Пошук


Набліжаецца зіма, а значыць ужо хутка, праз месяц, настане святочны перыяд Божага Нараджэння. Як вядома, у Каталіцкім Касцёле гэтаму святу папярэднічае Адвэнт, які называюць часам радаснага чакання. Але што значыць чакаць радасна і ці ў гэты перыяд на католікаў накладваюцца абмежаванні? На гэтыя і іншыя пытанні нашых наведвальнікаў адкажам у чарговым матэрыяле рубрыкі «Лікбез ад Catholic.by».

Дапаможа нам у гэтым кс. Кірыл Бардонаў.

Раней, кажучы пра традыцыю пастоў у Каталіцкім Касцёле, мы высветлілі, што «ў перыяд Адвэнту паводле касцёльных прадпісанняў асаблівага абавязковага посту няма (пар. кан. 1250). Тым не менш, каб духоўна падрыхтавацца да прыйсця Пана, мы можам браць сабе за абавязак пэўныя акты пакаяння — толькі ў такім выпадку яны павінны мець характар асабісты». Цяпер аб усім гэтым падрабязней.

Адвэнт — гэта пост?

Пад часам посту ў «народным» значэнні прынята разумець тое, што ў Касцёле называюць пакаяльнымі днямі або перыядамі. Такімі днямі і перыядамі сумеснага пакаяння з’яўляюцца ўсе пятніцы года і Вялікі пост, але не Адвэнт (пар. Кодэкс кананічнага права, кан. 1249). «… Адвэнт з’яўляецца перыядам пабожнага і радаснага чакання» («Агульныя нормы літургічнага года і календара», 1969г.). У Адвэнце ў літургіі прысутнічаюць некаторыя рысы стрыманасці, якія нахняюць да рэфлексіі і пакаяння: фіялетавы колер, адсутнасць гімна «Хвала на вышынях…» і г.д.

Ці на католікаў падчас Адвэнту накладваюцца пэўныя абежаванні? Ці дадаюцца пэўныя абавязкі?

Падрыхтоўка да ўрачыстасці Божага Нараджэння, а таксама да другога прыйсця Хрыста — гэта наш абавязак, гэта тое, над чым мы канцэнтруемся ў Адвэнце. Прадпісаных абмежаванняў для Паўсюднага Касцёла, якія б былі выключнымі для гэтага перыяду, няма. Аднак, пад уплывам даўнейшых прадпісанняў, візантыйскага абраду і ўласнай пабожнасці, у Беларусі захавалася традыцыя накладаць на сябе абмежаванні ў гэтыя дні. Вернікі робяць пастановы, якія могуць мець характар дабравольна выбранага абмежавання ў нейкай сферы, улічваючы ўласны стан і меркаванне духоўных кіраўнікоў. Не варта абмяжоўвацца толькі мінімумам, які падаюць касцёльныя прадпісанні, але дадаць да яго прыгожую традыцыю нашага рэгіёна і асабістыя добрыя пастановы.

Раскажыце, калі ласка, пра сімвалы Адвэнту, у чым іх сутнасць?

Гэты перыяд года багаты сімваламі, узгадаем некаторыя з іх.

Адвэнтавы вянок, маючы круглую форму, азначае еднасць сям’і: мужа і жонкі, бацькоў і дзяцей, еднасць парафіі і г.д. Чатыры свечкі ў такім вянку — чатыры нядзелі Адвэнту. «Свечка, як сімвал Хрыста, якая звычайна запальваецца перад алтаром кожную нядзелю Адвэнту…» (Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Адвэнт 2012 г.)

Раратняя свечка — свечка, якая запальваецца падчас Імшы ў гонар Дзевы Марыі ў перыяд Адвэнту — раратаў. Такая свечка з’яўляецца сімвалам Марыі, нашай ранішняй зоркі, з якой мы ідзем да Хрыста, сапраўднага святла.

Стаенка — нагадвае абставіны нараджэння Хрыста ў нястачы. Падчас Адвэнту ў стаенцы адсутнічае фігура Дзіцяці Езуса, якая змяшчаецца туды на саму ўрачыстасць Божага Нараджэння.

Ці ёсць асаблівыя прадпісаннні ў ежы?

Прадпісанага адмысловага для гэтага перыяду ўстрымання ад некаторых страў або абмежавання ў колькасці ежы, якая спажываецца, няма. Так, як і на працягу ўсяго года, абавязковым з’яўляецца ўстрыманне ад мяса ў пятніцы для тых, хто дасягнуў 14-ці гадовага ўзросту, калі на пятніцу не прыпадае касцёльная ўрачыстасць. Устрыманне і пост могуць быць выбраны вернікамі дабравольна і часта з’яўляюцца выражэннем вернасці пабожнай традыцыі. Адпаведная касцёльная ўлада можа звольніць ад тых ці іншых прадпісанняў, калі выкананы пэўныя ўмовы.

У вігілію неабходна ўстрымлівацца ад мяса ці гэта толькі традыцыя беларусаў?

Пост — гэта абмежаванне ў колькасці ежы, устрыманне — абмежаванне ў спажыванні пэўнай ежы. Устрыманне ад мяса, а на некаторых тэрыторыях — пост, у пярэдадзень Божага Нараджэння з’яўляцца мясцовым пабожным звычаем. Калі ў нейкім асяроддзі прынята захоўваць пост або ўстрыманне ад мяса, то варта захаваць такі звычай, выражаючы пашану да традыцый продкаў. Лепш пазбягаць таго, каб быць спакусай для тых, хто захоўвае пост і ўстрыманне, ідучы за традыцыяй, або для вернікаў усходніх абрадаў, у якіх такія прадпісанні перад Божым Нараджэннем больш суровыя. Такім чынам мы выканаем словы апостала Паўла: «…калі ежа схіляе майго брата да граху, ніколі не буду спажываць мяса, каб я не прывёў брата да граху» (1 Кар 8, 13).

У якім выпадку ўдзел у вігілійнай Імшы прыроўніваецца да ўдзелу ў Імшы ва ўрачыстасць Божага Нараджэння?

Касцёл у літургіі пачынае святкаваць нядзелю і ўрачыстасці вечарам напярэдадні — т.зв. вігіліі. Таму «прадпісанне ўдзельнічаць у Імшы выконвае той, хто ўдзельнічае ў ёй у любым месцы, дзе яна здзяйсняецца па каталіцкім абрадзе, або ў сам святочны дзень, або вечарам папярэдняга дня» (Кодэкс кананічнага права, кан. 1248 §1). Такім чынам, удзел у святой Імшы вечарам 24 снежня ў любым выпадку роўны ўдзелу ў Імшы 25 снежня.

Ці католік абавязаны ўдзельнічаць у адвэнтовых рэкалекцыях? І ці няўдзел у іх — грэх?

Католік абавязаны быць гатовым да сустрэчы з Хрыстом праз пастаяннае навяртанне. Жыць у граху вельмі небяспечна для душы, таму неабходна выкарыстоўваць усе магчымасці для паяднання з Богам. Рэкалекцыі (духоўныя практыкаванні) — цудоўная магчымасць для споведзі і разважання над сваім жыццём. Гэта неабавязкова, але вельмі карысна. У гэты час у парафіях спавядае больш святароў, прасцей выкарыстаць такую магчымасць і не адкладаць споведзь на апошнія дні перад святам.

Ці можна падчас Адвэнту наведваць канцэрты, калі любімыя выканаўцы, напрыклад, прыязджаюць менавіта ў гэты перыяд?

Такой забароны няма, калі гэтыя мерапрыемствы не супярэчаць хрысціянскаму духу і не парушаюць нашай адвэнтовай падрыхтоўкі.

Ці можна спраўляць дзень нараджэння?

Можна, карыстаючыся здаровым розумам і пабожнасцю.

Ці можна святкаваць вяселле?

Можна, зноў жа карыстаючыся здаровым розумам і пабожнасцю, захоўваючы прадпісанні права і падпарадкоўваючыся душпастырам. 

Ці можна ўдзельнічаць у школьным ранішніку, калі ён праводзіцца да Божага Нараджэння?

Можна, але так, каб гэта не перашкодзіла адвэнтавай падрыхтоўцы.

Ці ёсць розніца паміж Адвэнтам і Вялікім постам у плане абмежаванняў наведвання імпрэзаў?

Вялікі пост, у адрозненні ад Адвэнту, мае выразна пакаяльны характар. Гэты пакаянны дух можа быць лёгка парушаны ўдзелам у забавах. Слёзы за ўчынены грэх несумяшчальныя з гучным святкаваннем. Пра гэта цяжка казаць агульна, шмат што залежыць ад абставінаў і асобы.

Калі (якога чысла) можна ставіць калядную ёлку і ўпрыгожваць дом?

У любы зручны для гэтага час, але так, каб у нядзелі і прадпісаныя ўрачыстасці пазбягаць працаў і заняткаў, якія  перашкодзяць удзелу ў Божым кульце, Божай радасці, духоўнаму і цялеснаму адпачынку (пар. Кодэкс кананічнага права, кан. 1247).

Дзякуем кс. Кірылу за адказы, а вам, шаноўныя наведвальнікі, за пытанні. Спадзяёмся, што цяпер вы зможаце з яшчэ большай карысцю перажыць час Адвэнту. Чаго вам і жадаем.

Святлана Жылевіч

Абноўлена 10.08.2017 16:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа