі прынеслі Збаўцy столькі пакутаў.
Алтар на працягу дня застаецца цалкам не пакрыты, без абрусоў, крыжа і падсвечнікаў. У гэты дзень адбываецца спецыяльная целебрацыя Вялікай пятніцы — літургія Мукі Пана. Цэнтральнай часткай літургіі з’яўляецца адарацыя святога Крыжа, на якім здзейснілася збаўленне свету.
Крыж не з’яўляецца выключна знакам цярпення і прыніжэння, але найперш знакам надзеі на канчатковую перамогу Езуса
Хоць у гэты дзень Эўхарыстыя не цэлебруецца, вернікі падчас Літургіі Мукі Пана могуць прыняць святую Камунію. Таксама Цела Хрыста можа быць занесена хворым, якія не могуць прыняць удзел у Літургіі Мукі Пана.
Апошнім літургічным актам гэтага дня з’яўляецца перанясенне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў месца адарацыі, якое часамі мае форму прыгожа аздобленай сімвалічнай грабніцы, дзе Ён будзе адараваны да пачатку Пасхальнай вігіліі.
Ахвяраванні сабраныя падчас адарацыі Крыжа Пана ў Вялікую Пятніцу прызначаюцца на патрэбы святыні Гробу Пана ў Святой Зямлі.
Што такое Вялікая субота?
У Вялікую суботу вернікі прабываюць ля Найсвяцейшага Сакрамэнту, разважаючы пра муку і смерць Збаўцы, а асабліва пра Яго сыход у адхлань. У шчырым посце, які рэкамендаваны, і гарачай малітве вернікі чакаюць Уваскрасення Збаўцы.
Камунія ў гэты дзень удзяляецца толькі ў форме віятыку — г. зн. асобам, якія знаходзяцца ў небяспецы смерці.
Як правіла, у суботу ў парафіях праходзіць благаслаўленне страў на велікодны стол.
У гэты дзень святая Імша не цэлебруецца ажно да вечара — Пасхальнай вігіліі, якая з’яўляецца цэнтрам Святога Пасхальнага Трыдуума. Адзначэнне Пасхальнай Вігіліі — гэта ўжо святкаванне Вялікадня. На гэтую ўрачыстую Святую Імшу трэба ўзяць з сабой свечкі, якія запальваюцца падчас аднаўлення абяцанняў хросту.
У ноч з суботы на нядзелю паводле традыцыі адбываецца чуванне на ўшанаванне Пана.
Што такое Пасхальная вігілія?
Пасхальная вігілія з’яўляецца цэнтрам Святога Пасхальнага Трыдуума. Вельмі развіты і багаты змест літургіі Пасхальнай Вігіліі ўключае ў сябе ўсю гісторыю збаўлення.
Пачынаецца яна з літургіі святла, падчас якой адбываецца благаслаўленне агню і пасхала — вялікай свечкі, што з’яўляецца сімвалам Хрыста і важным элементам літургіі.
Затым спяваецца старадаўні грыгарыянскі спеў «Exsultet», у якім абвяшчаецца радасная вестка пра ўваскрасенне Пана, пасля чаго ў літургіі слова Касцёл разважае пра цуды, ад стварэння свету ўчыненыя Богам дзеля збаўлення чалавецтва.
Трэцяя частка Пасхальнай Вігіліі — гэта літургія хросту, падчас якой асвячаецца вада і адбываецца хрост тых, хто рыхтаваўся прыняць гэты сакрамэнт, а ўсе астатнія вернікі аднаўляюць абяцанні хросту...
Што такое Велікодная нядзеля?
Велікодная нядзеля з'яўляецца трэцім днём Пасхальнага Трыдуума.
У большасці парафій у Беларусі ў гэты дзень раніцай цэлебруецца святая Імша, якой папярэднічае эўхарыстычная працэсія з пасхалам і фігурай уваскрослага Езуса.
Гэта працэсія можа адбывацца адразу пасля Пасхальнай Вігіліі. Працэсія з’яўляецца ўрачыстым абвяшчэннем уваскрэсення Хрыста.